– Так, Гасподзь Бог мой! Усё зразумеў.
– І вось што яшчэ, Адам… Ты меў мудрасць і розум даваць імёны ўсім, хто жыў побач з вамі, а жонцы сваёй не даў. Якое імя ёй дасі?
Адам паглядзеў на жонку:
– Калі яна будзе доўжыць жыццё на зямлі, то і імя ў яе – Жыццё. А гэта азначае – Ева. Яна стане маці – прарадзіцельніцай усіх тых, хто будзе жыць на зямлі.
Ева, пачуўшы сваё імя, у знак падзякі кіўнула галавой.
– Што ж, вы самі абралі сваю дарогу і жыццё. Я вам даваў выбар да самай апошняй хвіліны, але вы, на жаль, не выкарысталі маю літасць. Так таму і быць.
І ўздрыгнула целам Ева, хацела прытуліцца да пляча мужа, каб хоць трохі сагрэцца. Яшчэ больш холадна стала ў Эдэме.
– Што ж, дзеці мае… Вам будзе яшчэ халадней. Пагэтаму вазьміце вось гэта, – з цеплынёй у голасе прамовіў Бог, падаў ім футры невядомых звяроў. – А там, у мяшку, цёплае адзенне, апраніцеся… Наперадзе вас чакаюць холад і голад, сцюжы і маразы, скруха і адчай, войны і патопы, здрада і жарсьць. Калі перапоўніцца сасуд Майго цярпення, назіраючы за бязглуздасцю і грахоўнага жыцця людзей, я пашлю свайго Пасланніка, каб паказаў вам дарогу да будучыні, да жыцця вечнага, узяўшы вашы парокі і грахі на Сябе...
Яны не разумелі словы Вышняга, хаця і слухалі Яго, разуменне прыйдзе нашмат стагоддзяў пазней.
Дасталі падарункі, прымерылі абновы. Як спецыяльна сшытыя для іх – у самы раз. Не ведалі толькі Адам і Ева, для чаго выдзеліў ім тое адзенне са скуры – у Эдэмскім садзе заўсёды было цёпла, толькі пры заходзе сонца магла насунуцца вечаровая прахалода. І, значыць, для таго, каб вырабіць скуры звяроў, прыйшлося забіць тых звяроў. Такога ў эдэмскім раі яшчэ не было. Нешта парушылася ў Эдэме, нешта паламалася, – няўжо яны былі першапрычынай гэтага?!
– Адам зрабіўся, як адзін з Нас, бо ведае ўжо, што такое дабрыня і зло. Сам даведаўся. Я і Сам даў бы яму тое веданне, ды ён паспяшаўся, на вялікі жаль. Абое паспяшаліся. Калі б вы пакаяліся, прызналі свой грэх, я можа і пакінуў бы вас ў Маім садзе. Але цяпер асцерагаюся. Адам з-за слабасці характару, ды і з-за таго, што ён пад пятою ў жонкі, можа адчаяцца на непапраўнае – наслаць пагібель на на род чалавечы… Пакіну Адама з Еваю, а ён возьме аднойчы ды і сарве, як яго жонка, яблык з Дрэва Жыцця, да пасмакуе яго. І стане жыць вечна, як Я…
– Гасподзь Бог мой!.. – паспрабаваў нешта запознена сказаць грэшнік, але Творца падняў руку, забараніўшы яму выказвацца далей, – і Адам спатыкнуўся на паўслове, сцяўся, абмяк…
– Ты ўсё сказаў, Адам, да гэтага. Але Я, на жаль, не тое пачуў ад цябе, што жадаў пачуць. Зусім не тое. Значыць так, – усё, што неабходна чалавеку, Я мог даць вам, абавязкова даў бы, даў бы жыццё вечнае… Але… Але…
Не асмеліўся чалавек вымавіць хаця б адно слова, як і яго спадарожніца…
– А цяпер слухайце, што Я скажу вам… Прэч абое з саду Эдэмскага! Прэч! Вяртайся, Адам, у тую зямлю, з якой ты і ўзнік.
І ішоў Бог ззаду іх на ўсход ад саду Эдэмскага – выгнаў з раю праз вароты. А каля высокай, пад неба, залачонай аркі – Брамы – паставіў Херувіма і даў яму меч, які тут жа загарэўся агнём, сам і паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да Дрэва Жыцця…»
«Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зацяжарнела, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Набыла я чалавека ад Госпада…» І яшчэ нарадзіла брата яго, Авеля (Быццё 4: 1-2).
Памылялася Ева, кажучы – ад Госпада. Не Ратаўніка яна нарадзіла, а першага чалавеказабойцу. Адмовіўшыся ад праўды Божай, ад волі Тварца …
6.
Мне прыйшлося адкласці старонкі напісанага. Нехта ці нешта перашкаджала пісаць далей… Калі так, то меліся, значыць, на тое прычыны. Вольна абыходзіўся з біблейскімі фактамі?
І параіцца не было з кім, праверыць самога сябе…
……………………………………………………………
…У пакоі ціха, паўзмрок стаіўся ў кожным кутку.
Недзе непадалёку ад мяне хроп з прысвістам спакуснік. Прыслухаўся: гэта злева, у суседнім пакоі – за прачыненымі дзвярыма. Прачыніў іх шырэй. І там валадарыў паўзмрок…
Д’ябал спаў, накрыўшыся шэрай прасцінай, загарнуўся ў яе. Адкінуў толькі галаву, прыўзняўшы бараду. Брыль шэрага капелюша напалову закрываў твар. Нешта шавялілася каля паўраскрытага рота. Прыгледзеўся – падалося, што там клубок змей. Падобна было, што і яны пахрапвалі ці шамацелі, церучыся адна аб адну шаршавымі бакамі.
Антыхрысту, падумалася мне, не хапала адно толькі капытаў. Падушка і прасціны пакрыты чорнай вадкасцю, ліпкай і густой, – быццам нафта. Яна сцякала і распаўзалася каля ложка. Не заўважыў, як падэшвы маіх чаравікаў прыліплі да падлогі.
Читать дальше