Завітаў да яго на кватэру. Падаўся ён брату схуднелым, хворым.
– Віншую цябе, дваранін Каліноўскі!
Брат недаўменна паглядзеў на Кастуся, чакаў тлумачэнняў.
– Значыць, не ведаеш яшчэ. Сенат зацвердзіў пастанову аб наданні Каліноўскім дваранскага звання.
– А-а, вось яно што, – кісла ўсміхнуўся Віктар. – Дабіўся-такі бацька свайго, цяпер да яго і не падступішся – заганарыцца…
– Яшчэ б… – заўсміхаўся брат, ведаючы, што гэта за такое дваранскае званне, і што яно дае.
Брат частаваў Кастуся гарачай гарбатай з пернікамі, распытваў пра сяброў, пра Якушоўку і Мастаўляны. Радаваўся, калі чуў прыемнае, хмурыўся, калі навіна была не з радасных, ды яшчэ датычыла іх сям’і ці родных.
– Ну, пісаў гарадзенскаму павятоваму прадвадзіцелю дваранства?
– Пісаў.
– І – што? Атрымаў пасведчанне аб беднасці?
– Вось яно, – падаў брат шэрую паперчыну.
– “Для падачы ў Маскоўскі ўніверсітэт пасведчанне аб беднасці двараніна Вікенція Канстанціна Каліноўскага…” Добра. Заўтра ж пойдзем разам дабівацца для цябе месца студэнта…
Усё было добра, так сталася, як і жадалася: Кастусь Каліноўскі стаў студэнтам, як брат, пачаў заводзіць новых сяброў, наведваў лекцыі.
Ды злы лёс умяшаўся ў жыццё. Данеслі рэктару, што студэнт медыцынскага факультэта Віктар Отан Каліноўскі разводзіць крамолу ў сценах вучэбнай установы, стварае тайныя рэвалюцыйныя гурткі… А раз ёсць данос, яму патрэбна даваць ход.
Асцерагаючыся, што гэтая справа атрымае працяг, могуць дакапацца да тайнаў стварэння суполак, Віктар, не раздумваючы, пакідае вучобу ў Маскоўскім універсітэце.
– Навошта нам гэтая медыцына? – падтрымаў яго Кастусь. – Для будучай справы яна мала чым спатрэбіцца. Нам трэба іншая адукацыя. І яе мы набудзем у Пецярбурзе.
– І я за тое. Ды галоўнае – мы будзем разам, адзін каля аднаго.
І ў ліпені браты Каліноўскія падаліся ў Пецярбург.
…Пад вечар, калі збольшага спала спякота, а пачатак жніўня азнаменаваўся страшэннай гарачынёй, прыйшоў на кватэру Віктар, з парога яшчэ спытаў у брата:
– Памятаеш, як арыштавалі ўдзельнікаў “Саюза беларускай моладзі”?
– Памятаю. Браты Далеўскія і Зыгмунт Серакоўскі.
– Так, так… Колькі месяцаў таму назад вярнуўся Зыгмунт. Ён разам з Яраславам Дамброўскім, афіцэрам генеральнага штаба, стварылі падпольную арганізацыю. Сёння на тайнай канспіратыўнай кватэры збіраецца моладзь. Запрасілі і нас з табой, Вікенцій. Сходзім? Пазнаёмімся бліжэй, для нас гэта будзе карысна і знамянальна.
– Канечне ж, пойдзем.
Віктар спехам нешта ўкінуў у рот, запіў вадой. Потым выйшлі разам на разамлелую, пад спякотным сонцам, вуліцу.
Ідучы, спыталі колькі разоў, дзе знаходзіцца патрэбны ім дом. Ім паказвалі некуды рукой уздоўж праспекта, і яны амаль не збочвалі з яго. Потым прайшлі Мыйку, куды прывозілі параненага Пушкіна пасля дуэлі, перайшлі мост з выявамі ільвоў, павярнулі ў ціхі завулак.
Віктар праз нейкі час паглядзеў на шыльду, прымацаваную да вугла, прамовіў:
– Тут… Гэты дом. На другім паверсе, як мне сказалі.
Дзверы былі трошкі прачынены, так што не прыйшлося стукаць і выклікаць каго. Але каля парога стаяў вартавы. Кіўнуўшы галавой, што пазнаў іх, паказаў позіркам: “Праходзьце далей…” Калі пераступілі парог, пачулі ўзбуджаныя галасы, воклічы. На іх, здавалася, ніхто не звярнуў увагі. Але той, хто сядзеў на канапе, пільна прыгледзеўся да тых, хто прыйшоў. Чалавек быў хударлявы з твару, з прамым носам, шырокім ілбом. Позірк праніклівы і дапытлівы.
– Каго маем гонар бачыць? – перапыніў спрэчку ці гамонку той чалавек, прыўзняўся. – Просім садзіцца, ёсць некалькі свабодных крэслаў.
Наперад выйшаў Віктар.
– Мы – браты Каліноўскія. Я – Віктар Отан. Ён – Вікенцій Канстанцін.
– А я – Зыгмунт Серакоўскі. А гэта, побач са мной, Яраслаў Дамброўскі, афіцэр генеральнага штаба. Яшчэ ў нас афіцэры Зыгмунт Падлеўскі і Людвіг Звяждоўскі, Эмануэль Юндзіл, Ян Козел і Юзэф Каліноўскі… Студэнт Ляснога інстытута Валеры Урублеўскі… Амаль усе, хто далучаны да нашай тайнай арганізацыі, выхадцы з Беларусі і Літвы. Мы цесна звязаны з расейскімі рэвалюцыянерамі.
Ужо калі паселі, Віктар датлумачыў:
– Калі вас арыштавалі, я вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Потым Кастусь далучыўся да мяне. Пасля я вучыўся ў Гарадзенскай гімназіі. Праз нейкі час апынуўся ў Маскве. І брат туды ж пазней прыехаў. Але прычапілася да мяне начальства, збіраліся за рэвалюцыйную прапаганду выключыць з універсітэта, тады мы з братам рашылі перабрацца сюды, у Піцер… Сёння Кастусь на трэцім курсе.
Читать дальше