— Праходзьце, Ігнат Андрэевіч, сядайце, — і пачырванела, як дзяўчынка.
Доктар змераў яе праніклівым позіркам. Яна апусціла вочы.
— Вось вы якая... Клаўдзя Іванаўна! А помніце нашу першую размову ў вашай хаце?
— Помню, Ігнат Андрэевіч.
— Вось я і гляджу. Не дарма, відаць, адна жанчына сказала мне, што вы варажбітка...
Клаўдзя рыўком узняла галаву, бліснула вачыма.
— Калбучыха? Прыходзіла, значыцца? І, вядома, нагаварыла на мяне?
— Не. Сказала толькі, што вы жыццё яе сыночку разбіваеце... што вы — бабулька, а ён — дзіця яшчэ зусім...
Клаўдзя бязгучна засмяялася: закалыхаліся пад шаўковай кофтачкай яе прыгожыя поўныя грудзі.
— Так і сказала — дзіця?
— Так і сказала: хлапчанё горкае.
Яна раптам села з другога боку стала, падперла шчаку далоняй і, сумна ўздыхнуўшы, прамовіла:
— Не ўлашчыць мне яе...
Ігнат Андрэевіч хвіліну памаўчаў, разглядаючы вазоны на вокнах і на ўслоне. Потым падняўся, палажыў далоню ёй на плячо.
— Паглядзіце на мяне, Клаўдзя Іванаўна, — і калі яна глянула яму ў вочы, ціха спытаў: — Кахаеш?
Яна адказала гучна, весела, задорна крутнуўшы галавой:
— А хіба-ж вы мяне таксама бабулькай лічыце? Я яшчэ так умею пакахаць!
— А ён?
— Ён? Ён першы сказаў мне...
— Сур'ёзна гэта? Верыш яму?
Яна зноў апусціла галаву, зноў пачырванела і доўга маўчала.
— Я сына яго пад сэрцам нашу... — сказала шэптам і, відаць, сама спалохалася: дагэтуль ніхто, акрамя іх дваіх, не ведаў тайны іх кахання. Ігнат Андрэевіч зразумеў гэта і таксама сумеўся: нахмурыў бровы, кашлянуў у кулак і ўзяў у рукі свой чамаданчык.
— Ну, калі так, то застаецца пажадаць вам шчасця. А Калбучыху як-небудзь улашчым... Прабачце, Клаўдзя Іванаўна, што ўмяшаўся ў ваша жыццё.
— Што вы, Ігнат Андрэевіч!.. Вы прабачце... Я рада, вы мяне проста супакоілі. Пасядзіце яшчэ, калі ласка... я вас бражкай пачастую, з мёдам...
— Не, не...
Яна правяла яго да парога і там ціха сказала:
— А за нас вы не турбуйцеся. Мы сёння ў сельсовет пойдзем. Чакаю вось... яго...
— Ну, у такім выпадку мне — дай бог ногі, а то яшчэ па шыі дастану, — пажартаваў Ладынін.
— Ну, як ён? — спытаў Ладынін, кіўнуўшы на дом Шаройкі, калі яны з Лескаўцом праходзілі міма яго.
— Гусак? — Максім засмяяўся. — Не вылазіць з хаты. Кажуць, хварэе. Сімуліруе, безумоўна. Суда баіцца. Хлопцы яму жыцця не даюць. Бачыце, мусіў раней часу ўнутраныя рамы паставіць, каб не было чуваць. А то які ні пройдзе міма — абавязкова гукне на ўсю вёску «Гусак!» А мне, прызнаюся вам шчыра, ужо прыкра і горка слухаць. Усё-ткі, што ні кажы, а Шаройка быў Шаройка... Лепшы гаспадар у вёсцы, бацька афіцэраў Совецкай Арміі, настаўніц... Проста не ўкладваецца ў галаве: чаму чалавек дайшоў да гэтага?..
Максім павярнуўся да сакратара, чакаючы, што адкажа ён, але Ігнат Андрэевіч толькі неазначальна працягнуў:
— М-да-а...
Пагаварылі — і забылі, заняўшыся другімі, больш важнымі і неадкладнымі, справамі. А спраў розных хапала і ў сакратара партарганізацыі і ў старшыні калгаса.
Напомніла ім зноў пра Шаройку Маша. Яна знайшла іх у канцылярыі праўлення і адразу паведаміла:
— Дрэнна Шаройку, Ігнат Андрэевіч. Гавораць, тры дні з ложка не ўстае. Сёння нейкага фельчара з Украіны прывозілі. Вас ён забараніў клікаць. Але, мабыць, вам трэба зайсці, Ігнат Андрэевіч...
— А па-мойму, няварта, калі не хоча, — запярэчыў Максім. — Ліха яго не возьме! Такі хворы ўсіх нас на сто год перажыве!
— Ты, Максім, дрэнна ўяўляеш, які гэта для яго ўдар.
— Удар моцны, але каб такога дуба паваліць...
— Не, Максім Антонавіч, Маша правільна гаворыць... Як заўсёды! — Ігнат Андрэевіч накінуў на галаву сваю кепачку, схапіў чамаданчык, варухнуў калматымі брывамі.
— Пачакайце мяне хвіліначку.
... Ганна спалохалася, калі ён зайшоў, і не магла прамовіць слова. Ладынін заглянуў у бакоўку і нахмурыўся, Шаройку цяжка было пазнаць: за тыдзень твар яго зарос рудой шчацінай, страшна схуднеў, выцягнуўся, праваліліся вочы. Ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма і, здавалася, не дыхаў. Расплюшчыў ён вочы, калі Ігнат Андрэевіч узяў яго руку, каб паслухаць пульс, пазнаў у поўзмроку Ладыніна і ўздрыгнуў, адхіснуўся. Доўга глядзеў на яго, як на прывід, потым хрыпла спытаў.
— Вы?
— Я. Што гэта вы ўздумалі хварэць? га?
Шаройка маўчаў.
— Падводзіце вы мяне. Я думаў, што вы самы здаровы чалавек у сельсовеце, што вам, як кажуць, зносу не будзе. А вы... Дазвольце, паслухаю маторчык, — ён расшпіліў кашулю, прылажыў экран фанендаскопа да сэрца, доўга слухаў. — Ну-у, нічога страшнага. Я баяўся горшага, глянуўшы на вас... Падняцца можаце?
Читать дальше