Вось і сцяна. Цяпер, уначы, яшчэ вышэйшая і страшнейшая. На самым версе яна заканчваецца вострымі цвёрдымі бярвеннямі-каламі.
— Мір вам, людзі, што за любоўю прыйшлі, — лагодна пачулася з цемры. Белавалод з Ульяніцаю прыраслі да зямлі ад нечаканасці. Рослы худы рахман з дзідай у руцэ, з доўгай накідкаю на плячах стаяў побач. Здавалася, ён не здзівіўся, убачыўшы іх, бо стаяў і маўчаў, нічога не пытаючыся.
— Вяртайцеся назад, — нарэшце сказаўрахман. — Сцяна высокая, а ноч глыбокая. Мы ходзім за сцяну толью тадьі, калі сонца на нябёсах пакоіцца.
Моўчкі шыбуючы ззаду, ён давёў іх да самай хаткі, счакаў, пакуль яны ўвойдуць у яе. Там, у цемры, яны не звялі вачэй да світання, селі на одр, абняўшыся, слухалі ноч, якая магла быць апошняй іхняй ноччу. Ульяніца плакала. Цёплыя слёзы капалі Белавалоду на рукі. Ён гладзіў жончыны валасы, глядзеў у змрок. Шумеў за акенцам вецер, ляцеў над пушчай. Вольна было ветру — ляці куды хочаш і рабі што хочаш. Гні вербалозы над ракой, раскідвай хмары на небе, мякка біся ў шчыт маладому вою, што стаіць недзе на сцяне Менска, пільна ўзіраючыся ў цемру. Белавалоду хацелася зрабіцца ветрам. Лёгка падняў бы ён Ульяніцу на моцных крыллях, панёс туды, дзе цьмяным срэбрам свеціцца між лясоў Свіслач, дзе, схаваўшыся ад непагадзі, ад краплістага дажджу пад лодкай-дубоўкай, цярпліва чакае іх Ядрэйка. Ды немагчыма было вырвацца з-за сцяны. Ён адчуваў, як шпарка мінае, коціцца ноч, і шаптаў Ульяніцы:
— Спі... Засні...
Сам жа не спаў, гнаў прэч млявасць. Заўтра яму трэба быць моцным, не з сэрцам, а з кавалкам жалеза ў грудзях.
Знадворку ціха кашлянуў рахман. Пільнуе, глядзіць ва ўсе вочы, каб не збеглі. Калі ж збягуць, не бачыць яму абшчыны, выганяць з пракляццем у пушчу, а для рахмана гэта смерць.
I ўсё-такі Белавалод заснуў. I снілася яму мноства белых птушак, ці то буслоў, ці то вялізных азёрных чаек. Запаланілі птушкі ўсё неба, засланілі крыллем сонца, бела-бела зрабілася на зямлі, нібы снег пайшоў. Такая цнатлівасць, такая пяшчота і мяккасць былі ва ўсім і ўсюды. Белавалод з Ульяніцаю, абняўшыся, лагодна сядзелі на воблаку, нібы на ружовым чоўне. Веліч небясная адкрывалася позірку, неабсяжнасць. Зямля бачылася далёка ўнізе, як спелы лясны арэх, калі яго падчырвоніць ласкавае жнівеньскае сонца. Самы слабы шэпт громам каціўся, гучаў у аблоках, але не было ў гэтай гучнасці пагрозы, было адчуванне сілы таго, хто кіруе ўсім. Белыя птушкі неслі воблака, далікатна трымаючы яго доўгімі карычневымі дзюбамі. Часам адна з птушак губляла пёрка, і яно, успыхваючы на сонцы, кружачыся, павольна падала ўніз, у сінюю бездань. Раптам удалечыні, як пляма на асляпляльна-белым, паказалася чорная хмарка. Птушкі захваляваліся, нешта крыкнулі разгубленымі хрыплымі галасамі (гэта яны ад страху ахрыплі) і рынуліся хто куды, пачалі хавацца, зашывацца ў белую іскрыстую воўну воблакаў. А з чорнай хмаркі ўпаў, распластаўшы меднае крылле, арол. У яго былі востра наточанью жалезныя кіпцюры, жоўтыя сонечныя вочы, якія не міргалі. Арол быў буйнацелы, не менш Белавалода. Ён сеў між Белавалодам і Ульяніцай і, ахінуўшы Ульяніцу шырокімі меднымі крыллямі, на якіх патрэсквалі сіняватыя іскры маланкі, пачаў раздзяваць яе, дзюбай і кіпцюрамі здымаючы сукенку. Белавалод зайшоўся ад гневу, хацеў схапіць арла за шыю, але арол рэзка павярнуўся, пранізліва зірнуў жоўтым бясстрашным вокам і ўдарам цвёрдага крыла збіў яго з воблака. Белавалод ускрыкнуў і прачнуўся.
Урачысты голас біла гучаў над лясным селішчам. Сонца сыпала ў хатку залатыя грыўні. На парозе стаяў рахман.
— Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — сказаў рахман. — Ідзіце за мной. Вас чакаюць браты.
Белавалод з Ульяніцаю пераглянуліся. Ульяніца галавой упала мужу на грудзі.
— Не бойся. Я з табою, — пацалаваў яе Белавалод.
Рахманы, як і заўсёды, стаялі кругам. Дубок шумеў пад свежым ветрам. Лісце было бліскучае, вымытае начным дажджом.
На твары Добрага, на тварах рахманаў ніякай злосці Белавалод не ўбачыў. Наадварот, вочы ва ўсіх былі лагодныя, спакойныя, нібы цёмнью і сінія лясныя ягады, якія абмыў дождж.
Рахманы моўчкі расступіліся, прапусцілі іх усярэдзіну круга і зноў сышліся, як рачныя воды. Добры лёгкім ківам галавы прывітаў Белавалода і Ульяніцу, загаварыў:
— Сёння вы вяртаецеся туды, адкуль прыйшлі. Мы вас шкадуем, бо там анёл і д'ябал спляліся ў чалавеку, бо там можна паслізнуцца не на ранішняй і вечаровай расе, якой Бог асвяжае, лашчыць зямлю, а на людской крыві.
Читать дальше