– Якім бачыўся, такім і атрымаўся. Паміма маёй волі... І як ты гэтую погань адшукваеш, пасяляеш разам?
– Проста. На кожнага, хто жыве на зямлі, у мяне дасье. У Бога свая Кніга, а ў мяне свая. Ён пра добрае і богапатрэбнае, а я – наадварот. І ў мяне іх болей.
– І на мяне ў цябе ёсць кампрамат?
– А як жа. Як без яго… Які я ўладар усіх светаў, калі нехта на зямлі поўзае без нагляду – толькі ўсеагульны перапіс насельніцтва, і асабліва брыдотнае, каб ведаць каго, ад чаго і як лячыць, а каго…
– Сусветны санаторый “Алкеп”?
Нэма зарагатаў, задраўшы бараду, паказаў белыя і роўныя зубы – як у юнака.
– А можна і так сказаць. Своеасаблівы рэабілітацыйны Цэнтр. Усе на аловачку. У адным спісе, і ведаюць пра гэты спіс…Станеш паўнапраўным жыхаром нашага фрэгата, маёй Ладздзі, маім першым намеснікам, атрымаеш бязмежную ўладу – кіраваць жывым чалавекам і складана, але як соладка. Таму я і завуся д’яблам, Люцыферам і Сатаной. А ты мне яшчэ і дадаў прозвішчаў: дыктатар, фюрэр… Цвелішся, гуляеш са мной? Давай пагуляем…
– Давай пагуляем, – мовіў я і пахаладзеў: д’ябла мне ніколу не перагуляць, але ж ці не гэтым я толькі і займаюся апошнім часам?
Ён не адхіснуўся, не запярэчыў, паціснуў толькі плячыма:
– Пагуляем. Мне даўно пара ўжо паразмяцца, падурэць. Ты будзеш ратаваць чалавецтва ад маіх козняў, а я буду іх табе падсоўваць. Бо Стваральнік нешта прыціх апошнім часам. Няма з кім і дзіды скрыжаваць, у карты, у дурня перакінуцца. Ты, дарэчы, любіш у карты гуляць?
– Не, дружа. Пазбаў мяне ад гэтага, ведаю, чым гэта ўсё заканчваецца.
Д’ябал сумна ўздыхнуў, пацёр пальцамі скроні.
– Усе вы, як і жанчыны, іхняе “не”, заўсёды “так” урэшце рэшт. Успомні лаўку ў парку. Ты напачатку ад яе таксама адхіснуўся, а потым і адарваць ад яе цябе нельга было. Зразумеў, што яна боль здымае, лечыць.
“Дык гэта яго гульні? А я галаву ламаў, як такое магло адбывацца. Ён мяне, як наркамана, прывязаў да той лаўкі…”
– Атрымліваецца, што ты і прадметы можаш адушаўляць?
– Атрымліваецца, дружа мой, атрымліваецца.
– Такую навуку і я хацеў бы асвоіць.
– Навучыць гэтаму нельга… – уздыхнуў Анатас. – Гэта – альбо ёсць, альбо няма. У цябе задаткі ёсць…Увогуле, скажу табе, чалавек – такая жывёліна, у якой сабраны ўсе таленты, нават мо і залішне, як, дарэчы, і ў цябе. Ды ты ўжо, як я разумею, авалодаў гэтым мастацтвам?
– Якім мастацтвам… – апамятаўшыся, пачаў даваць задні ход. – У цябе сотні і тысячы імёнаў, а якое імя дасі мне ты, калі я “прапішуся” на тваёй Ладздзі Роспачы, якую геніяльна апісаў наш Валодзя Караткевіч?
Ён стрэльнуў у мяне вокам, здзівіўся, усміхнуўся:
– Якое? А ты сам і прыдумай. Выбірай любое, якое табе да спадобы. Потым скажаш. У мяне тут усе вольныя ў сваіх учынках і жаданнях. Я не той Бог, які больш усё забараняе. Я – літасцівы і добры, заўсёды іду насустрач чалавеку.
8.
…– Антон, скажы мне шчыра, а ці лічыш ты сябе таленавітым – літаратарам і мастаком?
Мы ўжо сядзім пад высокай пальмай, на нас не падаюць пякельныя промні сонца, павявае прахалодны вятрыска – такі камфорт стварыў для мяне мой Заказчык, капітан Нэма, Сатана, Люцыфер.
– Літаратарам – не, далёка мне да літаратара, а вось які я мастак – не ведаю, проста працую пэндзлем.
– Разумна адказаў, але не шчыра, – схіліў галаву мой рабаўласнік. – Ой як няшчыра… Ты таленавіты, нават геніяльны, але цяпер, здаецца мне, ты ў дэпрэсіі. Чаму?
На высокім узгорку, павольна перастаўляючы ногі, плёўся адзінокі вярблюд. На ім ніякай паклажы, гуляў сам па сабе.
– Вось я прачытаў тое, што ты напісаў пра цара Ірада. Напісаў няпраўду. Не ўбачыў яго сапраўднага, даверыўшыся папярэднім пісакам. Яны хлусілі, а ты следам за імі.
Гэта нешта ўжо новае. То Сатана хваліў мяне, падахвочваў, а тут…
– Ты ўсё пераблытаў. Хто раней нарадзіўся – Хрыстос ці Ірад? Ірад Вялікі – такім яго называюць гісторыкі – нарадзіўся яшчэ да новай эры – у 73 годзе. Я вымушаны расказаць табе пра яго, каб абвергнуць цябе. На прастол Ірад быў узведзены рымлянамі па ініцыятыве трывуміра Марка Антонія. У 31 годзе да новай эры адбылася бітва пры Акцыі, пад час якой Марк Антоній загінуў. Іраду нічога не заставалася, як перайсці на бок Актавіяна, пераможцы. За што атрымаў ад яго вобласці на беразе Сяродземнага мора і яшчэ – у Заіярданні. Ірад выдатна разбіраўся ў будаўніцтве. Ён заснаваў Цэзарыю, і ўзвёў іерусалімскі палац і шмат якіх іншых збудаванняў у Грэцыі і Малой Азіі. Перабудаваў храм Яхве ў Іерусаліме. Ты пішаш, што Ірад быў жорсткі. Так, правільна… Народ яго не любіў, як не любіў.
Читать дальше