Мама пра бацьку нашага гаварыла: «На ўсё разумны быў, а вось на золата не памяняў тады, у Адэсе, пазапіхаў паперкі ў бутэльку ды сургучом заляпіў...»
* * *
Танк нядаўна расказваў, што Лужаніна калісьці білі не так за навершаванае ў «Вожыку» («Была ў сабакі хата»), а таму, што Панамарэнка на адным вожыкаўскім малюнку ўбачыў як быццам самога сябе на трыбуне стадыёна i яму здалося, што гэта падкарыкатурылі яго. Зрабілі з Лужаніна «беларускага Зошчанку». Яшчэ больш адпаведна: Агняцвет — «беларуская Ахматава».
* * *
Васілій Бялоў з трыбуны ўсесаюзнага пісьменніцкага з'езда, з найвышэйшай, з крамлёўскай трыбуны сказаў, што яму як рускаму зусім не патрэбна, каб была адна толькі мова для ўсіх,— «это было бы очень скучно...».
* * *
«Здохнеш сам, i дзеці будуць хварэць!..» — так бабы крычалі на таго, што прыйшоў узарваць у іхняй вёсцы спрадвечны валун. I не далі.
* * *
Адзін з начальнікаў на нашым радыё, журналіст старое вывучкі, не хацеў калісьці дазволіць пастаноўку маёй «Галі».
— Нет никакой современности. Тракторист и тот только под конец появляется...
* * *
Пажылая прыбіральшчыца ў літфондаўскай паліклініцы глядзіць, як тэрапеўт i медсястра вяла збіраюцца ехаць на хуткім выкліку, а потым проста, па-народнаму:
— Ды едзьце ж вы ўжо! Бо дзед той сканае, не дачакаўшыся!..
Сюды ж — пытанне пры кожным выкліку «хуткай» па тэлефоне: «Колькі гадоў хвораму?» З падтэкстам. Які быў i ў пытаннях змрочнага прафесара да мяне: «Колькі гадоў?» Разоў са тры спытаўся на аглядах маёй нагі, ажно хацелася адказаць пытаннем: «А вам колькі?» Хоць i відно, што не стары, як я.
* * *
Два дажджлівыя дні, а потым распагодзілася. I я здзівіўся радасна, што за гэты час у цёмназялёным, лапушыстым жыце насторчылася процьма свежанькіх каласоў.
* * *
Нізкае ранняе сонца асвяціла граду сасняку, што стаіць пры палявой дарозе. Меднастволыя — правільна гэта, бо i ствалы, i таўсцейшыя галіны бачацца здалёк, цераз жыта, іменна такімі, нават з медным побліскам. Яшчэ больш — ад ствалоў i гол л я медны водсвет i дзе i на ігліцу.
* * *
Прывезенага мамай з горада на дачу Ёжку, лялечна-чалавекападобнага вожыка, малыя сястра i брацік усцешана абнасілі па ўсіх пакоях, бо ён, іхні зімовы друг, тут упершыню. Зайшлі ў найменшы: — А тут жыве твая прабабулька!..
* * *
Намеснік міністра знешняга гандлю атрымаў трынаццаць гадоў турмы, бо «зарабіў» на сваёй пасадзе 127 тысяч рублёў. Жоначка ўзначальвала нейкі блізкі да мужавай службы аддзел i аказалася больш руплівай: «зарабіла» 322 тысячы рублёў. Адзінаццаць гадоў турмы.
Колькі людзей, чытаючы такое, падумае: «Дык мы ж, у параўнанні з вамі, якія намі кіруюць, проста святыя!..»
* * *
Пагодлівым кастрычнікам пяцьдзесят чацвёртага года я частаваў Шамякіна i Макаёнка Наваградчынай. На новай, ці не першай у маладых пісьменнікаў, Андрэевай «Победе», з саюзным шаферам за рулём.
У Наваградку мы зайшлі ў сталовую. Іван, нядаўна выбраны на з'ездзе намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, уваходзіў трэцім. Спыніўся на парозе, прынюхаўся i спытаўся ў бліжэйшых за сталамі:
— У вас тут, у горадзе, нічога лепшага няма?
Усё-такі мы паабедалі там, а потым, на скверыку,
Андрэй, па-свойму горача i проста, накінуўся на Івана:
— Калі ты стаў такім панам? Даўно ты дзяцей на печы рабіў?..
Можа, таму, што мы былі крыху ўзяўшы, Іван ледзь не расплакаўся:
— Я вас люблю, а вы мяне тут...
Тады ён быў яшчэ ранімы.
Мы з Андрэем нават цішком змаўляліся купіць яму на дзень нараджэння спартыўную «кабылу», зацягнуць на ягоны пяты паверх — няхай зганяе свой пачатак панства. Але не вытрымалі да студзеня, прагаварыліся i падарунка гэтага не купілі.
Андрэй быў тады таксама ў першай славе. Пасля фельетонаў у «Вожыку» i сякіх-такіх аднаактовак добра пайшло сатырычнае, «Выбачайце, калі ласка!». Прымерваўся i на яшчэ вастрэйшае. А сам быў просты, свойскі, вясёлы.
Потым яны з Іванам спакваля зрасліся ў светапоглядзе, як сіямскія блізнюкі. Папулярнасць робіць сваё.
Згадаю толькі падарожнае.
Увосень семдзесят трэцяга, калі нас, тры вялікія аўтобусы работнікаў культуры, вазілі па Віцебшчыне, натхняючы калгаснай паказухай, на кожным прыпынку, дзе нас да непрыстойнасці святочна віталі хлебам-соллю, «блізнюкі» вылучаліся вельмі выразна, смеху сяброўскага ці намёкаў не заўважаючы. Ніхто не паспяваў раней за ix выйсці з першага аўтобуса, прыняць, пацалаваць той каравай. Нават яшчэ i пыталіся ў асцюдзянелых ад доўгага чакання бедных піянерчыкаў ды ў адарваных ад працы, пераапранутых, як на канцэрт, дзяўчат i маладзіц, ці ведаюць яны, хто перад імі,— пыталіся адзін пра аднаго...
Читать дальше