Нарадзіўся Яраслаў на Украіне – у Жытоміры. У 1836 годзе. Бацька яго – Віктар Дамброўскі – быў архіварыусам у губернскім дваранскім сходзе, вялікіх чыноў не дасягнуў, але пад канец жыцця атрымаў тытулярнага дарадчыка. Дамброўскія паходзілі са шляхецкага роду, якія перасяліўся некалі з цэнтральнай часткі Польшчы. Сям’я, да якой належаў Віктар Дамброўскі, мела даволі старажытную генеалогію і віціеваты герб, але існавала хіба толькі з-за таго, што змаглі зарабіць сваёй працай сямейнікі. Маці Яраслава – Соф’я – паходзіла з паланізаванага і збяднелага атожылка курляндскіх дваранаў Фалькенгагенаў-Залескіх. Выбіцца з сярэдняга дастатку і дасягнуць нейкага прыстойнага становішча ў грамадстве змог адзін хіба брат Пятро. Ён, скончыўшы Крамянецкі ліцэй, пачаў працаваць чыноўнікам у Пецярбурзе. Але пасля польскага паўстання 1830-1831 гадоў эмігрыраваў і жыў у Лондане, Парыжы, Берліне, Дрэздэне, дзе займаўся навуковымі, выдавецкімі і камерцыйнымі клопатамі.
У 1858 годзе Яраслаў атрымаў чын падпаручыка. У тым жа годзе, у чэрвені, “з выпадку новага пераўтварэння артылерыі на Каўказе” яго перавялі ў наноў створаную 3-ю горную батарэю. Для зімовага кватаравання гэтай батарэі была адведзена казачая станіца Крымская, якая знаходзілася непадалёк ад Наварасійска. Там Дамброўскі і правёў апошні свой год знаходжання на Каўказе.
Смеючыся, выпіўшы шклянку пуншу, ён расказваў аб сваіх прыгодах. Яны былі як і ў кожнага расейскага афіцэра. Калі не было паходаў, сустракаўся з сябрамі і наладжваліся застоллі, гуляў да світання ў карты. Самым прыемным заняткам у маладога афіцэра было каханне і каханкі. Але з цягам часу Яраслаў нечакана працверазеў, як кажуць, узяўся за розум, адчуў агіду да картаў і “гусарства”…
Пачаў больш чытаць. Нават кінуў курыць, каб былі грошы на набыццё кніг, у тым ліку і забароненых. Амаль кожны з афіцэраў меў сшыткі, куды запісвалі патаемныя думкі, эратычныя вершы. Але часцей і часцей сшыткі пачалі запаўняцца палітычнымі тэкстамі, крамольнымі вершамі.
Яраслаў адгарнуў старонкі і знайшоў верш “Шарманка”. У вершы самадзяржаўная Расія паказваецца ў выглядзе старой катрыкі (шарманкі), на якой апошнія прадстаўнікі дынастыі Раманавых іграюць толькі тры абрыдлыя ўсім мелодыі: пра Бога, цара і айчыну. Тры дзесяцігоддзі круціў візглівую катрынку Мікалай І. А Аляксандр ІІ толькі паднавіў яе, а сутнасць засталася ранейшая.
А внутри осталось так,
Даже стало хуже!
Сам он видит, что она
Уж пришла в негодность.
Что в ней лопнула струна,
Певшая народность,
Что охрипла в ней давно
Песней православия,
Что поправить мудрено
Хрип самодержавия.
Кастусь засмяяўся, пачуўшы апошнія радкі, на брата паглядзеў. І ў яго вачах убачыў здзіўленне і ўзрушанасць.
– Гэтыя радкі скіроўваюць усю ўвагу на Аляксандра ІІ, – выказаў думку Каліноўскі, – каму, як ні яму трэба разумець, што неабходны рашучыя перамены ў атрыманай ад бацькі спадчыне. Даўно наспела неабходнасць рашуча ўзяцца за пераўтварэнне дзяржаўнага механізма…
– Інакш? – Яраслаў паглядзеў на братоў.
– Інакш адбудзецца выбух, рэвалюцыйны выбух.
Дамброўскі паклаў руку на плячо Вікенція Канстанціна:
– Так, так… І гэта мы павінны не толькі зразумець, а і зрабіць усё магчымае, каб выбіць глебу з-пад ног Раманавых… Трэба новы вецер, буран, завіруха, якія б знеслі з твару зямлі ўсё старое і гнілое, каб свежы вецер запанаваў на вольнай зямлі…
– Яраслаў, як ты добра сказаў… “Усё старое і гнілое, каб свежы вецер запанаваў на вольнай зямлі…”
– Гэта не мае асабістыя думкі… Так гаворыць Герцэн, Дабралюбаў… І гэта ўсё выкладзена ў іх артыкулах, якія яны друкавалі у “Современнику”, у “Колоколе”… Во што Герцэн піша ў “Колоколе” у артыкуле “Расія і Польшча”: “Я перакананы, што з Крымскай вайны Расія ўваходзіць у новую эпоху развіцця…” І яшчэ – “Польшча, як Італія, як Венгрыя, маюць неад’емнае поўнае права на дзяржаўнае існаванне, незалежнае ад Расіі”. Так як і вашая Літва – Беларусь.
Яраслаў, усхваляваны, падняўся з канапы, падышоў да акна. Гледзячы ў цемрадзь ночы (гутарка апантаных, рэвалюцыйна настроеных людзей зацягнулася за поўнач), уздыхнуў:
– Я вельмі добра ведаю горцаў. Мужны і свабодалюбівы народ. Я пасябраваў з многімі, і яны не бачылі ўва мне ворага. Цар выступае ў адносінах да горцаў у якасці захопніка, парабаціцеля, прыгнятальніка, выконвае тую ж ролю, якую адвёў сваім войскам на польскіх землях…
Читать дальше