Сказаў, пацвердзіўшы сказаныя перад гэтым словы:
– Усё, Анатас! Больш нічога мяняць не буду. Прымай працу!
Анатас як сядзеў, так і працягваў сядзець у крэсле. Толькі прымружыў вочы, адкінуў галаву і капелюшом абаперся аб спінку. Яго як быццам і не цікавіла тое, на што я патраціў столькі месяцаў і гадоў патраціў...
А калі падышоў, калі зірнуў безуважна на самога сябе, дык толькі хмыкнуў:
– Хм... Ну-ну... Яно, канечне, калі так, то тады ўжо зусім і не скажаш... Хм... хм... Во-во, як яно, а я думаў… Ну, браце, ты і даеш, ты ж... Ну, і сапраўды... Д’ябал мяне вазьмі!
І здагадайся – адобрыў ці ўхваліў убачанае. Мне ўжо, калі шчыра, калі пайшло на тое, глыбока фіялетава: да спадобы яму мая праца, ці не. Зусім іншыя думкі хвалявалі і непакоілі мяне... Як і яго, дарэчы.
– Ты сапраўды лічыш, што праца скончана-завершана?
– А як жа! Усё! Цяпер аддавай на прэзентацыю. Цяпер ікона адпавядае арыгіналу. Ты атрымаўся як бог!
Мне цяжка ўседзець на месцы: узбуджанне, радасць і страх адначасова перапаўнялі мяне. Я амаль бегаў па майстэрні, не знаходзячы сабе месца і супакаення…
Не гледзячы на мяне, прамовіў з нейкім унутраным шкадаваннем:
– Адпачывай. Заўтра цябе, як я сказаў, пакліча Яніна на шабаш.
І больш – ніводнага слова.
“Дык прыняў ці не прыняў ён маю працу?! Выканаў я ці не выканаў заказ? Дзе, насамрэч, тая дамова, пад якой мы павінны паставіць свае подпісы – “Заказчык” і “Выканаўца”? Тую, што распісваўся крывёю, спаліў.
– Мой капітан, хвілінку ўвагі. А ці не атрымаецца ў мяне так, як з партрэтам Майсея? Памятаеш? Калі мудры цар Аравіі, пачуўшы пра мудрасць і розум Майсея, дачуўшыся пра біблейскі “Зыход”, папрасіў прыдворнага мастака, накшталт мяне, намаляваць партрэт і прывезці яму. Для таго, каб мудрацы, “падкаваныя” ў навуцы фізіягномікі, дакладна і беспамылкова вызначылі па партрэце яго характар, даведаліся пра схільнасці, прывычкі і, галоўнае, тайну яго мудрасці і духоўнай сілы.
– І што ж атрымалася, мой прыдворны мастак?
– Яны, гледзячы на партрэт, сказалі цару, што гэта самы страшны чалавек на зямлі, што ён апантана і прагна жадае ўлады, што ў ім сышліся ўсе парокі і заганы свету… Ты хочаш гэтага, Нэма? Каб і пра цябе так падумаў твой народ?
Заказчык махнуў абыякава рукой, моўчкі павярнуўся, пайшоў да дзвярэй. Мне падалося, што ён злёгку хістаўся, быў быццам п’яны. Захварэў? Няўжо і д’яблы хварэюць?
Калі ён выйшаў з майстэрні, я яшчэ доўга стаяў каля акна, за якім ужо не было нічога з таго, што бачылася да гэтага.
Высотная труба мэблевай фабрыкі, за якой і была мая сапраўдная майстэрня. А вунь там, далей, за дубам і ліпай, – і мой высотны дом. У якім засталася, шукае і чакае мяне Ліка...
Над Навабеліцай, здаецца, нараджаўся цнатлівы вечар… Нешта круцілася вакол мяне, ці гэта я сам круціўся вакол нябачнай восі… Восі – зямнога шара? Незнаёмай планеты? Прыгадаўся Амар Хайям:
«Мне так небесный свод сказал: «О человек,
Я осуждён судьбой на этот страшный бег.
Когда б я властен был над собственным вращеньем,
Его бы я давно остановил навек…»
9.
…Заўтра… Заўтра павінна ўсё вырашыцца…
Карцела зазірнуць у Залу Часу, паглядзець на сябе ў розных жыццях. Цікава ж убачыць сябе і жанчынай, і мужчынам, і немаўляткам і стогадовым абарыгенам... Нешта падказвала мне: “Ага, забярыся ў тую залу, уключы ўпадабанае стагоддзе – то і застанешся там назаўсёды, і тады ўжо зусім не будзе аніякай надзеі на выратаванне. Не будзе Ева жонкай Адама – усё прыдзе да цябе, не пазней і не раней часу. Цярпі…”
Затрымцелі ледзь чутна шыбіны ў акне – як быццам нешта выбухнула побач, а можа наш карабель наткнуўся на нябачную перашкоду?
Зноў праз тоўшчу маўчання да мяне далятае голас маёй выратавальніцы – Яніны Альшанскай. Быццам сонейка выглянула ў шэры і пахмурны дзень…
“Ну і як твой заказчык, Антон? Прыняў тваю працу?”
“І сам не ведаю… Моўчкі пайшоў, толькі сказаў, каб я цябе чакаў”.
“Я зайду за табой…”
“Яніна растлумач мне… Жана і Павел… Я ж напісаў толькі пра іх, прыдумаў. Як такое магло адбыцца, што яны ажылі і аб’ядналіся, амаль пабраліся?”
“Бо ты ж вельмі праўдзіва напісаў. А капітан Нэма ўдыхнуў у іх жыццё. Жана і Павел ужыўлены ў тваю памяць і свядомасць – пагэтаму яны цяпер неаддзельныя ад цябе…”
“Як і ты?..”
“А мяне ты хіба выдумаў? Я, прызнацца, гэтага і не заўважыла…”
“Я ў дзесятым класе ўпершыню закахаўся – у аднакласніцу Яніну. Напісаў толькі пісьмо, прызнанне ў каханні… Але нехта ўкраў яго… Але ж я не апавяданне пісаў, – няўжо і ты стала зямной?..”
Читать дальше