Дык ці не трапіў ён у правакацыйны атрад? Але Ганніны і Міколкавы адносіны да атрада аспрэчвалі такую сумную здагадку. Хоць... Хто так спаласаваў попу хлопчыку? Не гэты акуратна паголены, з ціхім голасам камандзір, які так дасканала валодае фашысцкімі прыёмамі допыту — так б'е ў жыццёвыя вузлы, што ўміг траціш прытомнасць? Ён, фельчар, колькі вучыў анатомію, хваробы, нідзе не вычытаў, не пачуў ад выкладчыкаў, не бачыў у кіно такіх удараў і быў упэўнены, што ў Савецкім Саюзе прыёмам такім вучаць хіба, можа, пагранічнікаў, больш нікога, бо нікому яны не патрэбныя. У нас гуманныя следчыя органы, гуманная армія — усё гуманнае.
Аднак калі яго пераводзілі ў дамок, сустрэлася група партызан, з цікавасцю агледзелі, сказалі ўслед:
— Шпіён. У лагер з мінамі прабраўся. Да склада лез.
Так маглі сказаць толькі сапраўдныя партызаны. І яму хацелася закрычаць ім: «Таварышы дарагія! Ніякі я не шпіён! І ніякіх мін у мяне не было! Адзін пісталет». Але крыкнуць не мог — кожны крок аддаваўся ў жываце пакутлівым болем.
Пасля чуў галасы партызан, седзячы ў доме. Нехта мацюкнуў Гітлера, шчыра, пакручаста. Нехта насвістваў «Кацюшу». Успаміналі ўчарашні рэйд — як ганялі паліцаяў.
Не, вельмі падобна, што размовы гэтыя падладжаны спецыяльна для яго; у фальшывым спектаклі прабіўся б і фальшывы голас. Не, атрад сапраўдны, толькі хіба навучаны горкім вопытам — падкідвалі ім шпіёнаў. Гэта зусім натуральна. А калі ён сярод сваіх, то трэба ўсё стрываць, любыя пакуты, але даказаць, хто ён у сапраўднасці. Свае не могуць не паверыць у яго шчырасць, калі ў яго паказаннях не прагучыць і крупінка няпраўды. Праўда праб'ецца!
І Шабовіч акрыяў духам.
Але калі зноў прыйшоў следчы, яго пачало ванітаваць. Слабасць зневажала. А Золатава парадавала такая рэакцыя на яго з'яўленне. Знаёмая рэакцыя, з яе часта пачыналіся патрэбныя паказанні, пачыналася падзенне.
Золатаў перасадзіў падследчага з канапы за трохногі стол, на якім нядаўна стаяла рацыя, паклаў перад ім пакамечаны вучнёўскі сшытак і агрызак карандаша, а сам хадзіў вакол, доўга не задаючы ніякіх пытанняў. Хадзіў, насвістваў мелодыю песні «Броня крепка, и танки наши быстры...».
А Шабовіч чакаў чарговага ўдару, стараўся адгадаць, куды, у якое месца ён будзе нанесены, і пакутаваў, што перажывае жывёльны страх, ніколі такога не перажываў, напружваўся ўвесь, уціскаў галаву.
— Якую школу канчаў?
— Савецкую.
— Слухай... якое табе прозвішча там далі? Шабовіч? Будзеш Шабовіч пакуль... Але давай дамовімся: не будзем прыкідвацца дурнямі, ні ты, ні я. Мы з табой сур'ёзныя людзі. Ты сур'ёзны разведчык, я сур'ёзны контрразведчык. Ты добра знаеш, пра якую школу пытаю. Гульня павінна ісці на роўных.
— Кончыў яшчэ Аршанскі медтэхнікум. Можна праверыць. Недалёка.
— Ты здольны яшчэ здзекавацца з мяне? Недалё-ё-ка! Тваім начальнікам недалёка. Мне пакуль што далёка. Трапіў бы ты мне да вайны — праверыў бы я не толькі Оршу. Добра, дапусцім, я веру, што ты фельчар Шабовіч. Чаму ж ты не ў Чырвонай Арміі? А?
— Мы эвакуіравалі хворых. Адаслалі эшалон, а самі не паспелі. Хто ведаў, што немцы так хутка будуць у Мінску.
— Тысячы людзей пехатой пайшлі. Я да Магілёва ішоў. А ты, значыцца, не паспеў. Дык калі цябе завербавалі? Магу паверыць, што не да вайны. У якую школу накіравалі? У Варшаўскую? У Барысаўскую?
— Клянуся вам: я падпольшчык. Не верыце — звяжыцеся з атрадам Дзядзюлі. Ён ведае Аксану... я ж казаў... Яна хадзіла туды. Адтуль мы з'ездзім па Аксану.
— Адтуль? Вунь як! Не, мы з'ездзім адгэтуль... Адгэтуль! Вось карандаш... напішы. Сачыненне на вольную тэму. Не трэба расказаў, хто куды ішоў, у каго страляў — гэта мы запомнілі. Прозвішчы падпольшчыкаў, адрасы. Назвы вёсак. Дзе Аксана твая засталася. Адкуль дзед з канём... Усек?
Не падумаў Золата ў, што зноў насцярожыў арыштаванага, які было трохі расслабіўся,— патрабаваннем адрасоў падпольшчыкаў, якіх ён назваў. Навошта яму адрасы? Безумоўна, усе яго сябры, хто застаўся на волі, памянялі свае кватэры за гэтыя дні, але ўсё роўна ён не мае права называць старыя адрасы; гэта першы запавет іх клятвы.
— Я хачу пагаварыць з камісарам.
— А па шыі ты яшчэ не хочаш?
Шабовіч прыгнуўся.
— Я тут камісар. Над усімі камісарамі камісар.
«Аднак арэшак. Нічога, раскусвалі не такія. Трашчалі, толькі шкарлупкі ляцелі».
Прыгадаў выпадак чатырохгадовай даўнасці. Доўга біўся з адным пісьменнікам. Упарты быў, усё адмаўляў, усе абвінавачванні. А даў яму паперу: пішы. Напісаў. Сачыніў, што збіраліся яны на кватэры Пятра Глебкі і дамаўляліся, як забіць Варашылава, калі той прыедзе на манеўры. Яўна спадзяваўся, што начальства следчага, яго, Золатава начальства, палічыць гэта абсурдам і зверне ўвагу на метады следства. Наіўны чалавек! Сам падпісаў сабе смяротны прыгавор. За нацдэмаўскую дзейнасць мог бы атрымаць тэрмін, за тэрарыстычную — мера адна, вышэйшая.
Читать дальше