— Мама мая гаварыла: не дай Бог галодных карміць.
I тут падтэкст народнай мудрасці.
* * *
Над трэцім томам Багдановіча.
Ён, Багдановіч, i Талстой,— падабенства грамадскай дзейнасці: у старога па барацьбе з «мірным» голадам, a ў маладога з ваенным, бежанскім ліхалеццем. I там, i тут гэтая дзейнасць, з усёй сваёй суровай, шэрай прозай, дадае воблікам любімых літаратараў чалавечай i нісьменніцкай абаяльнасці.
«Непаэтычная» галковасць маладога, хворага Максіма. I выдатнае валоданне рускай літаратурнай мовай. Я не пярэчу самому сабе, таму ранейшаму запісу, дзе гавару, што яго руская мова менш натуральная ў слове мастацкім. Як i Шаўчэнкава — у прозе. У валоданні культурай рускай мовы — адукацыя, a ў мове роднай у яго самавуцтва, а на радзіме з ёю — самы толькі працэс станаўлення, сіламі самавукаў або патрыётаў з рускай адукацыяй.
...«Образы Галиции в художественной литературе», з аповесці Франко «Великий шум»:
Збiрная днинонька субота,
Збирала Галюня подружки...
Згадалася, што ў апавяданне «Марыля» песню пра пляценне вянка мне напяяла мама, а то, хутчэй, песенніца-сястра. I як падобна:
Зборная субота настае,
Марылька дружыну збірае...
I гора такое падобнае:
На мене ся, молоденьку, не дивить,
В мене туженька не мала...
I наша:
Схіліла галованьку з касою,
Паліліся слёзанькі ракою...
Захацелася праверыць, як справіўся з гэтым Сэнюх:
Schyliła głoweńkę z warkoczami,
Napełniły się oczęta łzami...
Тут ужо толькі пераклад. Хоць, напэўна ж, у народным вясельным штосьці блізкае ёсць i ў палякаў.
...Як гэта мала ў яго, Багдановіча,— тры тамы,— i як многа, калі чытаць, нават вяртаючыся да знаёмага!..
...Тое, што ў нас друкуецца ўпершыню, што друкавалася ў рускай перыёдыцы пад псеўданімамі.
Я нібы толькі ніто даведаўся — ён жа юрыст, i таму судовыя справаздачы. А праз дзелавую, строгую сухасць юрыста ў замалёўцы «В гостях у детей» прабіваецца паэт i добры, высакародны юнак:
«Дом чист и просторен, комнаты большие, светлые, потолки высокие; на стены из гладко оструганных сосновых бревен, не заклеянных опротивевшими обоями, просто приятно поглядеть».
«Я не знаю, есть ли на русском языке слово «обуютить», но оно бы мне очень пригодилось. Надежда Ивановна обуютила, насколько возможно было, детей».
A дзеці, убачыўшы ў «кладовой» мяхі з рознымі крупамі, мноства мяхоў, здзіўляліся: «Неужели мы все это съедим?»
Гэтыя сцены сасновыя, гэтае «обуютить» (у Даля толькі «уютничать») i здзіўленне малых, у большасці нездараўчаных, каланістаў — з роднай душы, якую мы любім.
...Яшчэ да яго выступленняў у «Голосе» —«В с. (еле) Крест»:
«День выдался ясный, погожий, и с тем большей охотой начал я per pedes Apostolorum отмеривать путь по широкому пригородному шоссе. По обеим сторонам — трава, в ней протоптаны тропинки, в два ряда тянутся старые березы — в их тени идти не трудно и не скучно».
Тут ужо проста хораша бачыцца ён, наш цудоўны Максім Адамавіч — з яго лацінскімі «слядамі апосталаў»,— хораша i журботна, за няпоўны год да адыходу...
* * *
Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе», нямала добрага сказаўшы пра мяне, у адным месцы як быццам пасмейваецца:
«Аўтар зрабіў вялікую паслугу чытачу: ён можа ўжо не чытаць тых кніг, якія прачытаў Брыль,— у кароткіх, часам трапных азначэннях ён раскрывав іхнюю сутнасць, i такім чынам як бы адпадае патрэба чытаць тыя кнігі зноў. Ты ўжо прачытаў ix вачыма Брыля».
Калі i мне ўсміхнуцца, дык можна спытацца ў Масея, хоць здалёк: ці не дагадзіў я яму, амерыканскабеларускаму чытачу, яшчэ лепш, чым аўтары коміксаў, якія ўмеюць уціскаць у свае міні-кніжыцы нават i эпапеі?..
* * *
I Ельцын, i Грачоў, кожны па-свойму i ў розны час, нібыта каюцца, што пачалі ў Чачні, а то й нібыта лічачы сябе не вінаватымі, шукаюць на гэта нейкую камандную сілу, вышэйшую за іхнюю. Першы нешта пад восень стагнаў, другі ў пачатку зімы не ўсміхаўся — абодва жалю i агіды вартыя.
Па тэлевізары, вядома, усенародна i ўсясветна.
I працягваюць рабіць сваё...
...Расійскія тэленавіны, як заўсёды цяпер i так даўно ўжо,або пачынаюцца з Чачні, або аніяк не могуць без яе. Учора сказалася на экран: «Боже мой, как это скучно!..» I ў гэтым «скучно» i наш сум, i туга, i нуда, i ныццё балючае, сардэчнае, i атупенне, ледзь не быдлячае, на чужы боль, чужое гора, раны, смерць, жахлівыя здзекі з палонных. I канца гэтаму не відно... Дзе там! — колькі яшчэ затоена жадання, колькі назбірана i збіраецца сілы на тое, што гістарычна, здалёк называецца потым грамадзянскай вайной, без чаго немагчыма вярнуцца да нядаўняга мінулага — Савецкага Саюза ці рускай імперыі ў нейкай іншай форме, да таго, што нібыта хтосьці разваліў, а не само яно развалілася...
Читать дальше