...Мне больш даспадобы Ваш выраз,
які стаў крылатым,
Вы знаеце словам цану.
Вы зведалі шмат на зямлі.
Вучылі дзяцей Вы,
салдатам былі, дыпламатам,
вучоным былі,
рыбаком нарачанскім слылі.
«І плакала Рыва...»
І плакала каня пад лугам...
І каркаў груган...
І трызніў салдат над Бугам...
І гіне Астап
Не, той не памірае,
каго вядзе дух дзярзання і парывання.
Я вяртаўся дамоў, дзе мяне чакалі невясёлыя весткі, вяртаўся, каб назаўсёды развітацца з адным з самых блізкіх мне пісьменнікаў і людзей. Высока, над аблокамі, у сонечным ззянні, гулі рухавікі магутнага паветранага лайнера, і пад іх гул мае пачуцці выказваліся радкамі, прысвечанымі яшчэ жывому Міхасю Ціханавічу:
«Дзярзайце, уюнашы!»
сказана: страх гняце,
да смерці вядзе ён,
да зорак дзярзанне вядзе.
Жартаўлівы выраз — жартаўлівы, вядома, па форме, а не па зместу — рабіўся апошнім наказам, апошнім запаветам настаўніка.
1977
НАРОДАЎ БРАТНІХ ДРУЖНЫ ХОР...
Аб інтэрнацыянальных сувязях беларускай савецкай літаратуры
Нагадаю, што купалаўскі радок, вынесены ў загаловак, узяты з верша «Прывет вам...». Верш гэты з'явіўся ў друку 10 лютага 1936 года і меў рэальную «прывязку», быў выкліканы да жыцця пэўнай падзеяй. Што ж гэта за падзея, якая парадзіла адзін з самых натхнёных твораў песняра?
10 лютага 1936 года ў стольным горадзе Мінску ўрачыста пачынаў сваю працу (працягваў яе да 16 лютага) пленум Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны паэзіі. Гэта быў яшчэ толькі трэці па ліку, пасля гістарычнага Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў, пленум. Нядаўна створаная пісьменніцкая арганізацыя толькі яшчэ станавілася на ногі, толькі яшчэ пачынала разгортваць работу па выкананню рашэнняў з'езда, па ажыццяўленню вялікіх горкаўскіх планаў, па згуртаванню і актывізацыі літаратурных сіл шматнацыянальнай савецкай краіны. Здаецца, упершыню ў гісторыі чалавецтва, у гісторыі сусветнай літаратуры збіраўся падобны форум — форум, на якім размове аб паэзіі, аб паэтычным запятку, што ва ўсе часы лічыўся яўна «саматужным», самадзейным, надавалася значэнне дзяржаўна-грамадскай справы, справы міжнацыянальнага культурнага ўзаемаабмену. І гонар быць месцам правядзення форуму выпаў на долю Мінска. Не выпадкова, вядома: у гэтым горадзе жылі і тварылі Янка Купала і Якуб Колас, тут паспяхова пачынала літаратурны шлях цэлая плеяда іх паслядоўнікаў — маладых паэтаў рэспублікі... І вось на пленум ехалі вядомыя паэты Масквы, Ленінграда, Украіны, савецкага Закаўказзя, сярэднеазіяцкіх і іншых саюзных рэспублік. Рыхтуючыся да сустрэчы з дарагімі гасцямі, Янка Купала і напісаў сваё ўзнёслае вершаванае прывітанне:
Прывет вам, вольныя паэты,
Прывет вам ад душы ўсяе!
Хай вашы песні з лета ў лета
Зямля савецкая пяе!..
Прывет вам, вольныя паэты,
Народаў братніх дружны хор!
Хай прамянее агняцветам
Радзімы нашае прастор!
Рыхтаваўся да пленума і Якуб Колас. І, выступаючы на адным з яго пасяджэнняў, гаварыў: «Вельмі радуе той факт, што наш пленум з'яўляецца яркай дэманстрацыяй дружбы і ўзаемнага разумення братніх літаратур народаў Савецкага Саюза. Радасна было бачыць і чуць, калі рускія пісьменнікі, выступаючы на гэтай трыбуне, гаварылі пра літаратараў Арменіі, Башкірыі, Грузіі, Украіны, Беларусі, даволі шырока і поўна арыентуючыся ў пытаннях гэтых літаратур». А праз некалькі дзён, дзелячыся ўражаннямі ад той хвалюючай, сяброўскай атмасферы, якая панавала на сустрэчы разнамоўных паэтаў, аўтар «Новай зямлі» пісаў у артыкуле «Пасля пленума ССГІ»: «Я помню сваю першую паездку ў Маскву на пленум савецкіх пісьменнікаў... Я ўглядаюся ў твары пісьменнікаў, хачу знайсці сярод іх знаёмыя постаці, але іх мала: некалькі рускіх, крыху болей украінцаў, амаль нікога з пісьменнікаў другіх народаў. Я адчуваю сябе адарваным ад гэтай масы незнаёмых людзей.
З таго часу прайшло якіх-небудзь тры гады. Але якая розніца, які вялікі крок наперад у руху нашай агульнай дружбы, узаемнага знаёмства і асабістай дружбы».
І далей, прароча ацэньваючы свае назіранні, заглядваючы ў больш аддаленую перспектыву, Колас працягваў: «Калі яшчэ не так даўно гутаркі аб мастацкай літаратуры, аб паэзіі насілі не зусім акрэслены характар, то сёння яны набываюць характар жывой канкрэтнасці, арганічнай сувязі з вялікімі задачамі нашай эпохі». Вельмі цікавае, вельмі павучальнае — і па мове, і па сутнасці — сведчанне, найкаштоўнейшы дакумент для даследчыка інтэрнаныянальных сувязей нашай літаратуры, дружбы і ўзаемасупрацоўніцтва літаратур.
Читать дальше