Зала ўхвальна крычала:
– Слава Анатасу! Слава капітану “Алкепа”! Ён – наш Бог, і толькі яму мы будзем пакланяцца!
На мяне са слабай усмешкай паглядаў Сатана. Чакаў маёй рэакцыі на такую неспадзяванку. Мусіць, думаў, што пакрыўджуся з-за яго ўнёску у стварэнне іконы – усяго некалькі мазкоў. І калі паспеў? Сам, ці даручыў каму?
– Ты здзіўлены, Антон? Ты ж хацеў наведаць царкву? Дык ты і знаходзішся ў царкве, у святым храме. І мо не верыш, што я і ёсць Хрыстос, Які абяцаў вярнуцца на зямлю? Я вярнуўся, Антон! Табе трэба доказы?
Я маўчаў. Глядзеў на яго, наліваўся цвёрдасцю і сілай.
“Во калі ён рашыў даць мне магчымасць памаліцца, – падумаў пра сябе, – але ці храм гэта? Гэта ж пеклаціён Сатаны! І Сатана ўсядзецца на трон?!”
– Хрыстос тварыў цуды, і вы ўсе верылі ў тое. Я таксама зраблю цуд, каб ты паверыў, што я ўсемагутны. Глядзі, людзі ёсць, сядзяць перад намі? А я цяпер скажу ім: “Знікніце!”. Дзе яны?
І ўсе сапраўды зніклі. І Яніна знікла разам з усімі Але я не падзівіўся яго цуду, хаця дрыготкі халадок прабег па ўсім целе.
– Вунь, далёка ад нас, высокая гара. Гара ніколі не рухаецца. А я загадаю ёй, каб яна падышла да цябе. Гара, стань каля майго мастака, прыйдзі! Раскрый яму вочы, бо ён сляпы, не бачыць пакуль што далей свайго носу!..
Нешта затрашчала, завішчэла, завіхурыла. Падалі дрэвы і дамы, і на нас насоўвалася гара, зносячы ўсё на сваім шляху. Я ўжо хацеў адступіць, каб яна і мяне не сцёрла, але гара нечакана спынілася – у кроку ад мяне.
– Што яшчэ табе паказаць, Антон? Якія цуды пераканаюць цябе, што я – Хрыстос, і што мы знаходзімся ў храме? Верыш цяпер?
– Цяжка не паверыць, капітан Нэма! Вярні ўсіх назад.
– Добра. Вярніцеся на свае месцы!
Праз імгненне зноў пачуліся ўзбуджаныя галасы, размовы.
– Ты прыйшоў за дабраслаўленнем, Антон? Я даю табе яго! Можаш заставацца ў гэтым царстве і быць шчаслівым. Дабраслаўляю! Калі грамада дасць згоду, то сёння ты станеш сябрам царства “Трох груш”, і ты сам сабе паставіш такую метку-пячатку за левым вухам. Бласлаўляю, Антон!
Калі ўзбуджанне пачало аціхаць, Люцыфер падняўся з крэсла, запытаўся ў залы:
– А цяпер самы галоўны момант. Увага! Скажыце, шаноўныя сябры, а ці падобны я на самога сябе? Ці падобны я на Іісуса Хрыста? Ці не дарэмна я плаціў Антону самы высокі ганарар у свеце, каб ён стварыў ідэальны абраз сучаснага Іісуса Хрыста?
Аказалася, што на кожным століку знаходзіўся плоскі і тонкі, як ліст ватманскай паперы, тэлевізар, вісеў ён і ў паветры. А перад кожным на стале, у сподачках, ляжала па тры грушы.
Людзі доўга ўглядаліся, крытычна ацэньвалі зробленае мною, а потым пачалі крычаць:
– Падобны!..
– І падобны, і непадобны... Выдатны абраз нашага Хрыста. Цяпер ён не Анатас, а Іісус Хрыстос! Хрыстос!..
Капітан падняў руку – прасіў увагі.
– Скажыце, сябры мае, хто ваш Бог?
Дзікі роў праляцеў, падалося над Сусветам:
– Та наш Бог. Ты!
– А Іягова? Іешуа?
– Ты вышэй Іяговы! Вышэй Іісуса Назараніна! Ты вышэй!..
– Дзякую, сябры мае алкепаўцы, дзякую!
Падняў руку і я:
– Сябры мае! Вы правільна далі сваю ацэнку – Анатас ці Хрыстос падобны на самога сябе, і непадобны. А каб ён быў сапраўды падобны на сябе, мне трэба толькі адзін узмах пэндзля. Я магу тое зрабіць пры вас, калі мне дазволіць капітан нашага “Алкепа”, – прама цяпер.
Усе гулі адно і тое ж слова:
– Да-зволь, да-зво-оооль!..
Анатас паблажліва, паціснуў плячыма:
– Калі ты так хочаш, Антон, то – калі ласка! Дзейнічай! Але ты сам сказаў – адзін узмах.
– Добра. Толькі адзін!
– Яніна, – пашукаў ён позіркам афіцыянтку-памочніцу, – прынясі нашаму паважанаму мастаку ўсё неабходнае...
Яніна паднялася на ўзвышак. Стала побач са мною. Падала мне пэндзлі, чамаданчык з фарбамі. Я дастаў толькі адзін цюбік, на якой напісана – “сажа чорная, апаленая”...
Алкепаў з непадробленай цікаўнасцю назіраў за маімі рухамі і рукамі.
Я выціснуў з цюбіка чорную фарбу, добра перамяшаў. Потым двума пэндзлямі зачарпнуў яе, зафіксаваў рукі ў растапырку так, каб адлегласць паміж імі супадала з шырынёй капелюша на партрэце.
Падышоў да палатна. Нейкі момант углядаўся ў твар капітана, як усё роўна набіраўся рашучасці. Левай рукой садраў з іконы залатое абрамленне і кінуў на падлогу. Партрэт стаў зноў такім, якім я яго і зрабіў.
І... прыставіўшы каланковыя пэндзлі, складзеныя крыжападобна, да капелюша, над брылём – вышэй ілба, – імгненна і рэзка прачырыў уверх дзве чорныя сагнутыя лініі.
Читать дальше