«Ці гэта мой дом сінее ў далячыні? Ці гэта маці мая сядзіць каля акна? Матуля, выратуй свайго беднага сына! капні слязінку на яго бедную галоўку! Зірні, як яны мучаць яго! прыгарні да сваіх грудзей беднага сірату! няма яму месца на свеце! гоняць яго! Матуля! пашкадуй сваё беднае дзіцятка!..»
Колькі разоў паўтараецца беднасць, колькі клічнікаў, таксама лішніх для сучаснага рэдакцыйнага грамацея!.. А яны — глыбіннае пульсаванне, дэтанаваныя штуршкі, стрымана-глухаватыя выбухі пачуцця. А потым, пасля шматкроп'я, такі нечаканы, такі неабходны абрыў:
«А ці ведаеце вы, што ў алжырскага дзея пад самым носам скуляк?»
I ўжо не смешна яно, хоць гэта i тормаз адтуль, дзе найвышэйшае адчуванне меры i такту. Хоць i смешна яно, але — са слязьмі. Тымі, што словамі значацца на яго надмагіллі, белым па чорным — спрадвечнае, прароцкае: «Горкім словам сваім пасмяюся».
Тое, што Гогаль. I смешны, i не. Кажучы найпрасцей.
1988
У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі — усюды яна... Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца i старому. I дзень ад гэтага даўжэйшы. I ўвесь з палітыкай!..
Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. I раптам — Смактуноўскі, якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака — Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..
Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.
Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра i хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.
* * *
Хораша гэта — месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес... I слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю i з сумненнямі: a ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча — дайшло.
I на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым i каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Macieja Buraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, — усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. I пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён i начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя i мне на семдзесят трэцім годзе ix існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.
* * *
Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.
Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў — не толькі пра ix умельства, але i пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах i яны ездзілі, а то i хадзілі далека ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.
I ў Беларусь траплялі. А потым — i на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.
Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.
Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой i немаччу на апошняй свабодзе...
* * *
Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам i пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.
Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы — «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?
Кандрат Кандратавіч, — а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, — наглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры i пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо i ён жа ад плуга, ад касы.
A ўлетку пяцьдзесят першага мы a Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аепірант, i мы вырашылі там жа, на рынку, i паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны — анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе — можна сказаць,, i процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся...
Читать дальше