– Гэта зорка размешчана ў накірунку сузор’я Шаляў, – працягвае далей Яніна, з задавальненнем купаючыся ў пяску, – і аддалена ад нас за чатырыста тысячаў светлавых гадоў. Самае дзіўнае, што гэтую, далёкую і загадкавую яркую зорку, якую ты адкрыў сто тысячагоддзяў назад, як першы раз закахаўся, убачылі толькі ў наш час. Ты не хацеў, каб яе адкрывалі, таму абвалок яе туманам, ад таго яна і выглядае толькі слабай плямінкай, цьмяна свеціцца на зорным небасхіле.
Не паверыў ёй, перапытваю:
– Штосьці не прыпомню, каб у мяне была свая зорка.
– Каб помніць, трэба кахаць. Мець пачуццё, якога быў пазбаўлены Анатас. Ён як Калумб, ніколі не жадаючы адкрыць Амерыку, блытаў яе з Індыяй, але розумам д’ябальскім адчуваў, што недзе павінна існаваць Планета Кахання. Толькі ж спазнаць яе яму не было дадзена. Вось таму ён мітусіўся, выйшаў на цябе. Думаў і верыў, што з тваёй дапамогай даможацца жаданага.
– Во яно як…
– Ён асядлаў іншую планету, якая знаходзіцца ад нас на адлегласці сто шэсцьдзесят светлавых гадоў. Зноў жа – яе адкрылі амерыканскія астраномы з абсерваторыі імя Лоуэла. Зорка непрыглядная і цьмяная – ад старасці, і знаходзіцца яна ў сузор’і Панны, у зацемненых участках Валацужнага шляху... Мы ж толькі пачынаем кахаць і жыць – вучымся каханню і жыццю. Так што не губляй дарэмна час – жыві і кахай штохвілінна…
Кладуся на пясок і я. Прымружваю вейкі. Праз нейкі час адчуваю, што сонца ўжо не так паліць, як напачатку.
Над намі, летучы зусім нізка, пра нешта пракрычала чайка. Вялікая чайка – альбатрос. Мы здзіўлена і радасна паглядзелі адно аднаму ў вочы. Першым падымаюся я, падаю руку Яніне. Нас водзіць з боку ў бок, мы, як п’яныя: не прывыклі ці адвыклі ад роднай зямлі...
Абняліся, каб падтрымліваць адно аднаго, брыдзем, цягнучы ногі па пяску, пакідаючы пасля сябе чатыры віхлястыя палоскі...
Наш недасканалы свет! Мы вярнуліся да цябе, як тыя блудныя дзеці. Мы радыя табе, таму што толькі ў табе нашае жыццё. Няхай мы яшчэ дзеці, няхай мы яшчэ неразумныя і кволыя, грэшныя, але будзем імкнуцца стаць лепшымі. Будзем такімі, якімі нас і хоча бачыць Іісус Хрыстос!..
Азірнуліся адначасова, кінулі позірк на струхлелы карабель. Ён на нашых вачах пакрысе ператвараўся ў шэра-жоўты ўзгорак, які заносіла пяском.
А альбатрос кружляў над намі, клікаў нас, як прымушаў паспяшацца, быццам мы маглі спазніцца. Але куды спазніцца? Ці была тут хоць якая мясцінка, дзе б нас нехта чакаў?
У Яніны запякліся вусны, асмяглі. Мусіць жа, такімі бачыліся ёй і мае губы, раз не магу пашавяліць языком...
Мы брыдзем, як два пілігрымы, і ўжо не бачым альбатроса, а толькі чуем яго зызыўны голас.
Сонца стаіць ў зеніце і, здаецца, на адным месцы.
Мы абодва чакаем ночы, жадаем, каб нашыя целы змаглі астыць пасля пякучых промняў...
Наперадзе вырастае пазгорак. Праз сілу пачынаем падымацца на яго.
Першай ад знямогі падае Яніна. Асоўваецца ў пясок на спіну. Падымаю яе, бяру на рукі. Нясу так да тае пары, пакуль не знясільваюся. Падаю ўжо на вяршыню ўзгорка. І як толькі мы распластваем рукі, лежачы на пяску, чуем, што аднекуль на нас пачынае дыхаць прахалодны вецер...
Вялікіх высілкаў каштавала мне прыўзняцца, устаць на поўны рост. Перад намі рассцілаецца вялікі акіян – і яго жыватворная вільгаць далятае да нас.
Насустрач нам, з-за горкі, павольна падымалася, валочачы ногі па пяску, распэтланая жанчына. У шэрым зрэб’і, з даўгімі чорнымі косамі, – з цяжкасцю трымалася на нагах. Брыла, не бачачы нас. Параўнялася з намі, спынілася. Невідушча паглядзела скрозь нас, – у вачах боль і пакуты, але – не адчай. Ногі акрываўленыя – абутак даўно перастаў быць абуткам, толькі рэшткі ад яго.
– Ты – хто? – спытаў я ў яе. – Як завуць цябе?
– Марыя Магдаліна. А вы?..
– Мы…
– Не гавары, я ведаю. Вы толькі што скінулі з сябе ланцугі Сатаны. А цяпер хочаце дайсці да вады і прахалоды. І я пакінула вір, у які была ўцягнута па сваёй жа віне… З-за спакусы.
– Куды ідзеш ты, Марыя Магдаліна?
– Да Яго. А прыйсці я павінна чыстай, пазбавіўшыся граху. Я вельмі вінаватая перад Ім…
Схіліўшы нізка галаву, паволі пасунулася далей. Мусіць, не шукала прахалоды, як мы, наадварот, уцякала ад яе, – імкнулася зайсці ў бязлюдную пустыню, дзе чалавеку выжыць немагчыма…
Падтрымліваючы адно аднаго, мы працягвалі доўжыць свой шлях. Успаўзлі-ускараскаліся на адзін узгорак-бархан, на другі… Яніна зноў не вытрымала спякоты, страціла прытомнасць, асунулася на распалены пясок.
Читать дальше