Расказваючы мне пра гэта, колішні зямляк, жыдок з Турца, цяпер ажно маскоўскі бухгалтар на пенсіі, расчулена смакаваў гэтую «смекалку», ажно вочы заплюшчыўшы:
— Огурчик — рубль! Огурчик — рубль!.. I рубель жа не сённяшні, a сталінскі ці хрушчоўскі.
* * *
Вярнуўся з ЗША з нейкай вялікай удачай у сваім бізнесе, а дома, ледзь не з ходу — шырокі інфаркт i некралoг з памінальнай нацяжкай.
Прыгадаўся пачатак ягонай кар'еры, кніга рускіх народных казак, поўная адкрыта-агіднага брыдкаслоўя, але для гандлёвай прыманкі маляўніча аформленая пад кнігу для дзяцей. На паседжанні праўлення Саюза пісьменнікаў, у «розных», яна разглядалася як шкодная парнаграфія. А ён, выдавец-пачатковец, моўчкі адседжваў сваё за доўгім сталом i толькі прытоена ўсміхаўся, трэба думаць, з таго, якія мы ўсе прастакі ca сваёю адсталай маральнасцю.
* * *
Наша Крынічнае.
Да ўсяго прывыкаеш. Салаўёў яшчэ застаў, але запісваць не пацягнула. A жураўліны пераклік за Нёманам, дзе лугі тым часам дружна пайшлі ў зеляніну ад начных i дзённых дажджоў, чую кожную раніцу з дарогі ў пасёлак, як быццам без хвалявання, як штосьці звычайнае, неад'емнае. Што ж, на дваццатай тут вясне.
* * *
Рэкс на ланцугу, злосна гаўкае ад будкі, ніяк не можа змірыцца з тым, што мы даўно знаёмыя, што я тут як свой чалавек. А малая чорная сучка (прабачце, забыўся за зіму, як вас завуць) то моўчкі тупаціць, то сядзіць каля ганка, начэкваючы, што гаспадыня нарэшце выйдзе i штосьці дасць. Ніяк не паддаецца на мае пацмокванне, упрошванне падысці да лаўкі, дзе я прысеў з малаком, пад маю далонь, каб пагладзіў. Толькі сярдзіта, нягучна пагаўквае на камароў, на ляту хапаючы ды чаўкаючы ix. Гаворыцца: «Як сабаку муха». А тут жа яшчэ меншая назола.
* * *
Спёка ледзь не па-летняму. Яблыні дацвітаюць багата, як лапчатым снегам пасыпваючы пялёсткамі на траву i на яшчэ адкрытую зямлю.
Абедаем на кухні. А потым хтосьці першы, нечакана:
— A зірніце ў акно! I хмары няма, a такі спорны дождж!
Потым я выйшаў на ганак і, прысеўшы, пачаў любавацца, што адбылося ў такой раскошы, пасля некалькіх дзён спякоты i гут, не толькі ў горадзе, перад нашым ад'ездам сюды.
Багаты ў сонцы цвет яблыні хутка намок i абвяў, густа абсыпаўшыся вялікімі бялячкамі пялёстак. А чарэшня, што адцвіла раней, стаіць сабе ў сонцы, яшчэ ўсё шчасліва мокрая.
Шпак, сёлета першы для мяне, прысеў на найвышэйшай галінцы чарэшні. Мала гэтага — пырхнуў яшчэ вышэй, на высачэнную галінку таксама мокрай ліпы. Добра быць птушкай! Усё навокал ды зверху — яшчэ прыгажэйшае.
* * *
Сонца i цішыня. Пасля ўчарашняга дажджу квецень не вярнулася на яблыні. Цвітуць толькі бэз i каліна. Неяк песенна, нават запісваць прыемна.
* * *
Вячэрняе бойкае вогнішча. Самотна высокі, няпоўны месяц на другой квадры. Скрылікі сала i лустачкі хлеба на ражэнчыках. I салаўі ў цёмнай надрэчнай гушчэчы. Спачатку далекавата, а затым спакваля бліжэй, бліжэй, як быццам зацікаўленыя вогнішчам.
Toe, што потым, здалёк успамінаецца як шчасце.
* * *
Шырокія аўтакаляіны прылясной дарогі ўтапіліся ў павышэлай ад дажджоў траве, а замест ранейшага пылу на ix, цяжкага для хады, гладкая ўезджанасць, па якой ідзецца тупка.
He толькі мне.
Павярнуўшы з двара на дарогу, заўважыў водцаль у каляіне... бусла. Так проста гэта i так незвычайна, ніколі не бачана, каб i ён уладзіўся прайсціся!.. А мне прыйшлося яму перашкодзіць, хоць я спачатку i пайшоў павальней. I раз, i два азірнуўшыся на мяне, буська няспешна, але ж i абачліва падскочыў, залапаў крыламі ўшырыню, на выгляд цяжка ўзняўся, пашыбаваў над дарогай i ўзлескам, пад ранняе сонца, туды, дзе асядзе тонка-чырвонымі цыбамі на росна-зялёнай роўнядзі, закіне дзюбу ў неба i зойдзецца шчаслівым клёкатам-смехам.
* * *
На самым лісцяным чубчыку старой, разложыстай бярозы, у сонейку — зязюля. Спыніла мяне голасам, бачу яе знізу, з дарогі, i збоку, у профіль. Як яна ледзь прыкметна, рытмічна патузваецца раскрытай дзюбай наперад, у лад свайму прыемна простаму, заўсёды новаму «ку-ку!..».
I такая яшчэ падзея на пачатак новага дня.
* * *
«Кнігазбораўскі» аднатомнік Наталлі Арсенневай.
...Скрозь у яе сінь, пачаўшы з заходнебеларускага зборніка «Пад сінім небам». Сінія завеі, сінню ўмыцца, сніць сінь, рассініць далеч год, сіняя пушча... I далей, i далей... I толькі ў палавіне кнігі, у вершы «Пачакай»:
I блакітным ладанам удален
Найшчырэйшая плыве туга.
Па найвышэйшым рахунку — найлепш у яе з прыродай. I ніхто ў падобным выпадку не папракне толькі пейзажамі боскага Левітана... Можна сабе дазволіць такую раскошу i ў паэзіі. Бо прырода ў яе ідзе праз душу, часта наводзячы на светлае, высокае, чалавечнае па-жаночы. I сінь, сінеча — ад вясёлай, шчаслівай, як кажуць палякі, пагоды духа, ад глыбіні чыста-мірнага неба.
Читать дальше