— Уладзімір Ільіч, Жмянькоў просіць паслаць яго на вучобу.
Ленін — па твары яго было відаць — вельмі ўзрадаваўся, пачуўшы гэта, быццам размова ішла пра сына яго.
— Таварыш, дык гэта. ж выдатна! — сказаў ён.— Вось вам голас маладога селяніна! Таварыш Жмянькоў, якую прафесію вы хацелі б набыць? На каго жадаеце вучыцца?
Я сумеўся, бо, праўду кажучы, не паспеў добра падумаць. Едучы сюды ў грузавіку, не здолеў параіцца. з Іванам Свірыдавічам, бо ён сядзеў у кабіне, а я — у кузаве, на скрынках. Цяпер я глядзеў на яго, спадзеючыся, што ён падкажа. Але Галадушка толькі ўсміхнуўся мне, як бы падбадзёрваючы. Тады прыгадаліся мне словы дзядзькі Ціхана, што самае лепшае вывучыцца на доктара, але мужыку гэта не па кішэні; дзядзька марыў памагчы мне стаць фельчарам ці ветэрынарам. Яшчэ ўспомнілася абяцанне Залонскага вывучыць мяне на афіцэра. I я адказаў Уладзіміру Ільічу няўпэўнена, сарамліва, баючыся, што гэта недасягальна для мяне, i з жадання майго могуць пасмяяцца:
— Каб на доктара... ці... на афіцэра...
Але ніхто не засмяяўся. Толькі Ленін на момант нахмурыў лоб, але тут жа хораша ўсміхнуўся i сур'ёзна сказаў:
— Мы рыхтуем дэкрэт аб адмене ў арміі ўсіх чыноў i званняў. Аднак, пакуль існуюць эксплуататарскія класы i пакуль нас будуць акружаць буржуазныя дзяржавы, пралетарыят Pacii будзе мець сваю рэвалюцыйную армію, i ёю будуць камандаваць афіцэры з рабочых i сялян. Таварышы, абавязкова пашліце франтавіка Жмянькова ў школу чырвоных камандзіраў.
— Уладзімір Ільіч, у нас няма яшчэ такіх школ,— сказаў Крыленка.
Ленін павярнуўся да яго, сказаў з вясёлым дакорам:
— Таварыш народны камісар! Як гэта няма? А вучэбныя каманды Чырвонай Гвардыі — хіба гэта не аснова такіх школ? Між іншым, Жмянькоў даў нам з вамі выдатную ідэю. Прадумайце пытанне арганізацыі камандзірскіх вучылішчаў ці курсаў — сутнасць не ў назве, не ў форме — i дайце, неадкладна дайце! — прапановы на Саўнарком. Мы не можам адкладваць ні на адзін дзень падрыхтоўку каманднага саставу для арміі сацыялістычнай рэвалюцыі!
На развітанне Уладзімір Ільіч паціснуў мне руку, весела пажадаў:
— Усяго вам найлепшага, таварыш будучы рабочасялянскі генерал.
Далібог, так i сказаў. Пажартаваў. Але жарт быў шчыры i добразычлівы. А можа i не жарт? Умеў Уладзімір Ільіч заглядваць далёка наперад, бачыць i будучае краіны, свету, i лёс кожнага чалавека, з якім страчаўся. Калі мне прысвоілі генеральскае званне, Кацярына Васілеўна мая сказала: «Як у ваду глядзеў Уладзімір Ільіч».
Калі Ленін выйшаў, запрасіўшы да сябе Крыленку i высокага чалавека з барадой (пасля я даведаўся — гэта быў Бонч-Бруевіч), той, у даўгім паліто, дакорліва паківаў галавой, сказаў як бы разважаючы ўголас:
— Захапляецца. Адрываецца ад зямлі. Як усе геніі.
Але ніхто на яго словы не звярнуў увагі, ніхто не адазваўся, адзін хіба я запомніў ix.
Работнікі Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, радасна ўзрушаныя наведаннем Ільіча, зноў узяліся за сваю справу.
Іван Свірыдавіч спытаў у мяне:
— Ды ты ведаеш, хто з табой гаварыў?
— Дзіва што! Ленін! Я адразу пазнаў.
Петэрс, пачуўшы нашу размову, засмяяўся.
— Ды ты сапраўды генерал. Не дарма табе Георгія далі. Аднак куды нам цябе ўладзіць пакуль што. Вось што, Галадушка. Будзе ён веставым ВРК. Заданне на сённяшні дзень: быць сувязным паміж тваім атрадам i Смольным. Згода, «генерал»?
Так вырашыўся мой лёс.
У час трохтыднёвай работы маёй у Смольным часцей за ўсё я атрымліваў даручэнні ад Петэрса. Ён часта звяртаўся да мяне вось так, жартаўліва — «генерал». I хоць у той час Леніным быў падпісаны дэкрэт аб адмене ўсялякіх званняў, я не крыўдаваў i адгукаўся на такі зварот.
Той дзень памятны для мяне ва ўсіх адносінах. Я браў удзел у першым рэвалюцыйным баі. Раззброіўшы паўлаўцаў, атрад Галадушкі штурмаваў Уладзімірскае вучылішча, якое было штабам контррэвалюцыі, i юнкеры там упарта адмаўляліся скласці зброю. Хоць Іван Свірыдавіч не дазваляў мне вытыкацца з рэвальверам, які я, веставы, атрымаў ад яго, але без дазволу камандзіра знаёмы кулямётчык з нашага палка даў мне хвілін колькі пастраляць з «максіма»; яшчэ на фронце я, на усялякі выпадак, навучыўся нядрэнна валодаць i вінтоўкай i кулямётам.
Увечары, калі юнкераў павялі ў Петрапаўлаўку, я, перапоўнены ўражаннямі, не вытрываў i адскочыў да Залонскіх — з серады ж не быў, не бачыў Катрусі, не ведаў, як яна там. Ды i Залонскі цікавіў: што ён думае цяпер, што будзе рабіць? Я тройчы за дзень прабягаў амаль міма ix дома, заносячы ў Смольны данясенні. Чацвёрты раз не хапіла сілы прайсці міма. Катруся i цётка Мар'я ажно заплакалі ад радасці, убачыўшы мяне жывога, здаровага, вясёлага. Я не паспяваў адказваць на ix пытанні, яны сыпалі ix, што кулямётныя чэргі. На шумныя галасы нашы прыйшоў на кухню Усевалад Аляксандравіч, адзеты ў цывільны касцюм. У такім убранні я ніколі не бачыў падпалкоўніка; гэта было нязвыкла, i наогул я не ведаў, як цяпер звяртацца да яго.
Читать дальше