“Яніна, а дзе ж сейф, – паслаў я першы сігнал сваёй абаронцы, – не бачу яго ў спальні?..”
“Трэба прайсці яшчэ праз двое дзвярэй – туды, дзе яго пульт кіравання”.
Пайшоў далей, прачыніў адныя дзверы, потым другія, пераступіў парог і трэціх… Пашукаў позіркам сейф. А ён аказаўся побач з уваходам, – уманціраваны ў шэрую сцяну, зліваўся з ёю.
“Знайшоў. Як адкрыць яго?..”
“Нумар тэлефона…”
Тры табло з зялёнымі нулямі. Я набраў на кожным патрэбныя лічбы. Дзверцы сейфа ўздрыгнулі і расчыніліся. На ніжняй паліцы, на белым аркушы паперы – а то і была мая дамова з д’яблам, – ляжаў мой крыжык. Я ўзяў яго і пацалаваў, папрасіў даравання ў Бога, што не збярог, што ім авалодаў д’ябал. Тут жа павесіў яго на шыю. Адчуў, як па целе разлілося дабрадзейнае цяпло.
Схапіў з паліцы паперу, скамечыў яе, запіхнуў у кішэню, каб, прыйшоўшы ў свой пакой, спаліць…
І ў той жа момант да мяне прыйшло здзіўленне. Я ўбачыў, што па акруглай велізарнай сцяне, ў строгім шахматным парадку, нагрувашчаны адзін на адзін экраны вялізных манітораў. Тое, што паказвалі яны, жахнула мяне…
На крайнім, самым большым, – мая каюта, дзе я спаў, дзе жыў. Зразумела, мяне там у гэты момант не было. На стале стаяла ваза з кветкамі, побач – гара “зялёных”…
А справа… Справа – мая майстэрня. Ды не тая, што выдзеліў мне Анатас, а тая, што ў Навабеліцы. З люстрай, з глінянымі статуэткамі, з папкай, у якой знаходзіўся рукапіс… Вышэй – о, Божа! Ліка ходзіць па кватэры, штосьці шукае – перабірае кнігі на паліцы, рэчы ў шафе. Значыць, ён увесь гэты час сачыў і за мной, і за Лікай!.. Ён ведаў пра кожны мой крок, быццам цень, быў неаддзельны ад мяне, – расстаўляў мярэжы і капканы…
Пачуліся трывожныя поклічы Яніны:
“Не забывай пра час, Антон! Нельга больш там знаходзіцца. Паветра, якім дыхае Анатас, атрутнае для цябе. Праз колькі хвілінаў ты можаш страціць прытомнасць і загінуць… Хутчэй выбірайся адтуль!..”
Хуценька прычыніў дзверцы сейфа – табло “абнулілася”, – і ў долі секунды я праскочыў усе дзверы. Затрымаўшыся каля перадапошніх, паглядзеў на спакусніка. Ён цяпер ужо не пахрапваў, а хроп, як кажуць, ва ўсю іванаўскую. Злаваліся, бачачы мяне, гадзюкі, высоўвалі атрутныя джалы, стараючыся дацягнуцца да мяне…
Адчуў, як перабіла нешта дыханне, павяло ўбок. Хутчэй, хутчэй нясіце мяне ногі адсюль, пакуль не ўпаў пад атрутным уздзеяннем д’ябла! Ратуйце маю душу! Sos! Sos!
Выскачыў у калідор, прыхінуўся спіной да сценкі між дзвярэй, – асунуўся на падлогу. Свядомасці не губляў – проста падагнуліся ад слабасці ногі, сталі ватнымі. Усё яскрава бачыў перад сабой.
На калідоры Паўла і Жаны не было. Не дачакаліся мяне? Хіба я так доўга “гасцяваў” у д’ябла?
Адно толькі жаданне жыло ўва мне – дабрысці да ложка і ўпасці, забыцца пра ўсё. Але парог сваёй каюты пераступіў няскора. Ішоў да яе, здавалася, цэлую вечнасць.
“Я ўжо на месцы, Яніна!” – паслаў у сусвет тэлеграму.
“Я радая за цябе. Усё ўдалося?”
“Больш намечанага!..”
Перад тым, як упасці ў ложак, я выцягнуў з кішэні скамечаную паперку, узяў запальнічку, пстрыкнуў – паднёс яе да “дамовы”. Папера ўспыхнула, быццам яе хто абліў бензінам, выбухнула ў маёй руцэ –чорны попел узняўся да столі і павольна спадаў долу…
“Добрага сну табе, Антон!..”
“Дабра…”
7.
У дзверы нехта асцярожна пастукаў.
На парозе вырасла постаць Анатаса Алкепава. Капітан Нэма, ён жа – Ньютан, ён жа – спакуснік, ён жа – вялікі маг і чараўнік, ён жа – камандор, ён жа – Д’ябал і Люцыфер.
– Заходзь, мой капітан! – як не крыкнуў я, седзячы за сталом, стараючыся быць вясёлым і бадзёрым.
Ён прыставіў пальцы да чорна-шэрага брыля, казырнуў:
– Гонар маю, мой галоўны мастак і майстар, вітаць цябе і бачыць у добрым настроем.
Паручкаліся. Ён, як звычайна, сеў у крэсла, утапіўшыся ў яго.
– Так, усяго ў нас хапае. На тое ён і рай – алкепаўскі рай. Праз дзень, дружа, я прадстаўлю табе магчымасць зноў пабываць там, на вашай зямлі. Зноў ты будзеш нябачным. Будзеш нябачны тады, калі счэпіш пальцы рук. Расчэпіш – станеш бачным… А калі затоіш дыханне – праз момант ты акажашся тут. Усё даволі проста. А каб не заўважылі тваёй адлучкі жонка ці сябры – вось табе гадзіннік. Усёчасовы і ўсёпланетны. Кожнае дзяленне на цыферблаце адпавядае адной гадзіне зямнога часу… Бяры, пакуль я добры.
Гадзіннік незвычайны. Цыферблат белы, а па цэнтры – чырвоная паласа. Гэта напамінала мне пра той час, калі мы праводзілі першыя абуджальныя мітынгі пад такімі штандарамі. Анатас, падобна было, стараўся мне дагадзіць ва ўсім, нават і ў сімволіцы.
Читать дальше