Выпісваючы гэта ў сваім перакладзе, я думаў пра тое, што аўтар, i мой змалку любімы Мікалай Васільевіч, пісаў гэтую аповесць, ці не найбольш працаёмкую з усіх яго твораў, ва ўзросце дваццаць шэсць — трыццаць адзін, але многае за гэтыя гады сталення шмат разоў перапісаўшы, сцэну ад'езду Бульбы з Бульбэнкамі на Сеч пакінуў у першым варыянце. I ў гэтым бачыцца мне трываласць самага істотнага, трапнасць падачы яго ў найбольш адпаведны момант адчування. I хіба таму яна, тая мясціна ў аповесці, хвалюе мяне з найбольшай сілай, прайшоўшы ўсе праверкі часам i вопытам.
Цяпер — пра патрэбнае ў «Шынялі».
У наш суровы, бездухоўны час такое адчуванне зусім нядаўна лічылася, a кім i лічыцца сентыментальнасцю, закансерваванай у класіцы на ўспамін пра беззваротна мінулае. А сёння, у чэрвені восемдзесят восьмага, у мнагаслоўі перабудовы яно — яшчэ ўсё трывожна: a ці надоўга? — называецца то гуманізмам, чалавечнасцю, то ажыўленым рэлігійна-паэтычным словам міласэрнасць. Тое, што слабасць i сіла адразу, тое, што ў тайніках душы ад самага пачатку тоіцца побач з найзапаветнейшым словам, якое прачынаецца i выходзіць на вусны ў апошні момант адчайнай мужнасці, перадсмяротнага жаху, у невыносных пакутах i ў паніжэнні, — першае i апошняе чалавечае слова...
Як празаічна гэта, нібы звычайна:
«Толькі калі ўжо зусім невыносны быў жарт, калі штурхалі яго пад руку, перашкаджаючы займацца сваёю справай, ён гаварыў: «Не чапайце мяне, завошта вы мяне крыўдзіце?»
I тады ўжо непаўторна гогалеўскі па сваёй прастаце i змястоўнасці ўзлёт туды, адкуль ідзе наша галоўнае:
«I доўга потым, у самыя вясёлыя хвіліны, яму ўяўляўся нізенькі чыноўнік з лысінкай на лобе, ca сваімі праніклівымі словамі: «Не чапайце мяне, завошта вы мяне крыўдзіце?» — i ў гэтых праніклівых словах звінелі іншыя словы: «Я брат твой». I закрываў сябе рукою бедны малады чалавек, i шмат разоў скаланаўся ён пасля на сваім вяку, калі бачыў, як многа ў чалавеку бесчалавечнасці...»
З гэтага «Шыняля» нам бы як найдалей i вырастаць, i расці!..
I апошняе, што з «Запісак вар'ята».
Артыст быў не тое каб вельмі таленавіты, i чалавек ён, казалі, не надта цікавы, а я яму ўдзячны вось ужо трыццаць шэсць гадоў. На стагоддзі з дня смерці Гогаля ён вынес на людзі тое, што хвалявала мяне зноў жа ў маленстве, вынес на сцэну адтуль, з надкніжнай адзіноты, ад сутыкнення дзіцячай чысціні i велічы слова, якое — як зорнае неба, што над табою, калі ты адзін у дарозе, ідзеш i спыняешся, i глядзіш...
«Інтэлігент у першым пакаленні». I я магу так сказаць пра самога сябе, з агаворкай, што ў нашай сям'і я не адзін такі. Нада мною было дзве сястры i чатыры браты, усе пісьменныя, хто з пачатковай, сярэдняй, а хто i з вышэйшай асветай, усе чыталі, хто менш, а хто i вельмі нямала, калі мне сёння параўнаць з начытанасцю нават некаторых літаратараў. Але ні сапраўднага спевака, ні сапраўднага драматычнага артыста я, пакуль гадаваўся ў вёсцы, не чуў i не бачыў. I не скажу, што быў ад гэтага ў вялікай духоўнай нястачы. Няхай засведчыць фальклор, як яны i жывуць у народзе, i радуюць людзей у найважнейшай працы — таленты з самых нізоў. Былі яны i ў маім сялянскім асяроддзі. На патрэбу сваю, няхай сабе без прафесійнай вывучкі, аднак i спявалі яны, i расказвалі, i смяяліся з божай іскрой. A ўжо ж як прафесійнасць, адукаванасць ды спалучаецца з душой — гэта зусім ад сапраўднага.
Калі гаварыць толькі пра Гогаля, дык «Рэвізора» на вялікай сцэне, у маскоўскім Малым тэатры, я пабачыў на трыццаць пятым годзе жыцця. Урывак з «Запісак вар'ята» слухаў са сцэны па ўзроўні меншай, у мінскім рускім тэатры. Тою самай юбілейнай вясною. I ў Маскве, i дома я быў, нарэшде, шчаслівы дасягнутым, аднак не залішне думаў пра высокую прафесійнасць ды славутасць тых, што i мне давалі Гогаля, — галоўнае было ў ім, у свеце яго, i ў тым таксама, як той свет быў i маім, у пажыццёвых скарбах маёй памяці.
Артыст чытаў...
Я зноў жа адхіляюся ад рускага слова ў сваё, перакладаю i гэты фрагмент. Спачатку вырываючы паасобныя сказы. Такія: «Што я зрабіў ім? За што яны мучаць мяне?» Тут у душы маёй ажываюць згаданыя словы беднага героя «Шыняля», з новай сілай вяртаедца тое самае адчуванне. Тады яшчэ: «Выратуйце мяне! вазьміце мяне! Дайце мне тройку быстрых, як віхар, коней!..» Яшчэ раз тройка, але ранейшая ды іншая, чым у «Мёртвых душах», хоць у нечым калі не такая, дык падобная — з тым самым пафасам i адчаем, з выхадам на ўвесь свет, аднак не гістарычнапатрыятычная, а журботна i нават цёпла агульналюдская. Можа, адгэтуль i «струна звініць у тумане», i «з аднаго боку мора, з другога Італія», а тады ўжо «і рускія хаты паказаліся»?.. I, нарэшце, заканчэнне цалкам. Як геніяльны заклік да святое міласэрнасці:
Читать дальше