«А Надзя кашляла мінулую ноч».
«Добра. Пастанову па Антонаву мы дапоўнім. Будзем ствараць рэвалюцыйныя трыбуналы, і яны неадкладна разглядваюць кожны выпадак назначэння на прымусовыя работы і або вызначаюць тэрмін прабывання на работах, або вызваляюць арыштаваных».
«Што ж, сёння будзем адпачываць. Новы год. Паедзем да рабочых».
Уладзімір Ільіч выйшаў у пакой Кіраўніцтва справамі.
— Марыя Мікалаеўна, Саўнаркома сёння не будзе. Пазваніце наркомам, каму можна... І ідзіце дадому. З Новым годам вас. Шчасця вам. Але дайце мне пратакол. Я. распішуся, што акуратна з'явіўся на пасяджэнне, якое не адбылося па віне левых эсэраў.
Новы год пачаўся ясным марозным днём. Ранішняе кеба сляпіла першароднай сінявой, такім яно рэдка бывала над Піцерам, дзе яго туманілі дымы тысячы комінаў, заводскіх і ў жылых дамах.
У тую раніцу таксама дыміліся коміны, але не так густа, дымы былі празрыста-белыя, не расплываліся, узнімаліся ў неба тонкімі слупамі і непрыкметна раставалі там — ні сажы, ні куродыму; не цяжка здагадацца, чаму так — большасць качагарак перайшла на дровы.
Выйшаўшы на прагулку перад тым, як падняцца ў кабінет, Уладзімір Ільіч палюбаваўся небам, але звярнуў увагу на асаблівасць дымоў і зноў падумаў пра вугаль, Дровы могуць сагрэць людзей, але на дровах не зварыш метал, не скуеш плуг і штык, Ды і дровы... Як іх нарыхтаваць? На чым вывезці? Хоць, бадай, варта падумаць, ці нельга выкарыстаць рамізнікаў Падказаць Петраградскаму Савету, каб падлічылі, колькі ў горадзе коней. Чым іх кормяць? Ці няма такіх запасаў фуражу, з якіх можна было б адарваць частку для фронту?
Прыгожая раніца, але мароз бязлітасны. У такім паліто можна гуляць у студзені ў Жэневе, але нядоўга пагуляеш у Петраградзе. Надзець бы кажух, як у таго дворніка, што ляніва расчышчае снег.
Дворнікаў трэба прымусіць чысціць вуліцы. Учора ўвечары, пасля завеі, ледзь дабраліся на Выбаргскую старану. Горад можа так замесці, што не выйдзе ніводзін аўтамабіль, спыняцца трамваі.
Варта праверыць гатоўнасць аўтамабіляў ваеннай акругі і штаба Чырвонай гвардыі. Як з бензінам? Трэба, каб увесь бензін быў у адных руках. У аўтамабільным аддзеле ЦВК. Пад кантролем Свярдлова бензін не пацячэ не ў тыя рукі, направа ці налева.
Пасля бясслаўнага сканання Устаноўчага сходу трэба прымусіць Якава Міхайлавіча паехаць адпачыць і падлячыцца. Нядобра кашляе старшыня ВЦВК. Так кашлялі некаторыя таварышы ў эміграцыі. Ленін са смуткам падумаў пра тых, хто не вярнуўся з эміграцыі, з Сібіры, не дажыў да перамогі рэзалюцыі.
Кароткая прагулка ўзбадзёрыла і зарадзіла энергіяй. Ільіч весела павітаўся з вартавымі каля свайго кабінета, павіншаваў з Новым годам. Узрадавала гэта салдата і чырвонагвардзейца. Нейкі не надта разумны агітатар сказаў ім, што ўсе святы царкоўныя, у тым ліку і Новы год, адмяняюцца. Збянтэжыла гэта людзей. Як жа так? Новы год быццам бы і не царкоўнае свята.
Вецер на дварэ сціх, і ў кабінеце пацяплела. Ад цеплыні больш утульнасці. Ад цеплыні. І ад яснага неба за акном. Хутка ўзыдзе сонца, і ўсё ў кабінеце будзе заліта дзівосным святлом. Пры такім святле хораша працуецца.
Дзень быў такі, як, бадай, усе іншыя дні двух месяцаў жыцця рэспублікі: напружаная праца, якую немагчыма падрахаваць, можна хіба толькі ўявіць. Тэлеграмы, пісьмы, тэлефонныя размовы і людзі. Людзі, людзі...
Самыя розныя, з рознымі справамі: абсалютная большасць гэтых спраў патрабавала неадкладнага вырашэння.
І Ленін нічога не адкладваў, а калі даручаў справу некаму, то даваў грунтоўныя тлумачэнні, часта пісьмовыя.
Працавалася весела. Такі настрой, такі душэўны ўздым Уладзімір Ільіч любіў, бо бачыў, як яго настрой перадаваўся іншым: наркомам, кіраўнікам спраў, сакратарам, тэлефаністкам, наведвальнікам. А гэта стварала атмасферу агульнага натхнення.
Але ці думаў хто, як нялёгка чалавеку, які займаецца практычнымі пытаннямі нараджэння новага ладу, новай дзяржавы і адначасова, выкарыстоўваючы любую паўзу, абдумвае тэарэтычныя пытанні, пра якія абавязкова трэба напісаць, пра якія ніхто іншы не напіша? Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа трэба не пазней як паслязаўтра прадставіць ЦК, ЦВК, фракцыі бальшавікоў Устаноўчага сходу. А яна яшчэ не зусім гатова. Калі дапісаць? І тут жа, як марскія хвалі, захлынаюць думкі пра тэзісы аб міры. Трэба як можна хутчэй растлумачыць немагчымасць «рэвалюцыйнай вайны», прапаганду якой актыўна і адкрыта пачалі левыя.
Читать дальше