«У Народны камісарыят па ваенных справах
Прадпісваецца арыштаваць неадкладна ўсіх членаў румынскага пасольства і румынскай місіі, а таксама ўсяго саставу служачых пры ўсіх установах пасольства, консульства і іншых афіцыйных румынскіх устаноў».
— Мікалай Пятровіч! Падвойскаму і Дыбенку. Архітэрмінова! Пашліце матацыкліста!
Гарбуноў глянуў у паперы, і на твары яго адбілася здзіўленне, Ленін убачыў гэта і горача сказаў:
— Толькі так, таварыш Гарбуноў! На ўдар — ударам, на акцыю — акцыяй. Няхай ніхто не падумае, што нас можна біць. Мы нікому не дамо раззброіць рэвалюцыйныя часці! Панам імперыялістам не дамо ў крыўду ніводнага нашага чалавека. Ультыматум румынскаму ўраду ад Савета Народных Камісараў! З катэгарычным патрабаваннем неадкладнага вызвалення арыштаваных салдат і пакарання тых, хто творыць такое беззаконне. Скажыце Сталіну... Няхай паведаміць Троцкаму, нашай дэлегацыі ў Брэст-Літоўску аб канфлікце з Румыніяй. Няма сумнення: румыны адважыліся на падобныя правакацыі, маючы падтрымку кіеўскай рады. Рада — каледзінцы, лакеі імперыялізму. Яны пойдуць на згоду з румынамі, з французамі і з кайзерам таксама.
Румынскі эпізод прымусіў зноў задумацца над суадносінамі сіл у грамадзянскай вайне, якая пачалася ўжо: Каледзін, рада, контррэвалюцыйныя змовы... Чакаць трэба і не такіх правакацый з любога боку і самых хітрых камбінацый сіл контррэвалюцыі, унутранай і знешняй. Таму надзвычай важна як можна хутчэй заключыць мір з Германіяй, каб атрымаць хоць нядоўгую перадышку. Недарэчна і крыўдна, што трэба траціць так многа энергіі, каб астудзіць гарачыя галовы «левых». Але жыццё — барацьба, толькі формы яе розныя. Хіба ўпершыню прыходзіцца змагацца адначасова з ворагамі і са сваімі — членамі адной партыі? Ён выдатна валодаў тактыкай кампрамісаў. Але ў пытанні міру кампрамісу быць не можа. Ні з Бухарыным, ні з Троцкім. Ні з «левымі», ні з «правымі». Ні з кім. Мір павінен быць падпісаны!
Калі Гарбуноў выйшаў, каб выканаць даручэнні, Уладзімір Ільіч некаторы час стаяў перад акном, глядзеў у белую каламуць на дварэ. Завея хораша супакоіла.
Ён быў чалавекам глыбокіх эмоцый, але ўмеў самыя цяжкія эмоцыі пераадолець цвярозай развагай, розумам. Любая падзея знаходзіцца ў дыялектычнай узаемазалежнасці з многімі іншымі падзеямі. Не была яшчэ дапісана Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, не было яшчэ даклада дэлегацыі аб новых нямецкіх патрабаваннях, якія, па сутнасці, былі ўжо ультыматумам, але Ленін прадбачыў такі ультыматум, і ў галаве яго складваліся тэзісы аб неадкладнай неабходнасці сепаратнага анексіянісцкага міру. Ён прыводзіў у стройную сістэму думкі, якія выказаў Садулю, калегам па Саўнаркому і Цэнтральнаму Камітэту.
Колькі мінут Ленін напружана працаваў, хоць збоку магло здацца, што чалавек адпачывае, гледзячы ў акно, на дзівосны танец сняжынак. Аднак цяпер не час для чыстай тэорыі, любая думка патрабуе практычнага дзеяння.
Трэба, каб Выканаўчы Камітэт Саветаў і Саўнарком без лішніх дыскусій, да чаго схільны некаторыя таварышы, ухваліў арышт румынскага пасольства.
Уладзімір Ільіч пазваніў Свярдлову. З Якавам Міхайлавічам заўсёды лёгка дамаўляцца. У гэтага чалавека выдатнае бальшавіцкае чуццё, ён умеў зразумець любую ленінскую думку, як кажуць, з паўслова. Ніхто, бадай, так горача не вядзе агітацыю за мір, як Свярдлоў, і ніхто так едка, саркастычна не выкрывае заскокі «левых» і «адмысловыя», як у авантурнага іграка, зігзагі Троцкага.
Сталін мнагазначна памаўчаў — думаў ці проста смактаў сваю люльку; у тэлефоннай трубцы гудзела і трашчала, магчыма, вецер замыкаў драты.
Ленін нецярпліва пакашляў.
— Канешне, я згодзен, таварыш Ленін,— выразна адказаў Сталін са сваім характэрным грузінскім акцэнтам.— Але...— і зноў памаўчаў,— думаю, што з ліку тых, хто падлягае арыхнту, трэба выключыць работнікаў такіх місій, як Чырвоны Крыж... карэспандэнтаў...
— Падвойскі дастаткова разумны чалавек, каб не чапаць Чырвоны Крыж...
— Аднак папярэдзіць трэба. Я пазваню таварышу Падвойскаму.
— Хоць... што робіць румынскі Чырвоны Крыж... калі яна ёсць, такая місія? Чым памаглі румыны галоднай Расіі?
— Не магу сказаць. Трэба праверыць,— зноў пасля доўгай паўзы адказаў Сталін.
Вешаючы трубку, Ленін усміхнуўся: сталінскі стыль размовы часам раздражняў, але часцей забаўляў — павольнасць такая не ўласціва грузінскаму тэмпераменту. Аднак калі Сталін браўся за нейкую справу, то можна не сумнявацца, што зроблена яна будзе акуратна і ў час, без зацяжак і адхіленняў налева ці направа.
Читать дальше