Хлопец хацеў сказаць, што ўначы не так проста выйсці туды, бо гэта няблізка ад балота, а каля балота — немцы, i ў цемры на ix легка наскочыць. Але ніхто яго не слухаў. Капітан даваў загады іншым людзям.
Піліпок адразу як бы пасталеў за якую хвіліну, бо адчуў усю сур'ёзнасць i небяспечнасць таго, што будзе рабіцца ў гэтую ноч. Перад страшнай невядомасцю здалося недарэчным шкадаваць такую рэч, як боты. Цяпер яны — не дарагая ўзнагарода, а так — драбяза, якую сунулі яму, як малому цукерку. Каб боты былі не на нагах, ён, напэўна, легка кінуў бы ix у кусты. Але не было калі пераабувацца, i ён шыбнуў у кусты пакунак з лапцямі.
Ішлі па насціле i па вадзе моўчкі, нават ступаць стараліся так, каб дрыгва не чаўкала. Піліпок — першы, мацаючы рагачом у тых мясцінах, дзе насціл разрываўся. За ім — Ягашын. Ён лічыў крокі — колькі прайшлі, i, калі правальваўся так, што чэрпаў халявамі ваду, шэптам лаяўся брыдкімі словамі, чамусьці ўспамінаючы «турэцкага бога». Следам за імі ланцугом ішлі тыя, у папахах, але без бурак, у адных фрэнчах з кішэнямі для патронаў: буркі пакінулі на востраве. Над балотам узняўся туман, але стаяў яшчэ нізка. На грудках горцы, як прывіды, выходзілі з туману, i Піліпок бачыў, як уздымалі яны галовы к чорнаму небу: маліліся ці шукалі свае зоркі? Ад гэтага рабілася жудасна.
Ротмістр спыніўся, спытаў у Піліпка:
— Далека да берага?
— Не ведаю.
— Па маіх падліках — недалёка. Пойдзеш адзін i разведает, што там.
Такі давер зноў усцешыў i амаль узрадаваў: ротмістр, яго каўказцы баяцца ісці, а вось ён пойдзе i разведае. Дзіўна: адзін ён адчуваў меншы страх, чым з салдатамі. Падумаў: добра было б, каб на беразе чакаў дзядзька Ціхан. Вось ён прывёў бы дакладненька да батарэі, бо помніць тут кожны куст i кожны камень...
На беразе нікога не было — дзядзьку рана, ён сказаў, што чакаць будзе пад раніцу.
Дзіўна, што немцы дагэтуль не выявілі насцілу i не ставяць пост на выспе, як нашы. Але немцы блізка: чуць правей бліскаюць агеньчыкі — пэўна, там акопы i зямлянкі.
Піліпок вярнуўся.
Па лесе ішлі, трымаючыся адзін аднаго. Пад нагамі шамацела лісце —i ротмістр зноў лаяўся. Фыркнулі недалёка коні — i ўсе застылі, прыгнуліся да зямлі. Ягашын зноў паслаў Піліпка: калі наперадзе нікога няма, няхай кугікне па-савінаму.
Піліпок без перашкод выйшаў на ўзлесак i кугікнуў. Атрад доўга не прыходзіў, i ён, баючыся, што яны пайшлі не туды, кугікнуў тройчы. За гэта афіцэр, калі падышоў, упікнуў:
— Раскаркаўся! Загадай дурню богу маліцца. Куды цяпер?
Піліпок прызнаўся, што ён не ведае, куды ісці. Нічога ж не відаць — ноч. Вёў яго сюды дзядзька.
Афіцэр зноў вылаяўся.
— Герой!..
Пасля стаў на калені, выцягнуў з кішэні кругленькую рэч накшталт кішанёвага гадзінніка, але стрэлка ў ім свяцілася жоўта-зялёным водбліскам i дрыжала. Піліпок не ведаў тады, што прылада такая называецца компасам.
Ротмістр зашамацеў паперай, сказаў нешта горцам. Яны схіліліся над ім, загарадзілі з усіх бакоў. Тады ён чыркнуў запалку, каб разгледзець карту. Доўга прымяраў нешта той прыладай са стрэлкай. Паказаў Піліпку рукой:
— Сюды.
Што ж, сюды дык сюды... I хлопец зноў пайшоў першы. Без страху i асаблівай асцярогі. Яму — абы хутчэй скончыць гэтую справу, развітацца i вярнуцца дадому: батарэю можа i не знойдзе, a Ліпуны знойдзе i пасярод ночы. Дойдзе да раўчука, паўз раўчук да дарогі...
Ішлі яны нядоўга. Раптам наперадзе зусім блізка ўгору шуганула белая ракета. Асвяціла наваколле. Піліпок прасачыў за яе палётам, i калі яна, прачарціўшы ў небе дугу, падала ўніз, глянуў на зямлю i...
Ротмістр ірвануў яго за нагу, гнеўна зашаптаў:
— Лажыся! — i выліў цэбар брыдкіх слоў,— Звязаўся я, дурань, з табой!.. Знайшлі правадніка, ідыёты!
— Дзядзечка,— забыўся хлопец на «ваша благароддзе»,— там — батарэя.
— Дзе?
— Вунь тутачка недалёчка пушкі стаяць. Хіба вы не ўбачылі?
Адкуль хлопцу было ведаць (ён жа ішоў наперадзе), што калі ўзвілася ракета, ротмістр i яго славутыя харобрыя коннікі ўраз зарыліся насамі ў зямлю, нюхалі пасохлы палын.
—Ты не памыліўся? — адразу палагоднеў Ягашын.
— Ды не, на свае вочы бачыў, як вас удзень. Там кусты правей. Адна пушка ля самых кустоў, другая вышэй на пагорачку...
— Ша! Ляжы i не пікні! — i сам адпоўз назад. Шамацеў быльнік — спаўзаліся ў адно месца чаркесы.
Ротмістр доўга шаптаўся з імі. Пасля вярнуўся назад да Піліпка, які за гэты час угледзеў там, дзе бачыў пушкі, агеньчык — нехта курыў, напэўна вартавы. Сказаў афіцэру пра агеньчык. Той быццам не паверыў:
Читать дальше