Ларыса летась многа чула, як Ніна, працуючы ў магазіне, часта сустракалася з вясковымі бабамі, ведаючы ад іх усе вясковыя навіны, не раз была завадатарам бурлівых вясковых плётак, падымала на ногі Міланькі ды Вішнёўку, перасварвала многіх людзей, за што нават сёлета вясною трапіла на таварыскі суд і «зарабіла» дзесятку...
— Толькі ты не кажы, што я табе сказала...— таемным голасам прамовіла Ніна і чакала, каб Ларыса паабяцала, што не раскажа пра гэта.— Сшэльміўся твой дарагі...
Ларыса ўсміхалася, але, пачуўшы гэтыя словы, перастала ўсміхацца, адчула, як трапятнулася сэрца, хлынула цяплынь да твару: зразумела, што гутарка ідзе пра Паўла.
— Прыехаў сюды адзін, то і загуляў з Танечкаю...— убачыўшы яе разгубленасць, дадала Ніна.— Ты ж ведаеш, што яна вартага каго ніколі не прапусціць... Няма цябе, то падкацілася, паўсміхалася... А ён у арміі быў, год жанчын не бачыў — і не вытрымаў, паддаўся ёй, прыгожай ды ліпкай... Яны, мужчыны, усе такія...
— Ах, вось што! — пастаралася абыякава сказаць і спакойна ўсміхнуцца Ларыса, але не змагла: балела сэрца і прылівала кроў да скроняў, блыталіся ўсе яе спакойныя дасюль, шчаслівыя думкі.— Сама выдумала ці нечыя плёткі перадаеш?
Спачатку яна думала добра распытаць Ніну пра ўсё гэта, дазнацца, што тая ведае. Пасля стрымалася і падумала, што не варта гэтага рабіць, не варта распытвацца іменна ў Ніны (калі ўжо спытаць, то не ў яе, а ў Ліліі Іосіфаўны — добрай, сумленнай і праўдзівай сяброўкі), а пасля — схамянуўшыся і перамогшы першы моцны боль — адумалася: не можа ўсё гэта быць праўдай. Не можа Павел — сумленны чалавек, ды яшчэ пасля столькіх сказаных і напісаных ёй добрых слоў, прызнання ў моцным каханні,— здрадзіць ёй. Калі ўжо яму не верыць, то тады трэба многаму і многім не верыць...
— Ты расстроілася? — ні то здзівілася, ні то абрадавалася Ніна.
— Я ж табе сказала: плёткі гэта,— пастаралася спакойна адказаць Ларыса,— нехта выдумаў, а ты разносіш...
— Сама, канечне, я не бачыла,— крыху адступіла Ніна, заміргала,— але гаварылі мне, што ён да яе ходзіць на кватэру, піў і танцаваў з ёю, на педсавеце разам сядзеў, пасміхаліся... Ды і мой Валодзя гаворыць, што яна сур'ёзна задумала твайго Паўла акалпачыць... Так што ты, калі думаеш толькі за яго выйсці, то прыедзь вось і адвучы адразу ад такіх штучак... І яе... Бо пасля бяда будзе, калі навучыцца і ў чужую гаспадарку зазіраць...
— Пайшлі, Ніна,— сказала Ларыса,— памагу паднесці ды яшчэ пахаджу па магазінах.
— Я летась свайго — ты ж добра бачыла — толькі так адвучыла ад памаўзы...— гаварыла Ніна.
— Толькі гэтым сям'і не зладзіш і не ўтрымаеш,— сказала Ларыса.— Калі няма добрага кахання, то няма і сям'і, шчасця.
— Я ж табе гаварыла... Цяпер ён бачыць, што я яго жонка, нідзе не дзенуся, вось ён і... А любоў... Як паглядзіш, няма ніякай любові, ёсць толькі нейкая прывычка... Ды якая мне цяпер ад свайго любоў трэба? Хай добрую капейку дамоў прыносіць, памагае, не п'е ды да чужых не ходзіць...
— А мне здаецца, што гэтага мала,— прамовіла Ларыса,— бо мала з чалавекам толькі разам з адной міскі есці і ў адной пасцелі спаць... Ёсць яшчэ важнейшае за стол і пасцель...
— Усё гэта халасцяцкія выдумкі маладых, якія многа начыталіся ды не ведаюць яшчэ нічога...— хмыкнула Ніна.— Адно хацець, другое — як выходзіць... Сама бачыш, во, не раз,— кіўнула сабе на жывот,— бывае. І не раз. Дык што гэта?.. Але жыць жа трэба...
Яны выйшлі на плошчу, ішлі асцярожна, прапускаючы аўтобусы і таксі. Плошча дыхала асфальтавым даўкім цяплом, сухім пахам пяску. Дзе-нідзе асфальт патрэскаўся, уздзьмуўся, і ў шчыліны наверх палезла зямля — гнала яе трава, кволая і бледная.
— А пра тое, што я табе сказала, спытай у дзяўчат вунь,— сказала Ніна, паказваючы на Лілію Іосіфаўну, Маю Сцяпанаўну і Ірыну Васільеўну, якія стаялі ля аўтастанцыі,— і яны табе пацвердзяць...
— Дзякую за параду, Ніна. Глядзі ўжо свайго Сліжа, а мы неяк самі разбяромся. Нам жа не па васемнаццаць гадоў...— стрымана і суха адказала Ларыса, што Ніна як зноў здзівілася, зірнуўшы на яе: я ж табе, маўляў, па-добраму падказваю, каб табе лепш было, а ты не на яго, а на мяне злуешся...
Але Ларыса не стала болей нічога гаварыць, зірнула на сваіх сябровак, па-жаночы паглядзела, хто з іх і як змяніўся за лета.
Здалёку ўбачыла, што Ірына Васільеўна яшчэ больш папаўнела, адзета ў знаёмую зялёную спадніцу і зямлістага колеру блузку; Мая Сцяпанаўна, гэтакая ж невысокая, поўненькая ды прыгожая, адзета ў новы крымпленавы сіні касцюм; Лілія Іосіфаўна, здаецца, яшчэ болей пахудзелая і патанчэлая за лета, надта ж высокая, з вельмі ж тонкімі нагамі, гэтаксама была адзета ў новую крымпленавую блакітную сукенку. Яна, Лілія Іосіфаўна, на добрую галаву вышэйшая тут за ўсіх, відаць, саромелася свайго такога высокага росту — старалася насіць на нізкіх абцасах туфлі, невысокую прычоску, згіналася і хадзіла, апусціўшы галаву. Ад гэтага яна неяк горбілася, яшчэ болей псавала сваю постаць. Але характарам Лілія Іосіфаўна была вельмі добрая — сумленная, сціплая, можа, нават і залішне сарамлівая.
Читать дальше