Нас кружыла, віхурыла, некуды несла з невядомай хуткасцю – мо і шпарчэй за светлавую. Мы не маглі нават расплюшчыць вочы, каб хоць нешта ўбачыць – хоць бы саміх сябе; здранцвелы, акамянелы, невядомы страх скаваў нашы душы, думкі і целы... Не ведалі – ці то мы падалі-апускаліся зноў у апраметную, ці то невядомая сіла падымала нас увысь. І – дзіўна, – адразу перасталі адчуваць страх, – з кожным імгненнем да нас вярталіся палёгка і радасць…
Мусіць, касманаўты адчуваюць нешта падобнае?..
Нешта крычала ля майго вуха Яніна. Крычаў, здаецца, і я. Здагадваліся, спадзяваліся, што перажываем сваё другое нараджэнне, – якое па ліку?
Невядома колькі часу мы кружлялі ў бязважкасці...
Потым адчулі невыносную гарачыню, нават спякоту. Як быццам заляцелі ў мартэнаўскую печ, ці падляцелі да сонца...
Упалі на нешта мяккае і гарачае. Апусціліся плаўна, быццам упалі на рукі Госпада Бога нашага.
І ўжо ведалі: мы ўцяклі з алкепаўскага пекла.
Доўга не расплюшчвалі вачэй, – баяліся ўбачыць перад сабой нешта такое, што б магло прынесці расчараванне...
– Ты жывая, Янінка? – голас у мяне слабы, і таму ціхі, прыглушаны.
– Жывая, – адказала дзяўчына, лежачы неўздалёк ад мяне. – Толькі кружыцца галава і баляць вушы...
– І ў мяне тое ж самае.
Нейкі час маўчым, набіраемся сілаў.
А потым я не вытрымліваю, расплюшчваю вочы.
Мяне асляпляе сонца. Я прыкрыў даланёй вочы і паглядзеў перад сабой.
Аказалася, што мы ляжым на гарачым пяску, і вакол нас, як бачыла вока, – бясконцыя пяскі... Яніна ў некалькіх кроках ад мяне, голая, як маці нарадзіла.
Голым, на маё здзіўленне, быў і я... Гэта нагадвала Эдэм, калі першалюдзі сталі відушчымі. Але мы не елі яблыкаў з забароненай яблыні… І змея не было, які б шаптаў словы спакусы жанчыне… Але і жанчына не была Евай…
“Мы ж згарым пад гэтым няшчадным сонцам, – першае, што падумалася мне, – мы з аднаго пекла перабраліся ў другое...” Але тут жа і абсякаю сябе: “Якое ж гэта пекла, калі няма ў ім ні Станы, ні “Алкепа”? Гэта ж не пекла, хаця і раем назваць не выпадае...”
Але успомніўшы словы айца Георгія пра тое, хто хрысціянін нічога і ніколі не павінен баяцца, парады прарока Данііла, кінутага ў клетку да ільвоў і які застаўся жывы, – супакоіўся.
Лёгенька дакрануўся да пляча маёй спадарожніцы. Яна жмурыцца, закрываючыся даланёй ад сонца. Не ведае яшчэ, што голая, што яе цела абпальваюць сонечныя праменні, і праз якой паўгадзіны мы будзем падобны на чорныя галавешкі...
– О, Божа, Антон, глянь, што за тваёй спіной!
Непадалёк ад нас, у нізінцы, як быццам там працякала нядаўна рака, выстрыкаўся з пяску паржавелы, шэра-чырвоны, а таму і непрыглядны карабель – рэшткі карабля... Праз іржу і шэрань слаба чытаюцца літары – “Аlkep”.
Не, гэта ўжо быў не той паруснік-ветразнік, які прыняў мяне на свой борт сёмага лістапада мінулага стагоддзя. Рэшткі яго, непадобныя ні на што… А гэта азначала, што няма з намі ні Спакусніка, ні створанага ім патойбокавага свету – пекла…
– О, Божа! – зноў ускліквае Яніна. – Антон, дык мы ж з табой, як немаўляты, без адзення... Як на дзікім пляжы, мы – як нудзісты, і загар будзе ў нас з табою – шакаладны. Мы ператворымся ў шакаладкі, якія нельга есці…
– Здзекваешся? Над кім? Над намі?
– І над намі... Але ты не перажывай, мой хлопча! Ты думаеш, што нам тут будуць канцы? Памыляешся... Жывы будзем – не памрэм. Мы адтуль вырваліся такімі таму, што пакінулі ўсё там, бо тое ўсё ў мінулым... І “Алкеп” у мінулым, – ён, як бачыш, ператварыўся ў смецце... І нашае няправільнае жыццё ў мінулым... Мы з табой немаўляткі, і пачынаем усё з чыстага аркуша паперы...
– Каб жа так...
– Так, так, павер у гэта.
– Тады, скажы, як нам адсюль выбавіцца? І на якой мы цяпер планеце – на нашай, ці яшчэ на той, дзе мы былі? А, дарэчы, на якой зямлі ці ў якім сузор’і мы знаходзіліся ў Люцыфера?
Яніна адхіснулася ад мяне, упала грудзьмі на пясок, смяецца радасна:
– Хіба ж не ведаеш, каханы мой, ці ж забыўся, Хто кіруе намі? Забыўся пра сваю планету Ахутавану? Яна, твая Ахутавана, а я называю яе Бухтай Кахання, доўгі час была невядомая чалавецтву. Ты яе стварыў такую. Правільней, адкрыў, бо яе стварыў Бог. Дык вось, група астраномаў з Вашынгтонскага ўніверсітэта выявіла тую самую аддаленую ад нас зорку нашай Галактыкі – і ім аказаўся чырвоны гігант, які вызначаўся васемнаццацізоркавай велічынёй.
Здзіўлена паглядаю на сваю каханку і маю ж спадарожніцу. Яна расказвае мне пра маю ж зорку – якую я быццам бы і адкрыў? І засяліў яе не толькі сваімі персанажамі, а і сам пасяліўся з ёю?
Читать дальше