Здзівілі мяне, што на тых раўнінах шмат салёных азёраў. А ў Патагонскіх Андах бялелі леднікі. Пуна-дэ-Атакама аказалася прыгожай высокагорнай трапічнай пустыняй.
Уздоўж рэчак Парагвай і Парана – суцэльная балотная расліннасць, – як і ў нас, ў нізіне Прыпяці, пад Мазыром ці Туравам...
Я заходзіў у тэатры, бібліятэкі, музеі, – уражваўся гісторыяй і культурай незнаёмага мне народа. Ашаломлівалі – і паэзія В.Лопеса-і-Планеса – аўтара нацыянальнага гімна, Х.Круса Варэлы, Э.Дэ Лукі. Начамі зачытваўся народнай паэзіяй “Гаўча”. А яе прадстаўнікі Б.Ідальга, І.Аскасубі, Э.Дэль Кампа, Х.Эрнандэс, які напісаў паэму “Марцін Ф’ера” – яна стала нацыянальным здабыткам і эпапеяй гонару нацыі.
Не меней здзівіла і проза. Недасягальная тайна хавалася ў творчасці А.Варэла, Э.Л.Кастра, Л.Гудзіньё Крамера...
Праваднік, ці гід, вадзіў мяне па самых запаветных куточках горада, паказваў, здзіўляў, радуючыся сам, што ўсё ўбачанае бальзамам кладзецца на маё сэрца.
Але найбольш, канечне ж, мяне цікавіў жывапіс.
Выяўленчае мастацтва аргенцінцаў бярэ пачатак яшчэ з часоў набыцця незалежнасці. Мастакі Р.Манвуазен, К.Пельегрыні, С.Бакль сталі піянерамі ў бытавым жанры, пейзажы, партрэце...
Гадзінамі прастайваў каля манументальных роспісаў, прысвечаных гісторыі Аргенціны. Заснавальнікам “новага рэалізму” з’яўляецца А.Берні. Разам з мексіканскім манументалістам Д.А.Сікойрэсам і аргенцінскімі мастакамі Д.Уручуа і Х.К.Канстаньіна яны і стварылі манументалізм...
Пранізвала душу мелодыя “Аргенцінскага танга”. Яна гучэла ўсюды, куды б я ні заходзіў – у кавярнях і рэстаранах, на вуліцы і на параходзе, у гасцініцы і на аўтобусных прыпынках. Яна доўга гучэць будзе ў маёй памяці, калі не ўсё жыццё. Чаму яго так любіла Жанета?
– Пайшлі, Антон, наведаем выстаўку мастакоў, – прапанаваў мне мой сябра Хорхе – мастак новай плыні, нястомны працаўнік – месяцамі не выходзіў са сваёй майстэрні...
– З вялікай ахвотай, – згадзіўся я. – Але куды?
– А куды-небудзь... Наўгад...
Мы з ім аб’ездзілі ўсходнюю частку вострава Вогненная Зямля і астравоў Эстадос. Я зрабіў сотні замалёвак, накідаў... Хорхе не маляваў, ён адпачываў, глядзеў, як я працую, адабральна ківаў галавой.
Буэнас-Айрэс свяціўся, зіхацеў, пераліваўся неонавымі пырскамі. Усюды звінела музыка, ўсміхаліся людзі.
Мы паехалі на ўскраіну горада. Правільней будзе сказаць, туды, куды вёз мяне сябра. Сышлі на апошнім прыпынку. Да мора – сотня крокаў. На прычале, гайдаліся лодкі і лодачкі, яхты і караблі, цесна прытуліўшыся да берага.
Я пільна прыгледзеўся да іх: адзін з караблёў прыцягнуў маю ўвагу. Ён быў вышэй за ўсіх, бялей за ўсіх, велічны і таямнічы.
– Прыгожы ветразнік, – выказаўся я, паказваючы позіркам на аб’ект майго здзіўлення.
– Гэта ўсяго толькі яхта, – паправіў мяне Хорхе.
– Ды не, я кажу пра той, што з трымя мачтамі, з пунсовымі ветразямі – як у творах расійскага пісьменніка Аляксандра Грына.
Ён доўга ўглядаўся ў каланаду караблёў, жмурыўся, прыкрываў даланёй ад сонца вочы.
– Там няма такога... – паціснуў плячыма.
– Выбачай, значыць, я памыліўся, – згадзіўся з ім, таму што не хацеў спрачацца, усё яшчэ не адрываючыся позіркам ад пунсовых ветразяў. – Куды мы далей?
– А хаця б во сюды, – паказаў Хорхе на пятнаццаціпавярховы будынак, – тут выстаўляюцца маладыя мастакі. І вядомыя майстры, і тыя, хто толькі пачынае свой творчы шлях...
– А да каго мы пойдзем, ты ведаеш?
– Ведаю, Антон. Яго завуць Хуан Падэста. Экспрэсіўны мастак, смелы і напорысты. Выйграў конкурс на сваю выстаўку. У яго быў канкурэнт – Паўэла. Вельмі засмуціўся, калі даведаўся, што Хуан стаў першы... Напіўся ў той жа вечар, ды папаў пад машыну... Хуан не толькі мастак, ён яшчэ і пісьменнік...
“Мая гісторыя, – падумалася мне, – і няўжо яна паўтараецца і ў іншых?..”
На першым паверсе, які свяціўся зыркімі агнямі, знаходзіўся мастацкі салон. Людзей у зале было і не вельмі шмат, але, каб падступіцца да карцін, патрабавалася асцярожлівасць, каб некага не зачапіць.
І мне, з першага ж позірку, прыйшлася да спадобы творчасць Хуана Падэсты. Скрозь на палотнах – зоркі, космас, планеты, партрэты. І – Чалавек на абсягах Сусвету.
Увагу прыцягнуў партрэт – у куце каля шырокага акна: партрэт дзяўчыны ці маладой жанчыны. Чырвоная стужка на ілбе.
Мне стала не па сабе, заныла сэрца: “Няўжо?! Няўжо – Жанета? Адкуль тут яе партрэт?” За яе спіной сядзелі Ван Гог і Леанарда – на беразе мора, адвярнуўшыся ад нас, – як і тады, калі я праведваў Паўла...
Читать дальше