Паглядзім, што гэты напіша. Некаторыя на паперы, застаўшыся адзін на адзін, раскрываюцца глыбей, чым на любым допыце. Трэба толькі ўмець чытаць такія паказанні, нават калі ў іх абсалютная лухта ці такое: «Пайшоў ты, яжоўскі пёс!..» Было і такое. Няхай нешта падобнае прачытае Ман, можа, прасвятлеюць яго мазгі. «Народнічак! Паліцэйскіх шкадаваў. За паліцэйскіх у цябе спытаюць, Аляксей Іванавіч. Пасля. А будзеш перашкаджаць мне выбіваць ісціну з гэтага правакатара — радыёстанцыя ў маіх руках».
Золатава абурыла папярэджанне Мана, каб да падпольшчыка — ніякіх фізічных уздзеянняў. Аляксею Іванавічу сказала Баслычыха, што хлопец звяў, і выказала сваё меркаванне: «Ён б'е яго».
У Золатава свярбела рука, калі ён хадзіў вакол падследнага, колькі разоў прымяраў новы ўдар. Але стрымаўся, мусіў лічыцца з загадам камандзіра.
У Мана быў свой план высвятлення асобы падпольшчыка. Атрымаўшы падтрымку камісара, ён за вячэрай выказаў гэты план у звыклай манеры — пра важныя справы паведамляць як бы між іншым.
— Заўтра павязём падпольшчыка да Цімоха. Ён мае сувязь з Мінскам. Хлопец кажа, што жонка яго — сувязная атрада. Дзядзюлі прасцей устанавіць, хто ён.
Золатаў што з ланцуга сарваўся. Падскочыў, пасінеў ажно, закрычаў, чаго не дазваляў сабе раней:
— Ты што — не давяраеш мне? Вопытнаму чэкісту? Я даўно заўважаю! — і сурова пагразіў пальцам.— Распусцілі соплі. Хутка цалавацца з немцамі будзеце. Партызаны, такую вашу!.. Думаеце, на вас няма савецкай улады? Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?
Хто-хто, а Ман так не думаў, добра ведаў магутнасць і ўсюдыіснасць органаў. Больш таго, не вельмі верыў Золатаву, што група яго выкінута з мэтай пранікнення ў Мінск, лічыў, што ў НКУС — глабальная задача: ва ўсе атрады заслаць сваіх людзей. Інакш работы органаў бяспекі ў ваенны час не ўяўляў.
Таму Аляксей Іванавіч не ўжыў сваю камандзірскую ўладу і не асадзіў асабіста.
У сварку з ім палез Ігар:
— Што вы нас палохаеце? Брыдка слухаць!
— Можа, табе брыдка ад маёй прысутнасці? Атаманчыкамі хочаце быць? Махноўцамі?
— Якраз у вас махноўскія замашкі — ні з кім не лічыцца. Усім камандаваць хочаце. Забываецеся, што партызаны не армія — народны рух.
— Даеш анархію, значыцца? Раскрываешся, камісар! Хоць куды больш! Я даўно раскусіў цябе, малакасоса, што няспелы арэх. Гаўнюк ты, а не камісар! Размазня! Падпявала!
— Таварышы, таварышы, ну з-за чаго вы завяліся? — прасіў міратворца Брагінскі.— Байцы пачуюць — сорамна будзе.
Ман памаўчаў, паназіраў за начальнікам асобага аддзела, як карак у таго наліваўся сінюшнай чырванню. Адчуў, што і ў яго звініць у вушах. Спалохаўся злосці сваёй, бо ведаў, што ў такім стане нястрыманыя людзі хапаюцца за пісталеты. Страшным здалося гэтае жаданне — падняць зброю на свайго. Урэшце, чорт з ім, які ён чалавек, важна, што ён свой, калі ў гэтым няма сумнення, то даваць волю гневу нельга, бо яна можа перарасці ў нянавісць. А ненавідзець ёсць каго — акупантаў, здраднікаў.
Ман спакойна спыніў сварку.
— Не гарачыся, Ігарок. Ды і вы, Якаў Міхайлавіч... З-за чаго сыр-бор? Паедзем самі. З табой, Ігар. Параімся з Цімохам. У яго светлая галава. Калі ён ведае гэтага хлопца, калі праўда Аксана яго сувязная,— сам прыедзе па іх. Сваіх людзей не пакіне.
— Каровам хвасты ўмее круціць ваш Дзядзюля, а не разведку весці, тым больш контрразведку. Прымітыў сялянскі!
Ігар зноў кінуўся ў бой — у абарону праслаўленага камандзіра. Але Ман суняў яго з бацькоўскай строгасцю:
— Май павагу да старэйшых! Не навучыла цябе камсамольская школа!
Золатаў верыў толькі аднаму чалавеку — свайму намесніку па спецгрупе лейтэнанту Іванову, з якім разам працаваў некалькі гадоў. Ператварыў яго ў свайго целаахоўніка, нікуды не адпускаў, не даваў небяспечных заданняў, а самае небяспечнае з іх — паход у Мінск. Трое не вярнуліся. Заставаўся адзін, каго ён мог паслаць,— малаадукаваны і мала навучаны міліцыянер Стралінскі, вучыў яго, але не верыў, што ён здольны выканаць такое адказнае заданне — прынесці дадзеныя аб становішчы ў горадзе. А ў апошняй радыёграме Цэнтр зноў напамінаў, што звестак такіх ад сваёй групы чакае сам Цанава. Зноў прасіў людзей для Мінска ў Мана, але той і слухаць не захацеў: на верную смерць ён людзей не пасылае.
Пойдзе Стралінскі і... не вернецца, як не вярнуліся тыя трое. І застанецца ён з двума — з Івановым і радыстам Башлыковым. Але радыст прыгодны толькі для сваёй справы: студэнцік, мамчын сынок. Такі не заслоніць, не кінецца выручаць свайго камандзіра. Надзея на Іванова. Але ж і ўсе асобыя заданні можна ўскласці на аднаго Іванова. І Золатаў у той жа вечар даў свайму намесніку такое заданне: раніцою злавіць дзе-небудзь ля бліжэйшай вёскі пацана, падростка гадоў чатырнаццаці.
Читать дальше