Паглядзеў назад. Сапраўды, чатыры шырачэзныя і высокія пліты глядзелі здзіўлена на мяне, як і я на іх. “Перад намі былі, значыць, тры цывілізацыі. Няўжо нашая, у якой мы жывем, апошняя? Бо болей пліт-старонак на сцяне не было... А мо пра наступныя, калі яны будуць, звесткі знаходзяцца ў іншым месцы?”
Спыніўся каля апошняй. Паглядзеў увысь. Не ўбачыў самы верхні радок. І тут, як быццам па маім загадзе, ад падлогі адарваўся квадрат падлогі і падняў мяне на некалькі дзесяткаў метраў. Першы іерогліф абазначаў нешта накшталт “васьмёркі”, якая ляжала гарызантальна, напамінаючы акуляры.
“Будзе тое, што павінна быць... І не адзін раз. Кожная цывілізацыя як пачыналася, так і заканчвалася. Не будзе ніякіх войнаў і катастроф, каменепаду з космасу. Людзі – самі сабе ворагі, самі сабе прыдумваюць “найлепшую” смерць.
Усё ідзе добра да той пары, пакуль чалавек не палічыць сябе самым разумным і магутным на зямлі, нават і за Таго, хто і стварыў яго. Чалавек навучыцца лётаць і пералятаць з планеты на планету, ныраць у глыбіні акіяна, вынайдзе эліксір бяссмерця... Ён уступіць у супярэчнасць з Вышэйшым розумам, “сарве” яблык з Дрэва Несмяротнасці. Але як толькі ён паспрабуе паспытаць яго, яблык ператворыцца ў камень. Са злосці чалавек адшпурне яго ад сябе, закіне ў космас, – і тады ж народзіцца новая планета з жорсткімі людзьмі...
Жорсткасць людзей на зямлі не будзе ведаць межаў.
І здарыцца на зямлі наступнае...”
Я не мог адарвацца ад тэксту, чытаючы, мне рабілася страшна. Бо адчуваў сябе ў гэтым сусвеце пясчынкай у неабдымным космасе і на зямлі.
– Усё, Анатас, з мяне хопіць. Паляцелі назад.
Мы вынырнулі з-пад зямлі на ладнай адлегласці ад піраміды, і “талерка” адразу здзейсніла пасадку, адкуль мы і ўзляцелі. Сышлі моўчкі па сходах трапа, ступілі на пясок. Пясок пустыні за час нашай адсутнасці збольшага астыў.
Доўга падымаліся на вяршыню сыпучага бархана. А праз колькі хвілінаў апынуліся, пераступіўшы парог нашага “Алкепа”, у прахалодзе. Не верылася, што толькі імгненне таму мы падсмажваліся на раскаленай патэльні ці то Сахары, ці то Газгары, а цяпер у сваім асяроддзі… Злавіў сябе на думцы, што лічу ўжо нэмаўскі карабель-фрэгат “сваім”, у які з радасцю вярнуўся. Няўжо Сатана прыручыў мяне, як паслухмянага цюцьку?
А во і знаёмая, з дывановым пакрыццём, падлога. І дзверы знаёмыя, якія самі расчыняліся перад нашым з’яўленнем. Прайшоўшы з дзесятак калідораў, апынуліся ў маёй майстэрні.
На мне адзенне, хоць выкручвай. А Анатасу хоць бы хны – прывык, мусіць, да такіх перападаў…
– Слухай пан-капітан, Фюрэр і Тыран, на якім гэта мы крузе твайго пекла пабывалі? – пытаюся ў яго, збольшага ачомаўшыся. Для чаго ты мне прадэманстраваў усё тое? Каб здзівіць?
– Толькі адзіна – падрыхтаваць цябе. Каб не адчуў розніцы паміж тваім светам і гэтым. А кругоў у маім пекле мноства. Таму жыць на “Алкепе” – гэта і радасць, і шчасце.
– Багаты ты і шчаслівы чалавек, скажу табе, куды алігархам да цябе.
– А то... – плямкнуў сінімі губамі Люцыфер, пачасаў мізінцам васпаваты нос, уздыхнуў.
Спакуснік, бачна па ўсім, пазіраваць не настроены. Адштурхнуўшыся ад крэсла, падышоў да акна. Раней, калі я глядзеў у яго, бачылася суцэльнае мроіва туману, невыразным выглядаў краявід – як быццам аператар не змог настроіць фокус аб’ектыва сваёй камеры. Я толькі ўгадваў асобныя фрагменты, але вока стамлялася “дамалёўваць” у рэзкасці ці то дрэва, ці дом. Таму стараўся і не глядзець за акно… А тут як звышякасны японскі тэлевізар “Soni” адкрыў перад намі панараму. Наваколле ажыло, стала рэальным. Плылі па небе воблакі, хістала трава ад ветру, шапацелі галіны бяроз… І гэтую насалоду хаваў ад мяне чамусьці Люцыфер…
Салодкая горыч абпаліла сэрца – у промнях сонца добра праглядваўся горад. Толькі быў гэта Гомель ці Мазыр, Белгарад ці Варшава, Лондан ці Берлін – ніяк уцяміць не мог. У Белгарадзе жыла мая малодшая дачка, першай узяўшы шлюб. Што ў Белгарадзе, што ў Гомелі дамы аднолькавыя і недзе непрыгожыя ад сваёй аднастайнасці, такія ж вуліцы, скверы…
Анатас прачыніў акно. І ў майстэрню ўварвалася жыватворнае паветра зямлі… Толькі што прайшоў дождж; лісце на дрэвах блішчэла пад сонцам. Ці ўбачу я калі-небудзь гэта насамрэч, ці мне наканавана да сходу дзён толькі назіраць гэта праз краты турэмнай камеры, у якую змесціў мяне заказчык?
Нічога не казаў Анатасу, хаця ён чакаў ад мяне, пэўна, падзякі. Абыйдзешся, ператопчашся, як казаў некалі мой дзед Ян.
Читать дальше