– Не стой, у нагах праўды няма! – павярнуўся да мяне капітан.
Яніна зірнула на Анатаса, гучна прамовіла, што выканала яго даручэнне. Ён удзячна кіўнуў галавой. Пайшла і падсела да Паўла і Жанеты.
Анатас паказаў мне на крэсла побач з сабою:
– Сядай, дружа! Адчувай сябе, як дома, але не забывай, што ты пакуль у гасцях. Жартую, жартую. Бачыш, колькі народу прыйшло павіншаваць цябе з уступленнем у наш Саюз? Увесь зямны шар каля тваіх ног.
Люцыфер устаў, выпраміўся за сталом. Кінуў пільны позірк у бясконцую залу. Трымаючы ў руцэ фужэр з чырвоным напіткам – віном? – гучна, як з перакатамі грому на небе, загаварыў:
– Сябры мае! Я рады, што мы зноў, праз тысячу гадоў, сабраліся разам. Сёння наш галоўны мастак прэзентуе мой партрэт, над якім працаваў некалькі гадоў, патраціў шмат сілаў і энергіі. Таму сёння ў нас свята з нагоды дзвюх падзей. Першае – вы павінны пацвердзіць геніяльнасць аўтара партрэта-іконы, а другое – прыняць на борт “Алкепа” новага жыхара, майго лепшага сябра, майго першага намесніка, які мае права выконваць, калі тое трэба, часова мае абавязкі, – Антона Клімовіча!
Зноў загучалі воплескі, на многія тысячы і тысячы кіламетраў панеслася рэха. То была ў Сатаны такая актавая зала, ці ўсе сабраліся пад адкрытым небам? Сонца не бачна, але зверху люстравалася зыркае святло.
Нэма-Фюрэр-Дыктатар доўга гаварыў аб маіх мастацкіх здольнасцях, пра тое, што я геніяльны мастак будучыні, і толькі пагэтаму мне ён даручыў намаляваць яго партрэт – абраз. Дадаваў пры гэтым, што я выдатна справіўся з гэтым.
Выступаў як на нейкім форуме ці мітынгу. На ім – той жа капялюш, той жа шэры касцюм, той жа тоненькі нязменны вужыны гальштук.
– А што ў цябе на шыі? – нечакана перапыніўся і насцярожана спытаў у мяне Анатас Алкепаў, дапытліва скіраваўшы позірк на мой жоўты шалік.
– Ды ангіна, хай на яе трасца, ніяк ад яе не пазбаўлюся, – прахрыпеў я, кашлянуў нават.
– У нас тут ніхто і ніколі не хварэе, – не паверыў капітан Нэма. – Дзіўна мне чуць пра тваю хваробу, дарагі мой Антон!
– У мяне яна яшчэ адтуль, з Навабеліцы, хранічная – дактары не вылечылі. Савецкая медыцына. Ангіна дала ўскладненне на ныркі. У мяне яшчэ і піеланефрыт…
– Ого, з якім ты “букетам” з’явіўся да нас! Вашая медыцына, скажу табе, не лечыць, а калечыць, – згадзіўся ён, ужо лагодна паглядаючы на мяне. – Ладна, вылечым цябе. За адным са сталоў сядзіць эскулап медыцыны – Гіпакрат. Ён усё ўмее лячыць. Антоне, браце мой любы, давай вып’ем за сённяшнюю падзею. Бачыш, колькі ў нас тут народу? Вось і паспрабуй, палічы...
Ён адкаркаваў бутэльку таго ж, знаёмага, каньяку – “Alkep”, паразліваў не па чарачках, а па фужэрах:
– Сябры мае! Члены маёй вялікай сям’і! Я звяртаюся да вас, хто разумее мяне, хто ведае мяне, хто адмаўляе вучэнне Саваофа і Хрыста, а верыць толькі ў мяне… Давайце вып’ем за новага нашага сябра! І пасля гэтага я вам пакажу маю ікону, якую ён намаляваў.
Усе паслухаліся яго закліку, прыклаліся да фужэраў.
На мяне глядзелі Жана і Павел – усміхаліся, Яніна нешта шаптала Жане на вуха…
– А цяпер унясіце мой партрэт! – загадаў капітан Нэма.
Расчыніліся дзверы. Адтуль выйшла двое рабочых у сініх камбінезонах з маёй шматгадовай працай, прыкрытай шэрай паркалёвай тканінай. Паставілі на высокі памост, на прыгатаваную загадзя прыстаўку, прыхінулі да сцяны.
– Дзякую, – кіўнуў Анатас ім галавой, паглядзеў на мяне, парапанаваў: – А цяпер табе слова – прадстаўляй сваю работу! А чаго ж не выпіў, Антон?
– Во пахвалюся сваёй працай – потым хоць бутэльку твайго каньяку выхлябаю. Нап’юся сёння, як казаў мой дзед Ян, у дрызіну, да смерці.
– У нас тут, на “Алкепе”, і смерці няма, бо ніхто не памірае, як і ніхто не нараджаецца, – усміхаўся капітан. – І могілак, і хаўтураў няма – толькі радасць і весялосць. Так, чакаем ад цябе, дарагі Антон, дэманструй сваю працу!
Я падняўся з крэсла, падышоў да палатна. Нейкі момант вагаўся.
– Госпадзе, пазбаў мяне ад д’ябла! – прашаптаў я малітву, адвярнуўшыся ад усіх, перахрысціўся, гледзячы ў неба. – Вызвалі мяне, грэшнага, з гэтай цямніцы! Памажы, Божа!..
І толькі пасля гэтага павольна ссунуў тканіну з партрэта.
Яна спаўзла на падлогу. Зала, убачыўшы “ікону”, ахнула, загула, зарычэла і – заапладзіравала:
– Слава Анатасу! Слава капітану “Алкепа”!
– Няхай жыве “Алкеп”!
– Слава! Слава! Слава-ааа-ааа-ааа!..
І тут наступіла пара майго здзіўлення і ўзрушання. Партрэт маляваў быццам і я, і ў той жа час – не я. І то быў і не партрэт зусім, а нешта падобнае і блізкае да святой іконы. Толькі на той іконе, на тым абразе, быў намаляваны Сатана-Люцыфер. І быў ён у залатым акладзе, – золата вакол яго аж зіхацела, пералівалася. Твар свяціўся. Ён хітра паглядаў з абраза на нас, як усё роўна прымушаў паверыць, што сапраўды святы. Ды не толькі святы, а амаль Бог – Іісус Хрыстос.
Читать дальше