Узрадаваная гандлярка, кланяючыся i хвалячы салдата, выкацілася з пакоя, адчыніўшы азадкам дзверы.
— Ты завошта тут? — паказаў камісар (так я ў думках назваў былога салдата) на лейтэнанта. Той успыхнуў, як лучынка.
— Вы мне не тыкайце!
Камісар цяжка ўздыхнуў — ці то ад свае прамашкі, ці то ад недарэчнай афіцэрскай фанабэрыі.
— Яго першага затрымалі. Уначы. Уцякаў i адстрэльваўся. Раніў патрульнага.
— Што, ваша благароддзе? Нячыстае сумленне, што так спалохаліся рабочага патруля? — сурова спытаў камісар. I афіцэр разгубіўся ад такога пытання, пачаў лісліва апраўдвацца, што, маўляў, ён падумаў — рабаўнікі.
— Таварыш Вера, запішы паказанні патрульных, раненага — абавязкова. I з усімі гэтымі паперамі — у Красты. Суд разбярэцца.
I тут у паўзмроку — цьмяна свяціла высока пад столлю ўсяго адна маленькая электралямпачка — камісар разгледзеў мяне. Паклікаў:
— Салдат, падыдзі бліжэй.
Я падышоў.
— Табе колькі год?
— Шаснаццаць.
— З якога палка?
Упэўнены, што інвалід не хто іншы, як камісар Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, як Іван Свірыдавіч, я шчыра адказаў, хто я i адкуль ішоў.
— Затрымалі завошта?
— Не ведаю. На мосце. Аднаму вартавому здалося, што ад мяне пахне булкамі. Кухарка, праўда, дала булачку, i я з'еў яе...
«Казёл» уедліва i гучна — неяк не па-чалавечы, а сапраўды па-казлінаму — гмыкнуў.
Вера засмяялася. A камісар нахмурыўся.
— Хто там праяўляе такую дурную пільнасць? Паеду на мост прапалашчу мазгі. Смешачкі ім, калі рабочы клас бярэ ўладу. Вера! Пазвані ў Смольны: на чыім баку гэты запасны?
Дзяўчына выйшла.
Камісар звярнуў.ся да «казла».
— Вы хто такі?
Той наблізіўся, выставіў уперад адну нагу, як акцёр у тэатры, узняў бараду, стукнуў сябе ў грудзі i тонкім голасам віскнуў:
— Я рускі інтэлегент!
— Завошта затрымалі?
— Лаяў вашага Леніна.
— Што ж гэта вы? Лічыце сябе інтэлігентам i лаецеся, як кучар. Вы чьггалі якія-небудзь працы таварыша Леніна?
— Не чытаў! I не хачу чытаць!
— Які ж вы інтэлігент? Вы проста некультурны чалавек, горш за тую бабу, што самагонкай гандлюе.
— Я — не-куль-тур-рны? — ашаломлена працягнуў «казёл».
— Ідзіце. I не мянташце языком. Як паганая баба,— сказаў яму камісар i тут жа заняўся другім арыштаваным — выгукнуў, здавалася, узрадавана: — О, з вамі, пан прыстаў, мы старыя знаёмыя. Не помніце?
— Помню, гаспадзін Воднеў,— упалым хрыпатым голасам, выціраючы пот, адказаў тоўсты міліцыянер.
— Вось i выдатна. У вас даўжок пврад рабочым класам. Прыйдзецца плаціць. У турму! Рэвалюцыйны суд разбярэцца!
«Казёл» ашаломлена лыпаў вачамі, трусіў барадой. Спытаў:
— Вы мяне адпускаеце? Але майце на ўвазе: я супроць бальшавікоў.
— Вам хочацца папакутаваць за ідэю? За якую? У вас жа няма ніякай ідэі! Якая ў вас можа быць ідэя!
— Не. Я так не пайду. Я павінен давесці...
— Не блытайцеся пад нагамі. Не перашкаджайце людзям займацца сур'ёзнымі справамі. Выведзі яго, Хведар, к чортавай матары! — без злосці, не павышаючы голасу, загадаў камісар.
— Не! Я так не пайду,— замахаў рукамі інтэлігент.— Я абавязаны растлумачыць. Вы глыбока памыляецеся. I гаспадзін Ленін памыляецца.
Але вярнулася Вера i з парогa паведаміла:
— Полк часткова на нашым баку, другая частка — у казарме, трымае нейтралітэт.
Воднеў тут жа, не звяртаючы ўвагі на «казла», загадаў Веры даць мне дзесятак адозваў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта i каб я куляй ляцеў у полк.
— Можа быць, што нейтралы вашы дагэтуль не ведаюць, што адбылося ў Петраградзе. Няхай пачытаюць i паварушаць мазгамі. Ясна задача?
— Так точна, таварыш камісар! — ляснуў я абцасамі. Воднеў ажно здзівіўся, хоць быў ён з выгляду такі спакойны i ўпэўнены, што, здавалася, нічым ні здзівіць, ні ўзлаваць яго нельга. Я трохі пашкадаваў, што не пачую далбй размовы «казла» з камісарам. Цікава, што яшчэ будзе гарадзіць пан інтэлігент?
Дарэчы, упершыню там, развітаўшыся з камісарам i спускаючыся следам за Верай уніз, на першы паверх, я падумаў, што мяне таксама маюць права назваць некультурным чалавекам, бо я таксама не чытаў кніг, якія напісаў Ленін. Вырашыў: пры першай жа сустрэчы папрасіць у Івана Свірыдавіча ленінскія кнігі i пачытаць. Я ўжо ўяўляў, што гэта зусім не такія кніжкі, якімі кармілі мяне Залонскі i палкавая бібліятэка.
У вялікім пакоі, куды прывяла мяне Вера, стаяў гул ад чалавечых галасоў i плавалі хмары махорачнага дыму. Пакой што клуб — набіты ўзброенымі рабочымі i матросамі.
Читать дальше