Нам гэтак узрадаваліся ў доме таму, што хадзіла чутка, нібыта ўсе войскі гарнізона выводзяцца з горада. Верылі тады самым неверагодным плёткам. Такая чутка, безумоўна, спалохала жанчын, ды i ўсіх абывацеляў: без войска невядома што будзе тварыцца — разня, пагромы. На войска мелі надзею як на ахову парадку, улады, законаў. Мала хто ведаў, што войскі сапраўды хацелі вывесці, але не Савет, a Керанскі.
Буржуазную публіку спалохала адозва Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, у якой народ папярэджваўся, што контррэвалюцыя падняла сваю злачынную галаву i ў горадзе магчымы правакацыі i пагромы. Калі пра ўсё гэта загаварылі ў гасцінай, Залонскі крыва ўсміхнуўся i сказаў паням нешта па-французску, ад чаго тыя яшчэ больш спалохаліся. Старая прастагнала:
— О, божа! Ратуй нас, грэшных.
Для мяне той дзень быў памятны. Катруся была такая добрая, такая ласкавая, што нават дазволіла ў калідорчыку абняць сябе i пацалаваць у шчочку. Першае каханне! Першы пацалунак! Хто з вас помніць яшчэ гэтыя незвычайныя найшчаслівейшыя падзеі ў жыцці, таму няцяжка ўявіць, што адчуваў шаснаццацігадовы салдат, на якое неба ён узнёсся. Сапраўды, на пэўны час я забыўся пра ўсё на свеце, акрамя каханай. У мяне гарэла галава, пылалі вусны i шчокі. Як п'яны ад самага цудадзейнага віна, блукаў я па кватэры, дзе толькі можна было, з адной думкай, з адным жаданнем: яшчэ разочак на адну кароценькую хвіліначку спаткацца з Катрусяй адзін на адзін. Не абняць яе яшчэ раз мне хацелася. Гэта здавалася грубым i непрыгожым, так рабілі вясковыя хлопцы. Мне хацелася стаць перад ёй на калені i сказаць такія словы, якія, здавалася мне, ніводзін яшчэ просты хлопец не казаў дзяўчыне — найпрыгажэйшыя словы, як у кніжках; сказаць, што я пакахаў яе на ўсё жыццё, да апошняга дыхання майго. Але калі мне пашчаслівіла зноў сустрэць яе, на калені я не стаў — пасаромеўся, a сказаў нешта недарэчнае.
Катруся папрасіла ласкава, хораша:
— Піліпачку, не трэба, галубочыку мій! Більш гарно будэ так просто. Во так,— i сама чмокнула мне ў шчаку.
I зноў я ўзляцеў некуды — гець! — у неба, вышэй за асеннія хмары — туды, дзе свяціла сонца i квітнеў райскі сад.
Спусцілі мяне на грэшную зямлю блізкія стрэлы. Страляніна ўсчалася ўвечары, гадзін у дзевяць. Каля тэлефоннай станцыі спачатку, пасля яшчэ бліжэй — каля школы прапаршчыкаў, якая была зусім побач, за які квартал.
У доме спалохаліся. Старая пані загадала зачыніць аканіцы.
Паклікалі з кухні мяне. Залонскі паспешліва апрануўся. Але тут жа ў прыхожай пані Антаніна, яе старая цётка i яшчэ нейкі сваяк, які прыехаў з правінцыі, угаворвалі падпалкоўніка нікуды не хадзіць.
— Панове! Вы чуеце, што робіцца? Гэта бальшавіцкі мяцеж. Як жа я, камандзір палка, магу сядзець у такі час дома?
— Сева, любы, — маліла жонка.— Але ж ты сам казаў, што балыйавікі разлажылі полк, што ён выступіць за ix. Мне страшна, Сева. Гэтая чэрнь узбунтуецца i будзе страляць у афіцэраў.
— Тоня! Я франтавік! Я тры гады сядзеў у акопах.
— О, божа,— стагнала маладая пані,— Тады я баялася менш, чым цяпер.
Сваяк, хітра ўсміхаючыся, спытаў:
— Усевалад Аляксандравіч! Вы хочаце падняць полк? У абарону каго? Паяца Керанскага? Па-мойму, урад яго даўно перастаў быць уладай. Пра гэта пішуць газеты. Няхай яго даб'юць бальшавікі. Спадзяюся, вы не думаеце, што яны могуць узяць i ўтрымаць уладу.
Залонскі адказаў нешта па-французску — іўсепаны перайшлі на чужую мову, каб прыслуга не разумела.
Праз хвіліну Залонскі нехаця распрануў шынель i, раздражнёны, засмучаны, вярнуўся ў пакоі — на радасць жонкі.
А я лепш, чым паны, разумеў, што адбываецца. Не, гэта не мяцеж. Гэта новая рэвалюцыя, пра якую казаў Іван Свірыдавіч, казалі прамоўцы на мітынгах,— рэвалюцыя, у якой уладу павінны ўзяць рабочыя i салдаты.
Я ўявіў, што робяць зараз Іван Свірыдавіч, Ліпатаў, кулямётчыкі, і, натуральна, захацеў быць разам з імі, у палку, на піцерскіх вуліцах, дзе — чуваць было па стрэлах — разгараўся бой, бо з другога боку — ля Марсавага поля, загаманілі кулямёты. «Можа кулямёты нашага палка?» — думаў я.
Але на кухні адбылося амаль тое ж, што ў панскай прыхожай, толькі больш проста i шчыра. Даведаўшыся пра мой намер зараз жа кінуцца на вуліцу, Катруся, тая самая Катруся, якая яшчэ колькі дзён назад слова саромелася сказаць, толькі чырванела пры мне, цяпер пры кухарцы, пры пакаёўцы старой пані ўчапілася ў мяне i прасіла:
— Піліпку, галубчыку! Не ходы. Прошу тэбе, рідный мій.
Да яе далучылася цётка Мар'я. Яна прасіла так, як, напэўна, прасіла б мяне маці, каб была там.
Читать дальше