Сяргей прыняў такую гульню, зварот такі яго не крыўдзіў, урэшце, і сам ён дазволіў сабе такі жарт з сапраўдным палкоўнікам Пастушэнкам, спалохаўшы гэтым старога. Ва ўсялякім разе, яго радавала, што Міра за дні сваёй хваробы ні разу не ўзлавалася ка яго апалітычнасць і ні разу, як раней, не кінула: «пан паручнік», вось гэта яго якраз крыўдзіла. Няхай ужо лепш будзе «таварыш палкоўнік». Таксама горкая іронія, але па іншай прычыне: ад палка мала што засталося.
Сяргей адказаў проста, на дзіва па-бытавому, па-хатняму, як некалі казала маме кухарка:
— Па малако.
У Міры расшырыліся і без таго вялікія чорныя вочы, а пачырванелы ад жару твар яшчэ мацней запалаў. Здаецца, ёй хацелася засмяяцца, але смех перапыніў натужлівы кашаль. Кашаль быў сухі. Аднак Сяргей чамусь падаў ёй ручнік. Яна выцерла патрэсканыя вусны і ўсё ж пажартавала:
— Куды? Калі ты лічыш, што раўчак за вадакачкай малочны, дык не забывайся, што ён замерз. Разам з гладышкай вазьмі сякеру, каб прарубіць палонку.
— Я пайду ў сяло.
— Ты ашалеў! Камандзір палка, як баба, будзе хадзіць з гладышкай і клянчыць конаўку малака. Не смей! Не трэба мне малако!
Гэта Міра сказала сур'ёзна, загадна. І гэта было новае. Раней яна часам здзекавалася з яго афіцэрскага гонару. А тут раптам упершыню спалохалася за яго камандзірскі аўтарытэт. Такі паварот крануў яго. Ён апусціўся перад ложкам на калені і пацалаваў яе гарачую руку. З самага пачатку іх збліжэння Міру бянтэжыла, калі ён цалаваў руку. Аднойчы нават сказала:
«Ніяк з цябе не выветрацца панскія прывычкі».
Цяпер яна таксама збянтэжылася, але неяк зусім інакш — быццам узрадавалася, ад радасці засаромелася і па-дзіцячаму заплюшчыла вочы.
Ён паглядзеў на яе цудоўнае, як у «Святой Цэцыліі» Карла Дольчы, аблічча і падумаў, што, акрамя хіба маці, у яго няма болей роднага, болей блізкага чалавека, як гэтая дзяўчына, пра існаванне якой ён нават не ведаў усяго паўтара месяца назад.
— Не бойся. Я нешта прыдумаю, каб не ўраніць свой гонар. Магу паслаць салдата...
Яна імкліва расплюшчыла вочы, ад узмаху веек яе не шугануў вецярок.
— Не бойся. Я не буду загадваць. Я папрашу. Я навучыўся прасіць. А людзі добрыя.
Так, можна папрасіць салдата. Але ён усё ж, як і Міра, трохі баяўся, што гэта недэмакратычна, што ён як бы хітрасцю ператварае паслухмянага салдата ў ардынарца, якія адменены спецыяльным загадам, хоць з загадам такім, як і з многімі іншымі, яму нялёгка было згадзіцца. Урэшце, ёсць у гэтым небяспека: самы надзейны салдат, згаладалы, можа выкарыстаць просьбу камандзіра дзеля ўласнай карысці. Сяляне нярэдка скардзяцца на кражы, якія робяць салдаты. А людзі тут, калі не лічыць двух-трох кулакоў, вельмі бедна жывуць, у некаторых дзеці галадаюць, колькі разоў ён мусіў памагаць ім з палкавога катла.
Можна папрасіць пані Альжбету. Цяпер яна не адмовіць. Цяпер яна добрая. Уласна кажучы, толькі дзякуючы яе варэнню, яе наліснікам з пшанічнай мукі і крухмалу, Міра хоць трохі ды есць, хоць неяк падтрымлівае свае сілы. Не карміць жа хворую салдацкімі абедамі — хлебам з мякінай і перакіслай капустай.
Але менавіта таму, што быў надзвычай удзячны пані Альжбеце і Юстыне, Багуновіч не мог звярнуцца яшчэ з адной просьбай, безумоўна, нялёгкай для іх, бо ў саміх іх малако ён бачыў вельмі рэдка; тады яшчэ, калі ў яго жыццё не ўвайшла Міра, сям'я начальніка станцыі разы два пачаставала яго ячменна-жалудовай кавай з малаком.
Урэшце, усе прычыны, з-за якіх ён не мог папрасіць кагось старонняга, былі другараднымі. Бо ўсе іх як бы адхіляла адна, галоўная прычына, якая вымушала былога ганарлівага афіцэра, цяперашняга камандзіра палка, пайсці самому шукаць малако. З'явілася тое, чаго некалі з-за юнацкага эгаізму ён не разумеў у маці сваёй,— для чалавека, якога любіш больш, чым сябе, і які захварэў, усё хочацца зрабіць самому: з-пад зямлі дастаць малако, мёд, паставіць банькі, папарыць ногі... Што яшчэ назначыў стары ўрач? Які ў яго стомлены выгляд быў!
«Гэта ваша жонка, камандзір?» — спытаў ён, выйшаўшы ў залу, дзе Багуновіч чакаў, пакуль доктар з дапамогай пані Альжбеты аглядаў хворую.
«Мая жонка»,— адказаў ён, адчуваючы, што чырванее.
«Галубчык мой, як спадзе тэмпература, адашліце, гэтае няшчаснае дзіця да мамы. Яна сказала, што мінчанка. Рукой падаць. Не будзьце эгаістам. Давайце без жонак дап'ём сваю франтавую чашу. Падпішуць мір — паедзем да жонак».
Вось яшчэ адзін, хто ўбачыў вайну ў аперацыйных і трупярнях шпіталя, прагне міру гэтак жа, як ён, як салдаты.
Читать дальше