Прачытаў у адной з амерыканскіх газет, што яшчэ ў 1963 годзе Джон Кенэдзі напісаў адзін ліст у ЦРУ, а другі – у нацыянальнае аэракасмічнае агенства NASA. Гэта было роўна за дзесяць дзён да яго гібелі – ад кулі невядомага забойцы. Кенэдзі патрабаваў расскарэціць яму праўду пра НЛА. Хацеў паказаць копіі дакументаў прадстаўнікам СССР, каб даказаць, што гэта не яны лятаюць так часта над тэрыторяй іх краіны, нават выказаў жаданне супрацоўнічаць з лагерам сацыялізма ў гэтай тэме. Уфолагі расцанілі тое як доказ таго, што амерыканскага лідэра забілі людзі, якія не жадалі, каб праўда аб прышэльцах стала вядома …
Каб хацеў, то я асабіста дакапаўся б да той трагедыі, даведаўся б, хто паслаў кулю ў пэзідэнта, – але маё жаданне абмяжоўвалася толькі адным годам і часам. Мо калі і надумаюся злётаць у дзень 12 лістапада 1963 года, калі Джон пісаў тыя лісты, але пакуль мяне той факт не вельмі прыцягвае.
Олдрын шпацыраваў і выконваў належную працу каля паўтары гадзінаў, Амстронг значна болей – дзве гадзіны і дзесяць хвілінаў. На сто дваццаць пятай гадзіне падарожжа і дваццаць другой гадзіне знаходжання на Месяцы, месячны модуль удала стартаваў з паверхні адзінага спадарожніка Зямлі.
Перад гэтым я пакінуў «Апалон», перайшоў без праблемаў у сваю «алкепаўскую» каюту. Адтуль ужо назіраў па тэлевізары, што адбылося далей з астранаўтамі… Касмічны карабель суправаджалі ў тым жа складзе НЛА, ляцелі да тае пары, пакуль астранаўты не пакінулі карабель. Пасля гэтага растварыліся ў паветры, зніклі, як і тады, з’явіўшыся ніадкуль…
Экіпаж апусціўся на ваду прыкладна праз сто дзевяноста пяць гадзінаў пасля пачатку місіі. Іх падабраў амерыканскі авіяносец. А трынаццатага жніўня 1969 года, пасля таго, як астранаўты прайшлі каранцін і адпачылі, былі наладжаны каралеўскія ўшанаванні астранаўтаў у Нью-Ёрку, Чыкага і Лос-Анжэлесе. Траіх астранаўтаў сустракалі з такой жа помпай і ўрачыстасцямі, як і ў СССР першага касманаўта Юры Гагарына…
Мяне сярод іх не было. Але я не шкадаваў пра тое. Мяне ўсцешвала, што я першы з ліцвінскай краіны пабываў разам з імі на Касмічным Караблі – Месяцы, што побач з амерыканскім сцягам замацаваў і свой – бел-чырвона-белы маленькі-маленькі сцяжок…
……………………………………………………………
Да слова сказаць, Анатас Алкепаў аднёсся да майго падарожжа на Месяц спакойна, нават пахваліў. Сказаў, што гэта толькі пачатак маёй дзейнасці па выяўленні страчаных старонак гісторыі… Дадаў, што гэта толькі «семкі» у параўнанні з тым, што я ўведаю ў мінулых тысячагоддзях. Бо лётаць у мінулае цікавей, чым у будучае…
10.
Прачнуўся, пакінуў адразу ложак. І нечакана для самога сябе заспяваў.
Спяваў напаўголаса, і быццам бы не сваім голасам, як нехта іншы тое рабіў замест мяне:
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
за краіну радзімую жах, –
успомню Вострую Браму сьвятую
і ваякаў на грозных канях...
Радасна адзначаў пра сябе, што ўсё складваецца, здаецца, добра, так, як і павінна... А што павінна, таго не мінеш, – так, здаецца, мовілі мудрацы?
Завязаў на шыі кашыміравы шаўковы шалік, выраблены некалі слуцкімі ткачыхамі. Пагаліўся, памыўся, прывёў сябе ў належны стан. А чым заняцца да вечара, не ведаў, бо шмат чаго жадаў…
Хацелася і пакупацца ў салёным халодным моры. У тым, якое мне паказваў капітан, ды згуляць з прыгожымі паненкамі ў валейбол, палюбавацца іх пругкімі маладымі грудзьмі, ды запрасіць якую на шпацыр...
Але адразу абсек сябе. Добра яшчэ, калі Яніна не чуе маіх дураслівых думак, а то і ад яе наслухаўся б папрокаў-кпінаў...
Нехта адабральна хіхікаў за маёй спіной. Але не спужаўся, бо ведаў, хто сачыў за мною, хто кіраваў і скіроўваў мае дзеянні і ўчынкі... Ніякіх сігналаў і слоў у адказ – як і дамаўляліся.
Зірнуў яшчэ раз у люстэрка. Адзначыў, што твар мой амаль абыякавы. Думкава загадаў сабе: “Так трымаць!”, – і пакінуў свой пакой.
Успомнілася чамусьці Жана. З ёю нават і не пагаварыў, як след, не папрасіў даравання за ўсё…
Ішоў, а куды ішоў, не ведаў...
Як і не ведаў, што чакала мяне наперадзе. Але я нават і думкі не дапускаў, што можа ўсё адбыцца не так, як меркаваў, як хацеў...
Яніна чакала мяне на прасторным калідоры. Стаяла і ўсміхалася:
– Вы гатовы да прэзентацыі, шаноўны спадар – галоўны мастак Антон?
– А ўжэ ж, я ж не магу адмовіцца ад запрашэння нашага дарагога капітана Нэма. Вядзі мяне, бо я ніводнага разу не быў у той зале, дзе будзе наладжана дзейства, шабаш, як ён кажа!
Читать дальше