Пад «радыёрубку» Золатаў прымусіў спецыяльна зрубіць хаціну накшталт лазні, бо пад зямлёй не той эфект работы рацыі, ды і сыра ў зямлянцы для такой тонкай і дарагой апаратуры. У доміку гэтым было адзінае акенца, закратаванае, дубовыя дзверы, цагляная печка, і начаваў там радыст, хоць на гэты аб'ект і склад боепрыпасаў ставіўся асобны вартавы — акрамя тых, што ахоўвалі лагер.
— Ну, што — падумаў?
— А што мне думаць? Я расказаў усю праўду.
— Усю ці не ўсю — гэта мы пабачым. Пачнём з таго, як арыштавала вас гестапа,— Золатаў знарок назваў орган, якога не існавала ў Мінску, каб выклікаць арыштаванага на спрэчку — няхай да канца выявіць сваю дасведчанасць у структуры фашысцкіх органаў. Але цяпер Шабовічу было ўсё роўна — гестапа ці СД, якая розніца, яшчэ там, у камандзірскай зямлянцы, ён прыйшоў да думкі, што лепш не ўнікаць у дэталі, не паказваць сваю дасведчанасць, лепш прыкідвацца прастачком.
— Давай характарыстыкі «карцёжнікаў».
Але змораны, галодны Шабовіч расказваў нехаця, «жаваў», прапускаў шмат што з таго, што расказваў у першы раз, ды і прастаком пачаў прыкідвацца. Не пачуўшы эпізодаў, характарыстык, якія запомніліся, Золатаў радаваўся сваёй інтуіцыі: усе адбываецца гэтак жа, як многа разоў у яго багатай практыцы — падследны пачынае выкручвацца і канчаткова заблытваецца. І хоць у адказ на яго пытанні падпольшчык дакладна аднаўляў прапушчанае, гэта ніколькі не ўплывала на пераконанні следчага. Па сутнасці, уся ўвага Золатава і была занята тым, што ён вылаўліваў разыходжанні ў першых паказаннях і цяперашніх, ад пытанняў амаль адмовіўся, разважыўшы, што чым больш арыштаваны наблытае, тым лягчэй яму будзе пераканаць суддзяў — Мана, камісара і нават Брагінскага. Добра працавалася, калі не трэба было пераконваць начальства, наадварот, яно папракала яго за лішнюю гуманнасць. Залаты час быў! Цяпер ён рабіў адно: спыняў падследчага, хоць той і без таго гаварыў, што гуму цягнуў,— каб запісаць яго паказанні, асабліва дакладна загасаць разыходжанні з тым, што чулі «Лапухі». Ён прымусіць яго падпісаць пратакол допыту — няхай пачытаюць.
Кухарка прынесла абед затрыманаму — камандзір загадаў.
Раней Матрона адносілася з павагай да Золатава—маёр! вышэй за капітана. Але пасля гісторыі з венграм страціла гэтую павагу. Вельмі ж нядобра начальнік дапытваў яе — усіх сваякоў да трэцяга калена перабраў. Цяпер жанчына знарок, падкрэслена, прыкідваючыся прастачкай, казала яму ты. Золатава гэта злавала, ніхто не адважваўся казаць яму ты, сам Ман — на вы.
— На, накармі чалавека! А то будзеш пра ўнукаў дапытвацца.
— Ты лічыш яго чалавекам?
— А хто ж я? — наіўна здзівіўся Шабовіч.
— Фашыст.
І знясілены хлопец не стрымаўся:
— Сам ты фашыст!
Але калі пайшла Баслычыха, пасміхнуўшыся з такой сутычкі, Золатаў пахадзіў па зямлянцы, не перадаўшы вязню кацялок з кашай, пасвістаў задумліва, спыніўся над ахвярай сваёй, зноў уважліва разгледзеў яго белую макушку ў развале рыжых валасоў.
— Дык хто я?
— Прабачце, я не хацеў. Нервы. Але ж я не фашыст. Няўжо цяжка паверыць? Я разумею, што праверыць немагчыма. Але я дакажу...
— А як жа — дакажаш!
Золатаў падняў руку над яго галавой і... раптам напрактыкаваным ударам, рабром далоні, як тапаром, секануў па шыі, напятай ад схіленай галавы.
Шабовіч зваліўся з калодкі, на якой сядзеў, што падкошаны, страціў прытомнасць.
Золатаў наском бота паварушыў яго цела. Пастаяў над ім мінут пяць. Нарэшце хлопец расплюшчыў памутнелыя вочы.
— Што ж гэта ты такі слабак? Ад слоў падаеш. Школу якую кончыў?
Шабовіч не адказваў.
— Паднімайся. Абедай. У нас людзі добрыя. Бачыш, як пашкадавала цябе кухарка. Набірайся сіл. І думай. Думай!
Пры другім прыходзе Золатава падпольшчык адмовіўся гаварыць.
— Я буду адказваць толькі ў прысутнасці ўсіх камандзіраў.
— Бач, сволач, унюхаў слабіну! Не, будзеш ты ў мяне гаварыць, калі мне трэба,— і даў кулаком пад дыхавіцу так, што Шабовіч зноў страціў прытомнасць.
Ачуняў — звінела ў галаве, балеў жывот.
Іншы чалавек — змрочны асілак з расплюшчаным, як у баксёра носам перавёў яго з зямлянкі ў прыгожую, утульную хаціну. Там прыемна пахла смалой і цёплай печкай. Застаўшыся адзін, Шабовіч пакутліва асэнсоўваў сітуацыю, у якую трапіў. У зямлянцы прыгадаў расказы пра тое, што немцы ствараюць правакацыйныя атрады з паліцэйскіх, якія тэрарызуюць насельніцтва, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух, запалохаць людзей: хто пажадаў бы ўступаць у такія атрады? Праўда, Станулін аспрэчваў такія легенды. Але ці мог інжынер ведаць тайныя планы фашысцкага камандавання? Не бывае дыму без агня. Калі хадзілі чуткі, значыцца, і атрады такія маглі быць.
Читать дальше