Хуан збялеў, гледзячы на мяне, нахмурыўся.
– Запомні, Хуан, чым саладзей абяцанне, тым больш у ім атруты. Не хадзі туды, сын! Гэта пастка! Гэта – спакуса... Адмоўся, Хуан, прашу цябе, умольваю! Каб потым ты не шкадаваў пра тое...
– Аб чым – не шкадаваў? Гэта ж усяго на пяць-шэсць дзён... Не больш...
– Адмоўся, Хуан, – настойваў я. – Яшчэ не позна, бо будзеш потым шкадаваць усё жыццё, калі яшчэ застанешся жывы….
На нас здзіўлена паглядаў Хорхе – нічога не разумеў з нашай размовы. Як і не разумеў мяне мой сын...
– Я падумаю, – прашаптаў ён, усё яшчэ гледзячы на бераг акіяна. – Я падумаю... Сам бачу, што апошнім часам нешта няладнае творыцца са мною...
Нейкі злы рок лучыў не толькі па маіх слядах, а і па слядах майго сына. Можа, гэта Анатас помсціў мне, што я так абышоўся з ім? Які грэх на мне? У жыцці кожнага чалавека існуе свой Анатас, і галоўнае не даць яму волі, не прадацца яму.
А, можа?.. Можа, гэта я за Паўла і Жанету сплочаю? А Жана просіць засцерагчы Хуана ад спакушэння...
Ці ўдасца мне гэта, ці хопіць у мяне сілаў вытрымаць новае выпрабаванне?
Ніхто не адказваў на мае роспачныя пытанні...
Маўчаў мой Голас. Маўчала Яніна.
Я трымаў за руку Хуана, баючыся адпусціць яго ад сябе. Мне здавалася, што адпушчу, страчу назаўсёды.
І тады мяне асяніла...
Я зняў з сябе бабульчын крыжык. Папрасіў Хуана схіліць галаву – павесіў яму срэбны крыжык на шыю. А на стол, перад ім, паклаў іконку Святой Троіцы.
Узяў з вазы, што стаяла на століку, тры вялізныя, сакавітыя ігрушы – і па чарзе выкінуў іх за парэнчы: у пусты двор... Пачуліся тры глухія выбухі – як усё роўна ўзарваліся гранаты.
Хуан, збялеўшы, здзіўлена паглядзеў на мяне. Мой ледзь заўважны ківок галавы азначаў: “Так трэба, сын, так трэба...”
Хуан перавёў позірк на бераг. Доўга ўглядваўся, і нічога не ўгледзеў... Узяў бінокль, накіраваў туды.
– Я не бачу яго, бацька, – прамовіў ці то з радасцю, ці то са шкадаваннем. – Карабель знік...
– Ён знік, сын, назаўсёды!..
Хуан сеў зноў за стол, пільна паглядаў на мяне, пэўна чакаючы тлумачэнняў.
Падалося, што за яго спіной паказалася Яніна. А потым яе змяніла Жана-Жанета. Радасна ўсміхалася, дзякавала позіркам, што дапамог я Хуану пазбегнуць спакусы славай, і ён не паўторыць нашых памылак. Маіх памылак.
13.
... – Піць, ён хоча піць! – радасна абвясціў жаночы голас, які прагучэў побач са мною. – Ён прачнуўся, доктар!
“Дзе я? Што са мной?”
Не разумею нічога – нада мною схілілася Ліка. Смяецца і плача, слёзы капаюць мне на твар. І даччынае аблічча калышацца ў блакітным мроіве.
Доктар праз шкельцы акуляраў узіраецца ў мяне. Бачыліся яшчэ нейкія – знаёмыя і незнаёмыя мне – людзі.
З-за спінаў выглядвае Яніна – падміргвае мне па-змоўніцку, быццам кажа: “Вось бачыш, усё абышлося, а ты хваляваўся… Цяпер ты зноў разам з намі...”
– Піць, – просіць нехта за мяне.
Брыжык шклянкі з мінеральнай вадой кранаецц маіх губ – і я раблю першы глыток, – падаецца, што выпіў цэлы акіян, у якім мы купаліся з Янінай, канаючы ад смагі і пякельнага сонца...
– Больш не хочаш? – спытала Ліка.
Я пакруціў адмоўна галавой.
– Ну і добра, – адставіла шклянку, – ну і не трэба... Як ты адчуваеш сябе, Антон?
Мне так хацелася, каб мяне ўсе пакінулі ў спакоі. Пакінулі аднаго, каб ніхто нічога не пытаўся, і я не напручваўся, каб нешта адказаць…
Чаму яны не чуюць маіх думак, майго жадання? Я ж не ўсё яшчэ сказаў Хуану, не сказаў самага галоўнага, а тут аднекуль узяліся людзі, нешта хочуць ад мяне…
Як усё роўна ўгадаўшы мае жаданні, нешта сказаў усім прысутным кардыёлаг – мой добры Ян Міклашэвіч. Усе ціхенька выйшлі з палаты.
– Што са мной, Ян Пятровіч?
Голас у мяне яшчэ слабы, амаль шэпт.
– Цяпер ты ў норме... Але паўгода спаў. Наркапсія, так сказаць, – знаходзіўся ў летаргічным сне. Усё працавала ў цябе спраўна, толькі вось адключалася зрэдку свядомасць... І мы стараліся падтрымліваць тваю жыццядзейнасць усімі сучаснымі сродкамі...
– Я спаў шэсць месяцаў?! Сур’ёзна?
– А што тут такога? Здараецца з людзьмі такое. Дзякуй Богу, што ты прачнуўся і вярнуўся на нашую грэшную зямлю.
– Дык можа вы мне і пасведчанне пажарніка выдасце? Хай да маіх спецыяльнасцяў і гэтая далучыцца.
– А што? –падтрымлівае мяне доктар. – Трэба падумаць, трэба падумаць... Прыгожы ў цябе крыжык...
– Бабулі Настазі... То мяне крыжык і вярнуў адтуль. Ад Анатаса...
– Хто такі – Анатас?
– Ды раскажу пасля. Пакуль спаў, багата набралася, шмат перажыў. І шмат дзе пабываў. Будзе пра што расказаць...
Читать дальше