А Золатаў імкліва падняўся, паправіў папругу, падцягнуўся, па-новаму — на насочках — прайшоўся па зямлянцы. Спыніўся над Шабовічам, агледзеў яго галаву, пабялелую макушку, што прасвечвала праз рыжыя валасы.
— Ну, а цяпер пракруцім яшчэ раз.
— Што пракруцім?
— Расказ ваш цікавы, грамадзянін падпольшчык.
Ігар засмяяўся і замаліўся:
— Якаў Міхайлавіч! Пашкадуйце. Не снедалі. Кішкі марш іграюць.
Шабовіч на зварот «грамадзянін» не звярнуў увагі, А Ман ад яго сцяўся. Ён адзін ведаў, што значыцца «пракруціць»: не даць падследчаму апомніцца, адумацца, адпачыць і вымусіць яго ўсё паўтарыць, а паўтарыць дакладна немагчыма, абавязкова штосьці забудзеш, пераставіш месцамі даты, імёны, і на гэтым цябе ловяць. І Ман таксама запярэчыў з камандзірскай рашучасцю:
— Хопіць! Давайце снедаць. Атрад абедае. Нікуды падпольшчык не дзенецца,— і да Шабовіча: — А ты падумай. А то ты, брат, «даваў пеўня». Ведаеш, як спевакі «даюць пеўня»? Ці як кукарэкае маладзенькі певень. Узляціць на плот, тужыцца...
Золатаў перапыніў яго, незадаволена крэкнуўшы. Але супраць снедання не запярэчыў.
Толькі ў гэты міг да Шабовіча дайшло, хто камандзір атрада, і ён адчуў душэўную палёгку.
Паклікалі дзяжурнага.
— Пасадзі «госця» ў зямлянку падрыўнікоў, толькі паглядзі: на мінах яны не спяць па-ранейшаму? — загадаў Ман.
— Ды пра венгра не забывай,— строга папярэдзіў Золатаў.
— За венгра я не адказваю.
Камандзіры засталіся адны.
Золатаў стаяў пасярод зямлянкі ў позе пераможцы.
— Ну, што скажаце?
Ігар паціснуў плячамі.
— Здаецца, хлопец наш. Але мае ўражанне: нямала сачыняў. Навошта? Не ўсе канцы звязаў.
— Ёсць алагічнасці,— задумліва заўважыў Ман, не сказаўшы, аднак, пра галоўную няпраўду ў расказе падпольшчыка — пра вёску, дзе засталася яго сяброўка.
— А я веру яму,— рашуча выказаўся Брагінскі.— Лагічна ўсё толькі ў пратаколах следчых ды ў раманах.
Золатава абурылі словы капітана, якога ён апякаў па-бацькоўску.
«Што ты знаеш аб пратаколах, сапляк?»
А начальнік штаба даводзіў сваё:
— А ў жыцці ўсё алагічна. Каб я расказаў, як людзі перадавалі мяне адзін аднаму — палысеў бы любы асабіст, ламаючы галаву — дзе праўда, а дзе хлусня, сачынёнасць.
— Наіўны ты чалавек, Навум,— пасміхнуўся Золатаў.
— Расказваў Дзядзюля... з'явіўся ў іх вось такі хлапчына... з Маладзечна. Столькі нагаварыў пра свае ўчынкі... Герой! Хоць тут жа вешай яму Залатую Зорку. Праверылі — нямала пацвердзілася: былі такія дыверсіі. А потым шэпча ён Дзядзюлю: «Камандзір, зрабі мне такую міну, каб я змог даехаць з ёй да Берліна. Гахну я гэтага гада Гітлера». Тут Цімоху і цюкнула. Лёгка ўстанавілі, што хлопец хворы, увесь горад яго ведаў. Вайна нарадзіла асобыя тыпы псіхічных захворванняў. Некаторыя з гэтых няшчасных добраахвотна ідуць на смерць. Адны — каб праславіцца, другія — не разумеючы небяспекі, трэція...
Золатаў выслухаў камандзіра са скептычнай усмешкай: загадкавы чалавек Ман — усяму шукае апраўданне, нават паліцэйскім, учора некаторых вывеў з-пад куль, пашкадаваў. Паўтарыў не аднаму Брагінскаму — усім!
— Наіўныя вы людзі. Шчасце ваша, што сярод вас вопытны чэкіст, а то ачмурыў бы вас гэты «казачнік». Няўжо не бачыце, што гэта за птушка! М-да, не кожны на гэта здольны. Тут трэба нюх мець. Нюх! Падрыхтаваны ён грунтоўна. Не дурні рыхтавалі. Вы дрэнна ведаеце прыёмы фашысцкай разведкі.
Наіўны малады камісар гатовы быў паверыць, што сапраўды вопытны чэкіст мае асаблівы нюх. Але Ман ведаў гэты «нюх», выпрабаваў на ўласнай шкуры, і, каб не ўзарвацца ад нахабнай самаўпэўненасці асабіста, сцяўся і старанна сёрбаў з драўлянай міскі халодны суп; цыбуляй ад супу ўжо не пахла — пахла бярозай; усяму атраду ён выразаў асінавыя лыжкі і міскі, сабе — бярозавую, не любіў горкага паху асіны, бяроза пахне хлебам.
— На ноч пасадзім яго ў «радыёрубку», рацыю перанясём сюды,— сказаў Золатаў, здзівіўшы і Мана, і Кіпеня, і Брагінскага. На якія ахвяры ідзе камандзір спецатрада! Над рацыяй ён дрыжэў, як над самай каштоўнай уласнасцю. Рацыя, разумеў, бадай, адзін Ман, была для Золатава той усёмагутнай зброяй, на якой трымаецца не толькі яго аўтарытэт начальніка асобага аддзела, але і яго ўлада над камандзірам, над камісарам. Свае радыёграмы ён не паказвае. Тыя, што датычацца дзейнасці атрада, адрасаваныя ў партызанскі штаб, яны сачыняюць калектыўна, але невядома, наколькі дакладна яны шыфруюцца, робяць гэта двое — ён, Золатаў, і радыст, і ніхто іх не можа пракантраляваць. Рэдка знаёміць Золатаў іх і з адказамі Цэнтра, яго, Золатаўскага, наркаматаўскага. Для іх прызначаюцца радыёграмы штаба, шыфры якіх перадаў Дзядзюля. Апошняя такая радыёграма «Усім атрадам Мінскай зоны» — аб Мінскім падполлі. Яго, Мана, яна занепакоіла паспешлівай абагуленасцю, а Золатава ўзрадавала, ён гаварыў пра яе так, быццам ведае пра падполле ўсё. А што ён ведае? Роўна нічога. Паслухаў разважанні Дзядзюлі, яго здагадкі, сумненні.
Читать дальше