— Злазьце, Лескавец, я хачу паездзіць, павучыцца.
Максім паслухмяна спусціўся, яны размінуліся на ўсходцах, дакрануўшыся адзін да аднаго. Саскочыўшы на зямлю, ён доўга не мог адвесці вачэй ад прыгожай постаці дзяўчыны ў бэзавай сукенцы на мастку камбайна, які аддаляўся ад яго, плыў паўз сцяну жыта на ўзгорак. Ігнат Андрэевіч употайкі назіраў за ім і ўпершыню ў ім нешта трывожна варухнулася ў сэрцы. Ніколі ён не ўмешваўся ў інтымныя справы сваіх дзяцей, цвёрда ўпэўнены, што, выхаваныя ім дзеці яго ва ўсіх выпадках жыцця будуць паводзіць сябе разумна. Ён не памыліўся ў адносінах сына і таму яшчэ больш спакойны быў за сваю любіміцу-дачку.
Але яе адносіны да Максіма чамусьці ўстрывожылі яго. Ліда была нейкая загадкавая, незразумелая ў гэтых адносінах.
Ладынін з Максімам наблізіліся да месца запраўкі агрэгата. Каля дарогі, пад старой бярозай, стаяў воз з бочкамі, каля яго была напята плашч-палатка, прымацаваная адным канцом да драбін воза, другім — да бярозы і жардзіны, уторкнутай у зямлю.
З-пад палаткі вылез Міхайла Прымак, на выгляд змораны, з пачырванелымі вачыма, але з вясёлымі іскрамі ў іх.
Быў ён у майцы, запылены, блішчэлі адны белыя зубы. Сустрэў іх жартаўлівым выгукам:
— Ліха з два з-за начальства паспіш! Ні спякота на вас не дзейнічае, нічога. Цэлую ноч не спаў і ўсю раніцу на агрэгаце прастаяў, покуль аб'ездзілі. Думаў адхапіць якую сотню хвілін. Дзе там! Поўгадзіны назад Крыловіч прыляцеў... Відаць, добра яму там, у Мінску, накруцілі, што проста з поезда ў брыгады паімчаўся. Чырвоны, злосны... Безумоўна, адразу на мяне... Чаму камбайн працуе не ў «Волі»? А я таксама злосны сёння. А што, па-вашаму, лепш, каб я стаяў? Першыя ў раёне, кажу, вышлі ў поле, гэта цаніць трэба! Схапіліся. Самавольнічаеце, крычыць. Праяўляю ініцыятыву, адказваю. Бачу, узлаваўся ён не на жарт. Я ад абароны ў наступ перайшоў. Кажу, сам Лазавенка прапанаваў перакінуць камбайн у «Партызан», бо ў яго паспела толькі па Расцярэбах. Чалавек, кажу, свядомы, з дзяржаўным розумам, не аб славе сваёй думае, не тое, што іншыя, на ўсё глядзяць толькі са сваёй званіцы. Астыў мой начальнік, мацюкнуўся, махнуў рукой і паехаў. За ім — Чурыла, як заўсёды, ніводнага слова не прамовіў, толькі люлькай надыміў на ўсё поле і цяпер яшчэ смярдзіць тытунём.
Максіму, хоць ён і пагадзіўся ўжо з агульнай думкай, што Лазавенка — найлепшы гаспадар, не спадабаліся апошнія словы. Прапанова аб тым, каб камбайн перакінуць у «Партызан», — яго, Прымака. Дык навошта і тут узвышаць Лазавенку?
Прымак прымасціўся каля воза і скручваў цыгарку. Ладынін назіраў за камбайнам, які спыніўся недалёка ад дарогі і разгружаў бункер. У скрынку бястаркі ліўся залаты струмень зерня.
— Гэты Чурыла толькі адзін раз разгаварыўся, калі я яго пакрытыкаваў на сходзе. Не любіць крытыкі, як Лескавец наш, — адвярнуўшыся, брыгадзір схаваў хітрую ўсмешку.
Максім не стрываў, нязлосна, але смачна вылаяўся:
— Пайшоў ты... Крытык!.. Крытыкуй сваіх трактарыстаў.
— Я і да цябе дабяруся. Калі ты казаў, што гаручае будзе? — Прымак дастаў з кішэні гадзіннік, паказаў Максіму. — Калі ласка. Няхай стане агрэгат з-за гаручага, — я з цябе ўсе струны выцягну...
— Будзе табе гаручае, — Максім падышоў і крануў на возе бочку, яна была пустая.
— Праверыў? — усміхнуўся Прымак.
— Зараз прывязуць, — Максім паглядзеў на дарогу і заспяшаўся.
— Ну, лезь, Міша, дасыпай сваіх сто хвілін. Работка ў цябе — не бі ляжачага.
Ідучы назад, затрымаліся каля вязальшчыц. Адна дзяўчына працавала без хусткі, з непакрытай галавой, і Ігнат Андрэевіч пачаў расказваць аб небяспецы сонечнага ўдару. Вязальшчыцы спынілі работу і ўважліва слухалі. Максім нецярпліва азіраўся, шукаў прычыны, каб перапыніць гутарку. І калі, нарэшце, яны пайшлі далей, сказаў не без іроніі:
— Мы не кабінетныя інтэлігенты. Мы з маленства прывыклі на сонцы пячыся, і я, колькі жыву, не помню сонечнага ўдару.
Ігнат Андрэевіч абурыўся:
— Глупства гародзіш! «Мы не інтэлігенты». А я па-твойму кабінетны інтэлігент? Ці толькі з Марса зваліўся? Дазволь мне думаць, што такія рэчы я ведаю лепей за цябе. За дваццаць пяць гадоў работы я пераканаўся, што гэта такое — папрацаваць дзень на такім вось сонцапёку з адкрытай галавой, ды яшчэ нагнуўшыся. Заўтра гэтая дзяўчынка страціла-б напалову працаздольнасць, або зусім не вышла-б на працу, пакутвала-б ад галаўнога болю. Аб здароўі чалавека трэба думаць не тады, калі ён хварэе. І нам з табой, комуністам, асабліва недаравальна забываць сталінскія словы аб людзях. Я даўно рыхтую сур'ёзную размову на партсходзе аб санітарных умовах працы нашых людзей. І, прабач, тут ужо дастанецца і табе, і Лазавенку, і Гольдзіну. Нельга так... Нельга забывацца пра чалавека ні на адну хвіліну. Бо які сэнс тады ўсёй нашай працы?
Читать дальше