– Приехал, приехал, – паправіў становішча капітан, – и будет завтра на политбюро.
– Я так и знал, – расцягваючы словы, прамовіў чалавек з піпкай, трымаючы яе ў акамянелай руцэ. – Спасыбо!
Потым нам дарогу перабягаў нехта у пенсне, у капелюшы з шырокімі брылямі, побач – чалавек у кіцелі з кароценькімі вусікамі, трымаў у руках кнігу. Яны стаялі ледзьве не ў абдымку.
З вусікамі звярнуўся да нас абаіх:
– Siе lebst “Mein Kampf”?
– О, ja, ja, gutes das Buch!..
– Пра што ён спытаў, Анатас? – але як адышлі колькі крокаў, пазнаў фюрэра, і зразумеў яго пытанне.
– Ці любім мы яго кнігу “Майн Кампф”. Адказаў, што вельмі харошая кніга. А яна і сапраўды цудоўная. Мая школа!
– Я заўважыў, што тут усе лагодныя, памяркоўныя, з чалавечымі тварамі, і не скажаш, што забойцы, дыктатары і гвалтаўнікі, што на іх сумленні тысячы і мільёны чалавечых жыццяў... Ты, як я бачу, кожнага пазнаеш, ведаеш кожнага?
Фюрэр, як аказалася, ад нас далёка не адыходзіў. Ён, бачна было, перамяніўся, на некага сварыўся, размахваў рукамі:
– Не думайце, што мы прайгралі! Мае сямёра пасвячоных, заключылі саюз з “сіламі звонку”, далажылі мне, што касмічная акцыя будзе выканана… Мне адданы выпускнікі вышэйшых школаў – бургаў і манахаў. Прадстаўнікі асобага містычнага прызначэння і ордэна “Мёртвая галава”! На Эльбрусе, свяшчэннай гары арыйцаў, мне далі клятву воіны секты “Сябры Люцыфера”. Там быў узняты сцяг з нашай свастыкай па ўсіх правілах рытуала Чорнага ордэна! З гэтага і пачалася наша касмічная эра. Я заўсёды прыслуховаўся да Фюрэра – майго тыбецкага манаха. Мы будзем уладарамі свету!
Анатас слухаў яго, згодна ківаў галавой, і мне падалося, што ён вось-вось ускіне наперад правую руку, лясне абцасамі сваіх чаравікаў і выкрыкне “хайль!”
– Мы падпісалі дамову з “розумам звонку”, незямным розумам. Мы правядзем чалавецтва праз страшэнныя катастрофы і глабальныя мутацыі, але даб’емся таго, што станем самымі магутнейшымі не толькі на зямлі, а і ў космасе, бо мы належым да “Вышэйшага невядомага”!
– Анатас, я ўспамінаю пра кнігу французскіх вучоных “Раніца магаў”, – не адставаў я ад яго, – гэта пра фашызм… Вучоныя сцвярджаюць, што Нямеччына падверглася тады аграмаднаму духоўнаму перавароту, тым самым атрымала велізарнае духоўнае развіццё. А ў самой краіне і там, дзе адбывалася акупацыя, кіраваў і гаспадарыў “іншы свет”, “па той бок”, “пазамежныя далячыні…” Гаворачы мовай праваслаўнай тэрміналогіі, кіравалі і прывівалі сваю ідэалогію “падшие духи”. Гэта ён пра іх казаў?
– Так, пра іх…
– І да гэтага ты прыклаў руку, ці не так?
Фюрэр сцвярджальна кіўнуў галавой.
– У цябе тут самы сапраўдны прыватны паноптыкум? – канстатую я, калі адышлі ад Адольфа. – Музей жывых васковых фігур?
– І так можна сказаць. Насельніцтва павялічваецца і павялічваецца. У сутарэнні майго фрэгата прыбываюць грэшнікі і праведнікі… А ў асноўным тыя, што і тут жадаюць верхавенства. Ну, мы ім трохі абламваем рогі. Затойваюцца, як бы чакаюць чаго…
– Ты, падобна на тое, прыцягваеш нейкім магнітам пазадкаў і падонкаў. Заманьваеш, спакушаеш, як і мяне?
– Яны самі сляпіцай да мяне лезуць, – пагадзіўся Люцыфер. – А вось цябе я не заманьваў. Ты сам напрасіўся.
– А Яніна? А Павел і Жана? Самі – добраахвотна да цябе прыйшлі? А Хурс? А шмат іншых …
– Сілай іх я не цягнуў сюды. Яны самі, як і ты ў тралейбусе, убачыўшы, што збіўся з дарогі, усклікнуў: “Чорт мяне пабяры!”
– Дык я ж бяздумна, не мог і падумаць, што чорт побач… Я ж…
– Я ж, я ж… – перакрывіў мяне Нэма, – мёдам сябе абмаж…Словамі на двор ходзіш. Ты, як вольны, вольнанаёмны, – у любы момант можаш пакінуць мой фрэгат. А вось, як ты кажаш пазадкі, – у іх тут “ вечная прапіска. “Алкеп” для іх – і палітычны прытулак, і рай, і пекла… Хаця яны тут непадсудны – але па-за законам. Я і толькі я рашаю: казніць ці мілаваць.
– Бог, цар і воінскі начальнік?
– Нехта ж павінен гэтую банду ў лейцах трымаць.
На наступнай перакрыжоўцы, непадалёк ад нас, спыніўся сагнуты, з перакрыўленым тварам, абгорнуты ў крывавыя прасціны, той, які рабіў замах на Хрыста. Нэма ў знак прывітання падняў руку. Ірад схіліўся ў паклоне...
– І ён тут?
– А дзе ж яму быць? Усе яны тут. Толькі мне здаецца, ты дужа чорнымі фарбамі намаляваў яго. Ну, жорсткі, ну, пакараў сваіх сыноў, што хацелі адняць у яго ўладу... Ну, адабраў жыцці нявінных дзяцей, дык што? І нічога дадатнага ты не ўбачыў у ім?Чаму?
Значыць, ён прачытаў мой рукапіс.
Читать дальше