* * *
Не выходзячы з-за прастуды, уважліва праглядзеў за тры дні пяцітомнік «Энцыкланедыя прыроды Беларусі», спачатку — нібы ратуючыся ад беспрацоўнай нудоты. А яно цікава i карысна. Сёе-тое простае нібыта ведаеш, а трэба i ахвота ведаць лепш, дакладней. Бо гэтае выданне не толькі даведнік, у які здаралася i яшчэ будзе здарацца заглядваць з патрэбы, але i цікавае чытво (як шытво ды пітво). Тым больш, маючы час, як Салжаніцын для Даля ў лагеры.
Жывая карта Беларусі — амаль дваццаць адна тысяча рэк, больш за дзесяць тысяч азёраў, за дзвесце тысяч даследаваных валуноў...
I нямала назваў смачных ды вясёлых. Скажам, азёры: Ячмянец, JIanyxi, Мурагі, Негразя, Янка. Рэкі ды рэчкі: Сікунка, Сікуня, Сярмяжка, Хлеўня, Ведзьма, Цепленька, Нехрысць, Мужычок!.. I адкрыцці — такія, як трытоны (па-польску, са школы traszka), якіх мы, хлапчукі, лавілі прыгаршчамі ў мачуле каля маета на гасцінцы; як англійскае паходжанне назвы глею (gley), якога i я столькі намясіў у паныла гразкім Загоры; як «атрыканка», цацарка, што з Гвінеі трапіла i ў нашу вёску; як боб, што спрадвеку карміў беларуса, разам з рэпай, да прыходу заакіянскай бульбы быў героем нашых казак («рос, рос да нябёс»), таксама побач з рэпай, пры дапамозе якое наш мужык ашукваў мядзведзя; як лацінскае Bombus, ледзь не бамбавоз, на гугнілу-чмяля, слова, якое цяпер будзе мне ўспамінацца, абы зноў убачыў яго на кветцы...
«Найбольшыя рэкі, якія дрэніруюць Баранавіцкую раўніну...» Якое вобразнае слова! A ў Тлумачальным яго няма.
Як будуюцца берасцянкі: ён носіць будматэрыял, а гняздо робіць Сама.
Птушкі, змалку любімыя па-веснавому, як i шпакі.
* * *
Па маскоўскім радыё — харавая песня пра Тамбоўшчыну. I, як маланкавы зігзаг памяці ў даўняе,— «Казначэйша» ў вялікафарматным, па старасці растрапаным аднатомніку Лермантава. Дзіцячае, чыстае адчуванне непарушнай вечнасці слова. Не толькі замацаванага друкам, але ж i яшчэ па нейкай прычыне. Відаць, па той, што называецца божаю іскрай у табе, адчуваннем красы, наканаваным прызваннем.
* * *
У разумным, усхваляваным выступленні па нашым радыё Музы Сняжко, украінскай сяброўкі Караткевіча, прыемна i сумнавата было пачуць, як Валодзя любіў Паўстоўскага, як марыў i збіраўся напісаць кнігу, падобную на «Залатую ружу», аднак, вядома ж, яшчэ лепшую...
Цётка Уладзя расказвала: Купала курыў так многа, што ў доме ўсе навалачкі былi папрапальваныя.
Думи моï, думй моï,
Лихо мені з вами!..
* * *
У камандзіроўцы ў Віцебску. У вольны вечар гуляем у гасцініцы ў «дурня». Да Толі Вялюгіна прыйшоў нейкі сваяк. Сядзіць каля яго i гаворыць пад руку, пытаецца, як жонка, як дачка.
— A нічога,— адказвае заняты справай Анатоль.
— А як там твае галубы?
— Дзякуй, брат, дзякуй! — болей ажыўлена.
I мы смяемся. Бо ўсе мы па-сяброўску ведаем галубінае гарышча ў драўляным доміку ягонай цешчы, мноства рознаi высокапародных галубоў, тонкую мачту над старым гонтавым дахам, на якой яго любімцы адпачываюць пасля дружнага, найбольш белакрылага па-анёльску палёту.
Так, па-анёльску. Бо ўспомніўся яго радок: «дзярэ анёла ястраб», а пакуль знайсці яго ў вершы «Спелы бор», у ранейшым, пад назвай «Бясстрашша», бяру прасцейшае ў шчырасці:
Не адступаючы, за мною
ідзеш, далёкая любоў,—
над шэрай матчынай страхою
чародка белых галубоў!
* * *
Ганю футбольны мяч па траве. Травы навокал бясконда многа, а я вельмі рады. Ганю, падганяю да варот, прымерыўся i — цяў!..
I загалёкаў, прачнуўшыся... Пальдамі босай нагі з размаху — у белы тынк сцяны. Цераз маленькага сына, што ў вёсцы, калі мама паехала ў горад, спаў побач са мною.
Большым дзецям было весела, i цяпер яшчэ, праз восем гадоў, успамінаюць. А пальцы не зажывалі доўга.
Якую драбніцу запісваю!
* * *
«Уже не говоря о таких литературах, как украинская и белорусская, литературы других советских народов...» — піша ў «Литгазете» адзін з вядомых рускіх крытыкаў. Чытаю гэта ў рэдакцыі ўголас.
— «Уже не говоря»...— смяецца Танк.— Яны ж i не гавораць.
...Ён жа, у іншы час — пра Машэрава:
— Калісьці, адразу пасля вайны, я ў ix быў у Вілейцы. Жонка яго аладкі нам пякла, а мы ix, гарачыя, елі, смяяліся. А цяпер я іду да яго на прыём i там часамі, як тая аладка на скаварадзе, сам варочаюся — то на адзін, то на другі бок!..
* * *
Таджыкскі прыгажун, распешчаны не толькi літаратурным поспехам, уздымае тост у кампаніі, на дастархане над ракой Кафірніган, дзе была з намі толькі адна жанчына, даволі нотная масквічка:
Читать дальше