Праз хвіліну з пад’езда выйшла жонка. Агледзеўшыся, памахала мне, нябачнаму, рукой, нават пацалунак паветраны паслала, – здзівіўся, што так магла рабіць мая каханая жанчына.
Яна, як быццам адчувала, дзе мы маглі быць, накіравалася да нас – да дзіцячай пляцоўкі. Падышла і спынілася каля пясочніцы.
– Я ёй памагу, – Спакуснік падняўся з крэсла, паспяшаўся да выхаду.
Не паспеў запярэчыць ці спыніць Нэма, як ён ужо стаяў на металічнай горцы, з якой спаўзалі дзеці. Яны ці то не бачылі Анатаса, ці былі захоплены сваім, не звярталі на яго ўвагі. Нэма стаяў і ўсміхаўся, не зводзячы вачэй з Лікі. У руцэ трымаў пачак зялёных банкнотаў.
– Мы вас чакаем, Ліка! – падняў руку Нэма. – І Антон чакае вас.
– А дзе ж ён? –папыталася яна. – Я пазнала – то вы прыходзілі да нас, каб заказаць Антону намаляваць ваш партрэт.
– Правільна, гэта я – Анатас Алкепаў. А Антон побач са мной. Калі ласка, Ліка, падыміцеся па гэтых прыступках.
– Па прыступках? – удакладніла недаверліва Ліка. – А я не ўпаду?
“Божа, ён хоча заманіць яе на касмалёт?!”
– Анатас, не трэба! – крыкнуў з усяе сілы. – Мы так не дамаўляліся! Чуеш?..
А Ліка падымалася ўжо да нас. Пахіснулася, ледзьве не ўпала, але ўхапілася за падстаўленую руку Люцыфера.
– Вы сапраўды хочаце ўбачыць Антона, пераканацца, што ён жывы і здаровы?
– Хачу. Дзе ж ён? Не бачу я яго.
Ён аддаў ёй даляры – яна тут жа паклала іх у сумачку.
– Давайце разам зробім крок – і ступім на борт НЛА.
І яны ўвайшлі ў карабель. Ліка, убачыўшы мяне, аслупянела.
– Вось ён, ваш Антон! Жывы і нічым не пашкоджаны. У крэсле пілота. Мы шпацыруем па космасе, і да вас рашылі завітаць.
Нашыя погляды сустрэліся. І я зразумеў, што на гэты раз жонка бачыць мяне. У Лікі шырока раскрыліся вочы, твар азарыла радасць, і яна накінулася на мяне з кулакамі:
– Ты дзе ж гэта, гад такі, прападаў столькі часу? Па космасах гойсаеш? Нас адных пакінуў?!
– Не пакінуў… – я страціў мову, не мог далей гаварыць.
Выручыў Алкепаў:
– Ліка, дарагая, супакойцеся! Нічога страшнага не адбылося. Ён бы вярнуўся праз тыдзень, як пайшоў да мяне, але, згодна нашай заключанай дамовы, ніяк не змог скончыць працу. Цяпер жа застаўся ўсяго адзін сеанс, толькі адзін. Дапіша – і адразу вернецца. Абяцаю. Я не падманваю вас. Спытайцеся ў яго, калі не верыце.
– Гэта праўда, Антон?.. Праўда? Антон, я хачу быць побач з табой, дзе б ты ні знаходзіўся, чуеш?
Я адхіснуўся, амаль адштурхнуў яе рукамі, закрычаў:
– Не жадай гэтага, Ліка, дарагая мая, не жадай! Падумай пра дачок.
– Анто-ооо-ннн… – паліўся ліслівы і таму недаверлівы голас Спакусніка, – калі жанчына просіць, калі жанчына хоча, то чаму ты супраць?
– Анатас, не лезь у нашыя адносіны! Хопіць, што я табе прадаў сваю душу, не чапай хоць яе! Ліка, я знаходжуся ў пекле, а ён – Д’ябал, і я пакуль не магу пакінуць яго. У нас дамова. Зразумей мяне правільна, вельмі прашу, як ніколі ў жыцці не прасіў. Ён стрымае сваё слова і адпусціць мяне. Я ўжо завяршаю яго партрэт. Адумайся!
Жонка, відавочна, не разумела, што адбываецца і дзе яна сама знаходзіцца.
– Дык вось як ты са мной! – узарвалася Ліка. – Збег з дому, лётаеш на сваіх касмалётах, мусіць, і дзяўчатак вы возіце тут, распуснікі… Забыўся пра сям’ю, пра жонку, пра дочак… Чаму я не магу быць побач з табой, скажы?
– Ды толькі з-за таго, што тады разам з табой ужо ніколі назад не вернемся! Анатас! Адпраў яе зараз жа дадому. Прашу цябе!
– Пойдзем, панначка-сударыня, і даруйце нас за такія боцманаўскія жарты, – звярнуўся да Лікі Нэма. – Забыліся, страцілі гэчнасць у сваім пякельным раі…
Ліка вырвалася з рук Люцыфера:
– Жарты? Якія могуць быць жарты? Антон, ты за каго мяне прымаеш? Ніхто з нас яшчэ ў псіхушцы… О, Божа, як я стамілася, як гэта мне ўсё абрыдла! Калі ты кінуў мяне, дык так і скажы. Буду ведаць, што я пакіданка, а не ўдава…
– Анатас, памажы ёй выйсці, у яе істэрыка…
Д’ябал правёў Ліку, памог спусціцца па лесвіцы ўніз.
Пацалаваў нават ёй руку, нешта шапнуў на вуха. І тады яна, нечакана для мяне, заўсміхалася. Памахала мне нават рукой…
Што ён мог сказаць ёй? Змеем прыкінуўся. Спакусіў салодкім словам і жонку маю?
Праз хвіліну Алкепаў сеў побач са мною:
– Задаволены сустрэчай, маэстра?
– Ды пайшоў ты!.. – агрызнуўся я.
– Ладна, прамашка выйшла… Што яшчэ ты хочаш пабачыць? Куды адправімся далей?
– Ды хоць у Парыж… – зло яшчэ не пакідала мяне, – у Парыж, на сена і на Сену.
І ў тое ж імгненне мы апынуліся на зялёнай лужайцы паміж Сенай і Эйфелевай вежай.
Читать дальше