— А ваша дзе пара? — гучна і, здалося яму, нават злосна, спытала Паліна. — Дзе Маша? Мы вас чакалі з Машай.
— Та-ак, Машы няма? — Шаройка разгублена аглянуўся, нібы Маша была і раптам нечакана правалілася скрозь падлогу. — Э-э, Максім Антонавіч, што-ж гэта вы!
А я думала, што ў вас ужо ўсё аформлена. Завочна, як кажуць. Гэта-ж усё сяло гаварыла, што ты Машу забіраў туды... Ды вось, слава богу, сам прыехаў, — праспявала сваім густым басам Бірыліха.
— Маша — дзяўчына хоць куды. Першая работніца ў калгасе, — задумліва і сур'ёзна сказаў Бірыла.
Максім стаяў і разгублена азіраўся на гасцей.
Ён бачыў, што прысутныя здзіўлены, што Машы няма, і зусім сур'ёзна патрабуюць, каб ён запрасіў яе. Але як гэта зрабіць, калі ён ні разу яшчэ не быў у яе, жывучы другі тыдзень дома. І ў дадатак — гэтая чартоўка Алеся, яе нечаканы наскок...
Ён адчуваў, як яму робіцца горача, а ў душы расце злосць на гэтую фанабэрыстую малпу Паліну. Але раптам ён сустрэў позірк маці і падумаў:
«Яны добра дружаць, за дачку ўжо лічыць... Вось і няхай разаб'е гэты лёд...»
— Мама, ідзі запрасі яе. Ад майго імя. Ну, і само сабой зразумела, ад імя гаспадароў.
Сынклета Лукічна паімкнулася была нешта сказаць, але сумелася і моўчкі накіравалася да дзвярэй, неяк адразу згорбіўшыся, пастарэўшы. Ды ніхто гэтага не заўважыў. Хто іх ведае, якія ў іх адносіны! Відаць, такія ўжо, што і маці можна паслаць запрасіць дзяўчыну. Ды к таму-ж усе добра ведалі пра шчырую дружбу Сынклеты Лукічны з будучай нявесткай.
Сынклета Лукічна вышла з хаты ў густую цемру вуліцы і, аглянуўшыся, нібы баючыся, што нехта падслухае яе, цяжка ўздыхнула. Пругкі марозны вецер ударыў у твар. І можа ад яго, ад ветру, заслязіліся вочы, на момант захлынула дыханне. Яна пастаяла крыху, змахнула слязу і пайшла павольней на аганёк у хаце Кацубаў. Упершыню ішла яна туды з такой неахвотай, з такім цяжарам на душы.
Сынклета Лукічна ведала, што Маша адмовіцца ад запрашэння і больш таго — абавязкова пакрыўдзіцца, абразіцца і, можа нават, на яе: як яна, старая дурніца, адважылася прыйсці з такім запрашэннем? Але-ж не выканаць даручэнне сына адразу-ж пасля яго звароту маці таксама не магла. Што тады падумае пра яе Максім?
Сынклета Лукічна ўздыхнула яшчэ раз.
«Сынок, сынок! Ці-ж ты не разумееш, што так рабіць нельга? Абразіш ты дзяўчыну».
Яна падышла да хаты і заглянула праз акно — ці дома Маша? Хай-бы не было яе дома — было-б лягчэй, не давялося-б ні гаварыць з ёю, ні хлусіць сыну. А ці-ж яна магла яму схлусіць?
Але Маша была дома. Яна хадзіла па хаце, хутаючыся ў цёплую хустку і гаварыла нешта энергічна, узрушана, гучна, бо і праз двайныя шыбы голас яе далятаў на вуліцу. За сталом сядзела Алеся.
Сынклета Лукічна адышла ўбок, каб, барані божа, не пачуць, пра што яны размаўляюць. Ні разу ў жыцці яна не падслухоўвала чужыя размовы.
Яна ўзышла на ганак з разьбянымі слупкамі-калонкамі і з лавачкамі па баках. Прысела і сядзела доўга. Каб яна ведала, што ў гэты момант у хаце гаварылі пра яе сына, яна, пэўна, так і не адважылася-б зайсці.
А ў хаце сапраўды гаварылі пра Максіма. Удзень да Машы прыбегла работніца фермы комсамолка Гаша Лескавец, стрыечная сястра Максіма, са скаргай. Раніцою Шаройка прышоў на ферму і забраў чацвёра гусей і лепшае парася. Сказаў, што ўсё гэта — для частавання героя.
Нізенькая таўстая Гаша качалася па пакоі, як футбольны мяч, і абурана страчыла, нібы з кулямёта:
— Што-ж гэта такое атрымліваецца? Тыдзень без года, як выпіла пастанова, столькі гаварылі аб ёй, столькі гаварылі і ўсё забылі ўжо, усё па-старому. Зноў Шаройка расцягвае калгаснае дабро. Мне не шкада гусей. Гусей многа, іх усёадно плануем прадаваць. Вось і хай заплацяць па рыначнай цане. А парасё? Толькі завялі свінаферму, першы прыплод... Мы гэтых адзінаццаць парасят на руках насілі, як дзяцей. І раптам — на табе! Ды самае лепшае! Самае прыгажэйшае! Героя частаваць! — перакрыўляла яна Шаройку. — Скажы, калі ласка, які герой! Пару медаляў павесіў і герой! Ды лопне ён і герой, калі столькі з'есці! Гаша раптам зразумела, што нагаварыла лішняе, успомніла, кім з'яўляецца для Машы Максім, і кінулася да яе, абняла: — Ты даруй мне, Машанька. Я, дурная, нагаварыла, чаго і не трэба! Але-ж нельга так! Скажы ты ім. Максіму скажы. Хіба яму гэта трэба! Хіба ён такі чалавек? Ды і цётка Сыля супраць гэтага будзе. Скажы, каб ён забараніў гэта рабіць, адмовіўся ад такога вечара. Хай Шаройку будзе сорамна. Мы яго тады яшчэ раз на чыстую ваду выведзем. А так — толькі размовы будуць і для Максіма будзе непрыемна...
Читать дальше