* * *
Востра адчулася, што маё, у той ці ў іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі i гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязлітаснай шчырасцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў i мой сацрэалізм...
Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасць, то па наіўнай шчырасці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменнікам, бо іншым быць i не мог. Калі б вайна, аб'яднанне Беларусі адбыліся гадоў на дзесяць пазней, я, жывучы ў Заходняй, застаючыся селянінам, можа, i змог бы стаць, як літаратарсаматужнік, у пэўнай меры значным ці прыкметным сваёй шчырасцю, праўдай жыцця, аднак — гэта ж толькі калі б...
* * *
Старому чалавеку трэба трымацца прыстойна ды лішне не вякаць. I ў літаратуры.
* * *
Забалела, што нехта так i пайшоў з жыцця, беспадстаўна чорна думаючы, танна ды пошла пляткарачы, з даносным намёкам пішучы пра мяне ананімна...
* * *
У «Литгазете» прачытаў нядаўна вершы Якава Хелемскага, у адным месцы цёпла засмяяўшыся ад канцоўкі верша, які пачынаецца такім знаёмым i мне настроем:
Надоела безнадёга,
Поспеши расстаться с ней,
Жить осталось так немного,
Не губи закатных дней.
Можна было б працытаваць i дванаццаць наступных радкоў, але бяру канцоўку:
Побеседуй с музой пылко,
Белый лист в машинку вдень
И, воскликнув: — Жив курилка! —
Оправдай дарёный день.
Крыху залёгка, можа, i з пэўнай бравадай, але ж i весела, услед за народнай мудрасцю.
I трэба ж!— тое чытанне аказалася нейкім уступам, нейкім прадбачаннем у мяне — ад Яшы прыйшла бандэроль, зборнік вершаў «Високосный год» з сяброўскім, верыцца, шчырым аўтографам. Учора, пасля дажджлівай хмарнасці захад рэзкавата распагодзіўся, i я закончыў дзень чытаннем таленавітай паэзіі даўняга i актыўнага сябра беларускага слова.
У Салжаніцына («Бодался теленок с дубом») спадабалася:
«Что-то скажется прямо о Боге, заплеванном семечками атеистов».
I яшчэ, пра аўтабіяграфічнасць:
«За всей жизнью пером не поспеешь».
A ў Лужаніна пра адзіноту (i назва верша такая):
Напішаш ліст, вазон пальеш,
Глядзіш, i дзень правёў,—
Кароткі дзень старэчых спраў.
* * *
Драбніца, што даволі часта паўтараецца:
Яшчэ старонка ў кнізе не дачытана, a ўжо адчуваецца, што на наступнай будзе канец раздзела. I амаль ніколі не памыляешся.
Тут i аўтар кнігі вінаваты: сам хоцькі-няхоцькі выдае, як закругляецца.
* * *
Пасмяемся са старасці — сваёй.
З дачным суседам, хоць i на шэсць гадоў маладзейшым, за паўтара кіламетры штодзённай няспешнай хады з пасёлка з малаком, так i не ўспомнілі, як называецца той звер, што не аса, не чмель, але кусучы i наймацней, i, на дадатак, небяспечна. Суседаву жонку пазалетась ён цяў у аголенае перадплечча, i яна паняньчылася з пякучай пухлінай даволі доўга. А на маім гарышчы гэтая поскудзь гудлівая змайстравала сабе пад вільчыкам даху адмысловае гняздо, белае ды пукатае, як добрае вымя ў каровы, i майму маладому гаспадару трэба было дадумацца прывезці з Мінска пыласос, паставіць у ім задні ход, зарадзіць разведзенай атрутай, якую яму нараілі, шумануць у тое «вымя», i яны пасыпаліся долу, на дашчаны насціл — цэлая горба вартых жалю мерцвякоў... Словам — даўнія нашы знаёмыя, а як яны называюцца, мы з суседам нарэшце ды раптам, нібы між іншым, але ўжо дома, кожны па сабе, успомнілі, што гэта ж проста шэршні!
Сустрэўшыся назаўтра ўранні, пасмяяліся самі з сябе — во дажыліся! I што ж, вяртаючыся з малаком, зноў застопарыліся, на іншым пытанні. Ёсць у нас, беларусаў, тры падобныя назвы мясцінаў на бліжэйшай Міншчыне: Смалявічы, Смілавічы... Ну, а як жа трэцяя? I бывалі ж там у свой час, адтуль пачатак нашых яблыняў, чарэшань, сліў, алычы, кустоў агрэсту, парэчак, купленых ушчэпамі ды чаранкамі ў багатых інстытуцкіх гадавальніках. А як яна, тая мясціна, называецца — зноў жа ўспомнілі дома, кожны сабе — Самахвалавічы!..
Колькі адкрыццяў, амаль кожны дзень!..
У самым нягеглым настроі, калі i не пішацца, i чытаць выпадковае надакучыла, i надвор'е гнілое, нават бяссонніца прыплялася, уранні, адзяваючыся, падумаў, што новыя тапкі, нядаўна купленыя мне нявесткай, трэба будзе забраць у Мінск, каб, як хто прыйдзе, было што прапанаваць разутаму. Ледзь не ўголас сказаў гэта сам сабе і... засмяяўся. Ну вось, няма чаго скардзіцца —i вялікія думкі таксама ж прыходзяць!
Читать дальше