«Ад усёй душы вітаю вашу энергічную дзейнасць і бязлітасную барацьбу з каледзінцамі. Цалкам ухваляю няўступлівасць да мясцовых угоднікаў, што збілі, здаецца, з панталыку частку бальшавікоў. Асабліва ўхваляю і вітаю арышт мільянераў-сабатажнікаў у вагоне 1 і 2 класаў. Раю адаслаць іх на паўгода на прымусовыя работы ў рудніках. Яшчэ раз вітаю вас за рашучасць і асуджаю тых, хто хістаецца».
Нехта з левых эсэраў «вынюхаў» гэтую тэлеграму. Нарком юстыцыі Штэйнберг зрабіў афіцыйнае запытанне на Саўнаркоме. Маўляў, Антонаў перавышае сваю ўладу, а Ленін яго падтрымлівае, больш таго, бласлаўляе на незаконныя дзеянні.
Эсэры шукалі зачэпкі для абструкцыі. Выглядала смешна: людзі, якія нядаўна прызнавалі, па сутнасці, адзіны метад барацьбы — тэрор, кіданне бомб, раптам захацелі паказаць сябе законнікамі. Пашкадавалі капіталістаў. А рабочых, дарагія таварышы, вам не шкада?
Леніну вельмі хацелася даць учора бой левым эсэрам. Але ён не стаў граміць іх, ведаючы, што члены ўрада — бальшавікі падтрымаюць яго, ён тут жа, на пасяджэнні, пакуль нехта выступаў, напісаў і прапанаваў праект пастановы аб узаемаадносінах Антонава-Аўсеенка з Савецкім урадам Украіны і з надзвычайным камісарам Саўнаркома на Украіне Сярго Арджанікідзе. Левыя эсэры згадзіліся з пастановай. Аднак, выходзіць, не супакоіліся. Хочацца ім памуціць ваду. Магчыма, не падабалася ім і другая тэлеграма, якую Ленін палічыў неабходным паслаць Антонаву адразу пасля пасяджэння, каб паведаміць сутнасць рашэння Саўнаркома. Уладзімір Ільіч не мог не падкрэсліць свайго ўхвалення дзеянняў камандуючага. Пры пэўнай афіцыйнасці былі ў другой тэлеграме простыя чалавечыя словы, якія пацвярджалі першую: «СНК выказвае ўпэўненасць, што т. Антонаў будзе дзейнічаць далей, як і раней, у поўным кантакце з той цэнтральнай украінскай Савецкай уладай, каторую СНК вітаў, і з назначаным Саветам Народных Камісараў надзвычайным камісарам».
Размова з Калягаевым пры ўсёй яе карэктнасці сапсавала Ільічу настрой.
Хлапчукоўскія выбрыкі! Дурная абструкцыя! Нельга змагацца з анархічнай распушчанасцю, недысцыплінаванасцю ва ўсіх установах, калі дысцыпліны не будзе ў Саўнаркоме! Члены ўрада спазняліся на пасяджэнні, некаторыя без даволі ўважлівых прычын не з'яўляліся зусім. Троцкі, напрыклад, можа падняцца на самым гарачым пытанні. Сталін часта выходзіць курыць.
Яшчэ колькі дзён назад Уладзімір Ільіч дапоўніў парадак дня пытаннем аб адкрыцці пасяджэнняў Саўнаркома ў дакладна прызначаны час. Здаецца, усе дружна падтрымалі. І вось — калі ласка. Не толькі спазненне, ало сабатаж пасяджэння, якое вельмі патрэбна: «румынскае пытанне» проста немагчыма адкладваць.
Уладзімір Ільіч, трохі раздражнёны і заклапочаны, хадзіў па кабінеце. Электрастанцыя давала святло вельмі няроўна: то лямпачкі гарэлі нармальна, то напаўнакалу, калі немагчыма кагат чытаць. Часам святло гасла зусім. Тады выкарыстоўвалі свечкі, добра, што таварышы запасліся.
Люстра і настольная лямпа гарэлі цьмяна, у кабінеце, па сутнасці, стаяў паўзмрок.
Ленін думаў. Ён умеў засяродзіцца на адным, галоўным. Але гэта ўдавалася тады, калі садзіўся да стала і перад ім ляжала папера. Ці на трыбуне. А ў такім вось паўзмроку ці ў ложку, калі клаўся спаць, думаецца аб вельмі многім — аб самай высокай палітыцы і аб вельмі канкрэтных людзях — аб рабочых, салдатах, супрацоўніках, аб сваіх блізкіх.
«У Маняшы старэнькія бацінкі, а марозы мацнеюць. Як і дзе раздабыць ёй добрыя цёплыя боты?»
«Трэба напісаць аб прамове Вільсана ў кангрэсе. Яго чатырнаццаць пунктаў-умоў міру — падман з мэтай усыпіць пільнасць народаў і замаскіраваць змову імперыялістаў супраць рэспублікі Саветаў!»
«Адкрыццё Устаноўчага сходу актывізуе контррэвалюцыю. Магчыма спроба перавароту. Падняць чырвонагвардзейскія часці. Умацаваць асобы кулямётны батальён».
Успомніў, як нядаўна да яго прыходзіў ваенны ўрач і скардзіўся, што ад хлеба, які выпякаюць у Петраградзе, параненыя не ачуньваюць, а захворваюць горш — ад прымесяў, што дадаюць у муку для большага прыпёку. Дадаткі такія ўзаконены пры Керанскім. За пякарнямі слабы кантроль. «Што там дадаюць? Даручыць Шліхтэру праверыць. Хлеба мала, але хлеб павінен быць здаровы!»
Ніці лямпачак зрабіліся зусім чырвонымі. Ленін сумна паглядзеў на іх. Прыйдзецца зноў працаваць пры свечках.
«Таварышы Антонаў і Арджанікідзе! Вугалю! Вугалю! І хлеба! Богам прашу, хлеба! Інакш Піцер можа акалець».
Читать дальше