Як толькі ён вярнуўся дадому, разам з Дамброўскім накіравалі за мяжу двух афіцэраў – Зыгмунта Падлеўскага, які падаў у адстаўку, і Уладзіслава Касоўскага, які “узяў доўгатэрміновы адпачынак”. Яны сталі выкладчыкамі тактыкі і артылерыі ў польскай ваеннай школе, створанай у Італіі для падрыхтоўкі будучых паўстанцкіх камандзіраў…
Гурткі будаваліся па прынцыпе “троек”. Кожны актыўны канспіратар прымаў у арганізацыю трох чалавек, кожны з якіх – яшчэ па два. А пасля гэтага утвараўся дзесятак на чале з дзесяцкім. Тры дзесяткі складалі групу, якую ўзначальваў трыдзесяцкі. А на чале ўсіх канспіратараў буйнага горада стаяў “старэйшы”. У Пецярбурзе гэтая пасада дасталася Серакоўскаму…
За два гады старшыньства рэвалюцыйнай дзейнасці Яраслаў Дамброўскі прарабіў тытанічную працу для павелічэння колькасці пецярбургскіх ваенных гурткоў. Ён імкнуўся, каб усе рэвалюцыянеры ідэйна загартоўваліся, умацоўвалі федэратыўныя сувязі між сабой. Акрамя гэтага пашыралі кантакты ваенных арганізацый з вызваленчым рухам у краіне, з польскімі, літоўскімі і беларускімі рэвалюцыянерамі, якія знаходзіліся за мяжой. Заканчвалі вучобу слухачы акадэмій і раз’язджаліся па сваіх месцах. Таму склад гурткоў мяняўся. На пасадзе старшыні Дамброўскага падмяніў гвардзейскі прапаршчык В.Пагажэльскі, які паступіў у Акадэмію генеральнага штаба ў 1861 годзе. Пазней, праз год, быў абраны камітэт у складзе Э.Юндзіла, В.Касоўскага і В.Апоцкага. Ён актыўна дзейнічаў непасрэдна перад самым паўстаннем і ў першыя месяцы паўстання 1863 года, у якім, па сціплых падліках, прыняла палова удзельнікаў пецяргбурскіх ваенных гурткоў…
Скончыўшы акадэмію, Яраслаў Дамброўскі мог дабіцца высокіх ваенных чыноў. Мог быць прыкамандзіраваным да генеральнага штаба, мог бы мець высокую пасаду ў Пецярбурзе. Але ён, сябар і паплечнік Віктара і Канстанціна Каліноўскіх, далучыўшы іх да святой рэвалюцыйнай справы, мусіў адправіцца ў самую гушчыню падзей, як найхутчэй уключыцца ў вызваленчую барацьбу. Бо ў ім жылі высокая грамадзянская свядомасць, доўг і абавязак перад сябрамі, перад народамі, якія прагнулі вызвалення ад ярма царызму.
Да таго часу стала ўсім зразумела, і тое пацвярджаў Вікенцій Канстанцін Каліноўскі, які таксама цвёрда стаяў на пазіцыях жорсткай барацьбы і неадкладнага падняцця паўстання, што ў расейскіх губернях рэвалюцыйны выбух павінен адбыцца толькі ў 1863 годзе. Менавіта ў той час, калі ў сялянаў скончыцца тэрмін так званага часоваабавязанага стану. Царства Польскае на той час з’яўлялася той часткай Расейскай імперыі, якая напамінала парахавую бочку. Вызваленне роднага народа, вызваленне ўсёй Расеі залежала цяпер толькі ад таго, як будуць разгортвацца падзеі на польскіх землях. Зразумела, што там, і толькі там вызначалася месца дзейнасці Дамброўскага.
Калі адбыўся выпускны акт, усе раз’ехаліся. Якраз пачыналіся калядныя святы, і Яраслаў, справіўшы ўсе свае канспіратыўныя клопаты ў Пецярбурзе, адправіўся ў Маскву. Хацеў узяць з сабою Канстанціна Каліноўскага, які прыехаў з Вільні на некалькі дзён, але той прастудзіўся і ляжаў з высокай тэмпературай у ложку…
У Маскве Дамброўскі пабачыўся са сваімі роднымі, але за бяседнымі сталамі не заседжваўся. У яго былі і іншыя важныя клопаты – сустрэчы з дзеячамі рэвалюцыйнага падполля. Пачыналіся рэпрэсіі ўдзельнікаў студэнцкіх хваляванняў, арыштоўвалі распаўсюджвальнікаў “Вялікароса” і іншых нелегальных выданняў, якія друкаваліся ў Маскве, яны больш рашуча сталі ўдзельнічаць у сходках і маніфестацыях. Яраслаў занатоўваў-зашыфроўваў у сваіх нататніках адрасы і прозвішчы падпольшчыкаў. Запісваў, што сустракаўся са студэнцкімі важакамі П.Аргірапулам і П.Зайчнеўскім, Ю.Масолавым і Н.Шацілавым, – яны ўзначальвалі напалову канспіратыўную “Бібліятэку казанскіх студэнтаў”. Яна пасля стане фундаментам маскоўскага аддзялення “Зямлі і волі”.
Але самай прыемнай і ўзрушанай адбылася сустрэча з афіцэрамі В.Колесавым, А.Яленскім, В.Нарбутам і многімі іншымі сябрамі па Берасцейскім кадзетскім корпусе і Дваранскім палку. Абдымкі, поціскі рук, узбуджаныя размовы… Не маглі нагаварыцца, забыўшыся пра сон, – світанак стукаўся ў вокны, а яны таго не заўважалі…
– Яраслаў, як там у вас ў Піцеры? – дапытваліся сябры-афіцэры. – У нас створана шмат падпольных рэвалюцыйных гурткоў… Нам не хапае яднання, агульнай тактыкі і мэты…
– Вось для гэтага, сябры мае, я і прыехаў абмеркаваць усе гэтыя праблемы. – Неабходна стварыць мазгавы цэнтр, галоўнага кіраўніка, распрацаваць праграму і тактыку нашых дзеянняў. У нас, як у ваенных людзей, веды барацьбы. І калі падымецца Літва, Польшча, Украіна, Расея, – то мы павінны весці людзей за сабой. Патрэбна не проста група людзей, якія стыхійна падняліся супраць царызму, а арганізаванае войска – армія паўстання…
Читать дальше