Сабраўшыся ў адзін пакой, найбольшы, мы, слухачы, калектыўна зубрылі ды абмяркоўвалі свой найадказнейшы прадмет, стараліся адолецьтакі славуты чацвёрты раздзел...
Над вечар аднаго з тых аўральных дзён Броўка вельмі дарэчы запрасіў нас да сябе, на другі наверх, паслухаць новыя вершы. Яны былі розныя, але крытыкі з нашага боку ён не пачуў, дый не надта чакаў яе — старшыню свайго мы ведалі. Гасціннасць яго — таксама. Знайшлася чарка, закуска, пайшла гамана. I да песень дайшло б, балазе гаспадар спяваць любіў i мог, дый памагчы яму маглі б.
Ды тут пачуўся стук у дзверы i ўвайшоў — наш паважаны патрыярх.
Трыццаць пяты гадок ідзе з таго вечара, i я не буду ляпіць недарэчную п'есу з той нашай гутаркі. У памяці найлепш замацавалася першая Коласава фраза:
— Во, а пра старога Якуба i забыліся!
Нягучна сказаў, трохі нібыта для смеху, а больш дык з прыкметнай крыўдай, зразўмелай таму, хто i сам да нечага падобнага дажыў.
Апроч гэтых слоў я запомніў два моманты, з-за якіх усё i запісваю.
Расказваючы нам сёе-тое з трыццатых гадоў, дзядзька Якуб сказаў, што тры гады ён спаў не распранаючыся — чакаў... Змест гэтых слоў, нібыта зразумелых, так i застаўся тады глыбей не раскрытым.
Другое — гутарка пра Дастаеўскага.
Не памятаю, як ён пачаў яе, якія словы былі, помніцца тон — мудрае захапленне сапраўднага інтэлігента з народных нізоў, настаўніка i паэта, якому было што сказаць. Пра веліч мастака, псіхолага i гуманіста.
Гэта ўжо сёння мы глядзім на аднаго з найвялікшых у рускай i сусветнай літаратуры праз два яго Зборы твораў — дзесяцітомны, першы пасляваенны, i праз магутны акадэмічны трыццацітомнік. Гэта ўжо сёння можна ўбачыць у кнігарні той ці іншы раман ці аднатомнік Дастаеўскага, яшчэ не куплены якім-небудзь нямодным чытачом. У тыя паслясталінскія дні пра Дастаеўскага гаварылася яшчэ ўсё ледзь не шэптам, a кнігу яго можна было пазычыць па блізкім знаёмстве.
Найглыбейшы ідэйны папрок, які я пачуў пра свой раман «Граніца» на яго першым абмеркаванні ў канцы сорак дзевятага года, гэта была «дастаеўшчына», «корпанне ў чалавечых перажываннях». Забягаючы на тры гады наперад ад той нашай гутаркі ў Каралішчавічах, згадаю люты знамянальнага пяцьдзесят шостага, ленінградскі музей Някрасава. Мы з жонкай распраналіся ў гардэробе, самавітая музейная бабуля нешта вязала i слухала радыё. «Вот те и на! — раптам не вытрымала яна, як да сваіх, звярнуўшыся да нас. — А сама ведь видела, как мемориальную доску ломом-то отдирали!..» Перадача ішла — подых свабоды! — пра Дастаеўскага.
Я ведаў яго, так сказаць, па-заходніцку. Ca старых выданняў i па польскіх перакладах. «Записки из мертвого дома», «Преступление и наказание», некаторыя апавяданні, «Gracz», «Bracia Karamazow». Так нямала i так далека не ўсё! Ведаў няхай не падпольна, але ж, як аказалася потым, i збоку ад генеральнага курсу.
Адтуль, ад гэтага курсу, ішла i Броўкава нязгода з Коласам. Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі, у прысутнасці яе маладзейшых прадстаўнікоў, прытым, за выключэннем аднаго, беспартыйных, ён не згаджаўся, пярэчыў, прыгладжваў. Як мне яно i дагэтуль чуецца — на ўзроўні тагачаснага «Блакнота агітатара», не вышэй. Аднак афіцыйна, настойліва, нават ca страсцю свайго прывычнага аратарства. Пра «рэакдыйнасць», «Бесаў», «мракабесаў». Ажио стары замоўк, а потым заключыў дыскусію, па-свойму, па-народнаму грубавата, знішчальна:
«Філосафы!.. Каб я сюды не прыехаў, каб днушкаў вам не нарабіў, дык вы так i с... на голым холадзе. A ў філасофію лезеш!..»
Мы, слухачы, смяяліся потым. Там стрымаліся, не пазіраючы адзін на аднаго. I на збянтэжанасць гаепадара.
* * *
У маі пяцьдзесят чацвёртага года, перад святам трохсотгоддзя ўз'яднання Украіны з Расіяй, у Кіеве праводзілася Дэкада рускай літаратуры i мастацтва. Глебка, Шамякін i я былі гасцямі гэтай дэкады. Потым Шамякін паехаў дахаты, а мы з Пятром Федаравічам засталіся на асноўнае святкаванне.
Пачуўшы, што ў беларускай урадавай дэлега цы i прыехаў i Якуб Колас, мы пайшлі адведа ць яго. Стары вельмі ўсцешыўся:
— Як гэта добра, хлопчыкі, што вы прыйшлі!..
Усцешыўся i наш прэзідэнт, які па-суседску, са шлейкамі на беленькай расшпіленай кашулі, зайшоў неўзабаве ў Коласаў нумар.
Аказваедца, што яму, дзядзьку Якубу, якому i семдзесят другі год, i няможацца, i сапраўдны народны паэт,— яму трэба напісаць выступленні тром членам беларускай дэлегацыі. Самому таварышу прэзідэнту, бо звыш прамовы, напісанай яму ў дарогу рэферэнтамі, трэба i яшчэ адна. Сакратару аднаго з абкомаў партыі, чалавеку на трыццаць з гакам маладзейшаму за паэта. I работніцы тонкасуконнага камбіната, наогул ледзь не праўнучцы дзядзькі Якуба па гадах. Зрэшты, i прэзідэнт быў за яго маладзейшы на цэлы сыноўні век.
Читать дальше