Юля падлеткам не прапускала ніводных танцаў, тоўпілася з дзецьмі вакол танцавальнай пляцоўкі. У дзевятым i асабліва ў дзесятым класе на яе пачалі заглядацца хлопцы, запрашаць у танцы, стараліся правесці яе дамоў. Асабліва вытанцоўваў ля яе кучаравы Мікола, што адслужыў ужо ў арміі i ўладкаваўся на работу ў тутэйшае лясніцтва. У вёсцы нават пагаворвалі, што ён, калі Юля скончыць школу, збіраецца заслаць да яе сватоў, ды толькі пабойваецца, ці аддасць Наталля замуж такую маладую дачку...
Зімою, як накручвала з поля снегу вышэй платоў, замятала пляцоўку, збіраліся доўгімі вечарамі ў хаце Сямёніхі.
Хата ў Сямёніхі была вялікая, на дзве прасторныя палавіны, пустая — гаспадыня жыла адна з дарослымі дочкамі; вось сюды i збіраліся павесяліцца, схаваўшыся ад бацькоў, сталыя i маладыя кавалеры, прыпляталіся цікаўныя жанкі — глянуць, хто паглядае на яе дачку ці на каго яна кідае позірк, ці проста наглядзецца i назапасіцца на заўтрашняе гутаркай.
Юля хацела прыгожа апранацца. Яе кароценькія, выцвілыя вучнёўскія ці перашытыя з матчыных старых плаццяў сукенкі, матчыны старамодныя туфлі — усё ёй не падабалася i не падыходзіла. Маці толькі што аддала замуж старэйшую дачку — Маньку, многа патрацілася на вяселле i не магла ва ўсім дагаджаць Юлі. Заспакойвала: «Самая меншая, паспееш яшчэ прыбрацца, хадзі ў тым, што ёсць, яшчэ ніхто на свеце не памёр, што модна не адзяваўся». Юля перажывала, але не крыўдзілася, разумела маці; яна прыпала да вучобы, да кніжак, многа чытала i марыла стаць настаўніцай, такой, як іхняя класная Паліна Міхайлаўна.
Юля позна сядзела зімовымі вечарамі, чытала, глядзела ў цёмнае, замёрзлае, з хітрымі ўзорамі акно, слухала, як дзіка вые на дварэ мяцеліца, нібы плача малое дзіця, як шорстка сыпле ў вокны снег.
Да яе часта, абсыпаная снегам, радасная, прыбягала сяброўка Аня.
Анька была любімая дачушка ў сям'і. Яна вельмі ганарылася, што адзявалася лепш не толькі за вучаніц, але i за настаўніц, што была прыгожая. Яна не засмучалася, што цягнулася на слабыя троечкі, i ўвесь час гарнулася сябраваць з Юляй, можа, толькі таму, што спісвала ў яе задачы, а мо i тайна зайздросціла, што Юля, як i яна, была такая самая прыгожая ды яшчэ добра вучылася: ёю не маглі нахваліцца настаўнікі...
Недзе зімою, калі прайшла пара мяцеліц, моцных марозаў, калі ўжо днём па-веснавому свяціла сонца i асядаў снег, Анька таксама зайшла да Юлі, паклікала гуляць.
— Не хочацца, Анька, — адмаўлялася Юля.
— Хадзем, — прасіла Аня, — ведаеш, сёння хлопцы з Восава прыйшлі, свайго музыканта прывялі.
— Хутка экзамены, трэба чытаць.
— Ты i так усё ведаеш, зубрыла, — сказала Анька.— Хадзі, я табе светлую блузку дам.
Анька здагадвалася, чаго не хапала Юльцы.
— Не трэба, — сказала Юля, хоць ёй тая блузка i вельмі падабалася: яна разумела, што ўся веска бачыла, ведала гэтую светленькую прыгожую блузку, i калі надзенеш яе, то ніхто не звядзе з яе вачэй, цэлы вечар будуць шаптацца, абгаворваць.
Тою зімою Юлька ўпарта адмаўлялася, i Анька бегла на танцы адна, але таго вечара Анька не выходзіла з хаты, настойвала, так прычапілася, што Юлька не вытрывала, загарнула кніжку, апранула, што мела лепшае, i пабегла з Анькаю да Сямёніхі, у хаце якой ужо сабралася вельмі многа моладзі.
...Юля многа танцавала ў той вечар вальсаў, полек. Бралі яе Сцяпан, Мікола, восаўскія хлопцы. Анька ўвесь вечар круцілася са сваім Лёнькам, выбягала з ім на двор, падоўгу недзе прападала, вярталася чырвоная ў твары, з дзіўным бляскам у вачах.
Юля танцавала i бачыла, як за ёю цікуе Мікола, чырванеецца, злуе, калі яе запрашаюць танцаваць восаўскія хлопцы. Яна гадала, чаго такі Мікола, чаму ён так адносіцца да яе, i калі пачынала здагадвацца, адчуваць сваім дзявочым сэрцам — ёй рабілася трывожна i страшна. Яна хацела забыць гэта, думаць пра штосьці іншае, але тое шчымлівае i страшнае ажывала, як ручаёк пад рыхлым снегам: недзе ціснецца, блукае, хоча вырвацца наверх i не вырываецца, блудзіць, толькі трывожыць душу...
Юля не кахала Міколу.
Калі Сцяпан зайграў развітальны марш i ўсе паразбіваліся на пары, павалілі з хаты, яна таксама выскачыла на двор. Хтосьці выбег за ёю. Яна азірнулася: aпpaнаючыся, ішоў следам Мікола. Хутка дагнаў яе, пайшоў поруч.
Юля ніколі не перажывала столькі страху, як тады. Спяшалася ісці i не чула сваіх ног, моўчкі завіхаўся побач i Мікола. Толькі ля яе хаты схапіў за руку, затрымаў, прыгарнуў да сябе. Калі блізка пачулася яго дыханне, Юля зразумела, што Мікола хоча пацалаваць яе. Яна церабнулася, але ён трымаў моцна, гарнуў да сябе.
Читать дальше