– Што з табой, Антон? – зірнуўшы на мяне, перапалохаўся Хорхе. – Табе блага?
– Нічога, нічога, хутка пройдзе...
Але яшчэ больш уразіла наступнае палатно... Ужо сеў, каб не ўпасці. Я ўбачыў партрэт... Анатаса. Таго Анатаса, які ў капелюшы, і з яго тырчэлі рогі...
“У якім часе я знаходжуся? – у мяне ўсё пахаладзела ўсярэдзіне, і пачалі прабіраць нервовыя дрыжыкі. – Што гэта, адкуль? Новае выпрабаванне?..”
Хорхе пасадзіў мяне на канапку. Сам сеў побач.
– Хорхе, а ці можна мне пагаварыць з мастаком?
– Ды няма праблемаў, дружа! Пасядзі, а я пайду адшукаю яго...
Я нічога не разумеў, быў у роспачы: дзе я, што са мной? Гэта рэальнасць, ці я зноў падпаў пад уладу сваёй жа фантасмагорыі
– Дзень добры! Вы мяне хацелі бачыць?
Каля мяне стаяў юнак гадоў дваццаці пяці. Доўгія валасы, бародка.
Я падняўся, стаў насупраць. Вочы блакітныя, як неба, і ў іх убачыў нешта роднае, напаўзабытае.
– Так, я вельмі хацеў вас бачыць... Я – Антон Клімовіч, мастак, прыехаў з Ліцвініі...
– Гэта там, дзе Мазыр і Тураў?
– Так, так...
– Я ў сусветным каталазе бачыў вашы працы, – працягваў далей Хуан, – і яны мне вельмі спадабаліся... Мне чамусьці сніцца вашая краіна, сніцца Прыпяць і Сож, і ў сне я часта гуляю па беразе вашых рэчак, быццам і нарадзіўся там, правёў дзяцінства...
– Дзякую, што вы любіце мой край. Хуан, а ў мяне да вас такое пытанне: ці можна даведацца, што за жанчына намалявана на гэтым палатне?
Ён, падалося мне, не здзівіўся пытанню, зірнуў на партрэт:
– А, гэта... Ды як вам сказаць... З гэтым палатном звязана нешта містычнае, а што, і сам не магу зразумець. Аднойчы да мяне ў майстэрню, позна вечарам, зайшла жанчына ў зялёнай доўгай, да самай зямлі, накідцы. Паставіла каля дзвярэй нешта, загорнутае ў тканіну. “Гэта табе, – прамовіла яна і заўсміхалася, – гэта мой падарунак... Раз ты мяне ніколі не бачыў, то няхай хоць гэтая выява напамінае пра мяне...” Яна дакранулася да дзвернай ручкі, каб выйсці, і я паспеў папытацца: “А вы хто?” Жанчына сагнала з твару ўсмешку, паправіла на ілбе чырвоную стужку, адказала ціха: “Я? Я, Хуан, твая маці...” І адразу ж знікла, пакінуўшы ў майстэрні пах невядомых мне духоў і водар лугавых кветак...
– А другі партрэт, Хуан, – чалавек у капелюшы, з якога тырчаць рогі?
Мастак уздыхнуў, паціснуў плячыма:
– Пра яго нічога не ведаю. Калі разгарнуў падарунак, то і ўбачыў гэтыя два палотны... А чаму вас так зацікавілі гэтыя два партрэты, шаноўны спадар Антон?
Я ўздыхнуў, сядаючы зноў у крэсла:
– Таму, што адзін з іх маляваў я... Той, дзе з капелюша тырчаць рогі...
– Вы? – акругліў вочы мастак. – Дык вы, напэўна, і ведалі маю маці?
Пра сябе мог у той момант сказаць з ўпэўненасцю – я быў разбіты і раздзёрты... Ухапіўся за руку Хуана, сціснуў, што было сілы, а пра сябе падумаў: “Божа, няўжо я трымаю руку свайго сына?!”
Хуан маўчаў, толькі здзіўлена паглядаў на мяне.
Праз нейкі час мы сядзелі на тэрасе, якую абсталяваў Хуан на даху высотнага дома, пілі гарбату.
Размаўлялі як даўнія знаёмыя, блізкія людзі, якія ніколі і не разлучаліся.
– Ты любіш падарожнічаць, Хуан? – спытаў я ў мастака, успамінаючы яго сюжэты, якія бачыў на выстаўцы.
– Люблю... Вось і заўтра адпраўляюся ў падарожжа. Адпраўляюся вунь на тым ветразніку, – паказаў рукой на бераг акіяна. – Пад пунсовымі ветразямі буду падарожнічаць і працаваць.
Хорхе насцярожыўся, падышоў да бардзюра тэрасы, перапытаў, гледзячы ўжо на мяне:
– Дзе, Хуан? Я не бачу тых ветразяў...
– Ды вунь там, насупраць маяка – самая высокая мачта. З чырвонай паласой на бакавіне...
Ён падаў Хорхе бінокль. Але той і з біноклем не бачыў чырвоных ветразяў. Не бачыў тады, як я казаў яму пра іх, не бачыў і цяпер...
– Не знаходжу, няма, здаецца, – прызнаўся Хорхе, зноў сеў ў крэсла, паклаўшы на стол бінокль.
– Іх ніхто не ўбачыць, – прамовіў я. – Ніхто.
– Чаму? – пацікавіўся сябар, пільна паглядзеўшы на мяне.
Я не адказаў, але пацікавіўся ў маладога мастака:
– Што за падарожжа, Хуан?
– Цікавае падарожжа, спадар Антон! Заманлівае...
– Заказ атрымаў выгадны? Грошы вялікія паабяцаў багацей? Каньяком французскім частаваў? Салодкімі грушамі, як мёд? І цяпер яны ў цябе на стале. І ты “Рэквіем” напісаў, а твой заказчык паабяцаў выдаць кнігу ў сваёй друкарні... Пра Бога і Біблію вы будзеце весці дыскусіі, ці не так?
Я пагатоў быў узарвацца, перайсці на крык.
– Адкуль ведаеш, Антон?!
Маё маўчанне доўжылася каля хвіліны.
– І прасіў пісаць свой партрэт на сваім ветразніку. Усяго пяць сеансаў. За кожны ён адваліць табе па дзесяць тысячаў... І задатак ты атрымаў... Ганарышся, геніем сябе адчуў, як і сказаў пра тое заказчык? І тэлефон яго складаецца з шасцёрак і дзевятак, хіба не так? І завуць яго Анатас?
Читать дальше