— Ты нешта хацела сказаць мне, Насця?
— Хацела, Ігнат Андрэевіч, — яна зрабіла крок да стала, панізіла голас амаль да шэпту: — Ігнат Андрэевіч, калі, можа быць, будуць на ордэн падаваць, вельмі прашу вас — не ўключайце мяне. Не трэба.
У Ладыніна ўзляцелі ўгору кашлатыя бровы.
— Чаму?
— Так. Не заслужыла я. Толькі не гаварыце нікому, што я прасіла. І яшчэ, Ігнат Андрэевіч, даруйце, што я тады так нагаварыла на праўленні на Лазавенку і на Машу. Не падумала я... Да пабачэння, Ігнат Андрэевіч, — і хуценька вышла. Даўно ўжо стары сельскі ўрач, які ведаў усе таямніцы вясковага жыцця і душу селяніна, як сваю ўласную, так не здзіўляўся, ён падхапіўся і, ускудлачыўшы пальцамі свае сівыя валасы, з дакорам падумаў:
«Гэта табе навука, таварыш Ладынін. Век жыві — век вучыся пазнаваць людзей. А ты на лепшую звеннявую рукой махнуў, паверыў, што яна «на славе звіхнулася». Не, не ў славе, відаць, справа... Як я не мог зразумець, што так працаваць, як працавала яна, можа толькі чалавек, які сур'ёзна думае над вынікамі і сэнсам сваёй працы, над жыццём наогул. Аднак чым выклікана такая дзіўная просьба? Вось і паламай цяпер галаву, таварыш сакратар, калі прагледзеў чалавека!..»
Ладынін доўга не мог супакоіцца. Забыўся ён на Насцю і на яе просьбу толькі тады, калі ў амбулаторыю прывезлі цяжка хворага хлапчука з Раднікаў. Хлапчук курчыўся і стагнаў ад болю ў жываце. Ігнат Андрэевіч паставіў дыягназ — апендыцыт, і сам пайшоў да Лазавенкі, папрасіў машыну, каб хутчэй даставіць малога ў раённую больніцу. Машына вазіла бульбу, і Васіль задуменна пачухаў патыліцу.
Ігнат Андрэевіч нахіліўся цераз стол, палажыў сваю руку на яго руку.
— Васіль Мінавіч, нельга, дарагі мой, задумвацца, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Калі баюся я пасылаць на кані — значыцца, выпадак сур'ёзны.
У гэты-ж дзень была да яго яшчэ адна дзіўная просьба, праўда не такая загадкавая, як Насціна.
Старая жанчына зайшла ў амбулаторыю рашуча, з ваяўнічым выразам на расчырванелым, відаць, ад хуткай хады, твары. Ладынін глянуў на яе і зразумеў, што гэтая таксама не хворая, і падумаў, што прышла яна, відаць, са скаргай на якога-небудзь фінагента.
Ігнат Андрэевіч, ветліва запрасіўшы яе сесці, спытаў:
— З Лядцаў?
— З Лядцаў, таварыш Ладынін... Івана Мурашкі маці буду.
Ігнат Андрэевіч паставіў на стол бутэлечку з лекамі, якую разглядаў, павярнуўся да жанчыны, узяўшы ў рукі фанендаскоп.
— Так. Слухаю вас. Дзе баліць?
— Не хворая я, доктар. Сэрца вось толькі баліць. Са скаргай да вас, таварыш Ладынін. Толькі вы можаце дапамагчы, бо ён-жа комуніст, Іван мой. Вас ён павінен паслухацца, нікога больш не слухае — ні маці, ні бацькі... Хоць ты яму кол на галаве пяшы... Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была...
— Пачакайце, — спыніў яе Ладынін. — Аб кім вы гаворыце?
— Ды Клаўдзя Хацкевіч, загадчыца фермы... Гэта-ж падумайце, што робіцца... Хлопец яшчэ дзіця, можна сказаць, толькі з арміі вярнуўся, адзіны сын у бацькоў. Уся надзея была, што жэніцца, добрую маладзіцу ў хату прывядзе... А яна? На шэсць гадоў старэйшая, у яе вунь дачка ўжо ў чацверты клас ходзіць... Хіба яна яму пара?.. Прываражыла, не іначай. Ды яшчэ і выхваляецца... Не пайду, кажа, да гэтай Калбучыхі, гэта мяне так называе... Ён да яе ў прымакі збіраецца, нібы сваёй хаты не мае... Гэта-ж ганьба якая, божачка мой. Страшна падумаць! Дапамажыце, таварыш Ладынін, пагаварыце вы з ім добранька, прыгразіце па партыйнай лініі...
Ігнат Андрэевіч, з натугай стрымліваючы ўсмешку, глыбокадумна гладзіў наканечнікам фанендаскопа брыво. Просьба нават крыху збянтэжыла яго, ён не ведаў, што адказаць, каб супакоіць жанчыну.
— Пагутарыць я пагутару. Але калі яна яго сапраўды прываражыла... Баюся, што не дапаможа тады ніякая размова.
— Ды вы не толькі з ім, вы і з ёй пагаварыце. Пасаромце яе... Як ёй не сорамна жыццё хлопцу разбіваць? Падумала-б яна сваёй дурной галавой: хіба ён ёй пара? У яе дачка хутка нявестай будзе.
— Добра, скажу і ёй, — паабяцаў Ігнат Андрэевіч і, правёўшы жанчыну, засмяяўся, весела паціраючы рукі.
«Дзіўная ты жанчына. З'явілася ты перада мной, як з мінулага стагоддзя, насмяшыла... Пагутару, але не так, як ты хочаш... Даведаюся, ці сур'ёзна гэта ў іх... І калі сур'ёзна — прабач мне, паважаная Калбучыха, ці як там цябе, не выканаю я тваёй просьбы...»
На другі дзень, прышоўшы ў Лядцы, Ладынін зайшоў да Клаўдзі ў хату. Пераступіў парог, прывітаўся і ажно на момант спыніўся, здзіўлены і прыемна ўражаны. У хаце было, як перад вялікім святам, — выбелена, вымыта, кожная рэч ззяла чысцінёй і стаяла на месцы. Гаспадыня таксама нейкая незвычайная, у святочным плацці, убачыўшы яго, замітусілася: схапіла чысты ручнік, выцерла ім да бляску вычышчаную і вымытую табурэтку.
Читать дальше