— Ты не перажывай, — прамовіла Анька, — калі кінуў цябе — ну i чорт з ім. Выйдзеш i за другога, яшчэ вартнейшага. Толькі трэба ў горад выязджаць i не сядзець тут, бо ў вёсцы з дзіцём нялёгка замуж выйсці, a ў горадзе добрыя людзі возьмуць.
— Ды не спяшаюся я другі раз замуж, — сказала Юля.— Мужа я знайду сабе, але ці знайду бацьку сыну?
— Гэтыя дзеці i трымаюць нас, — згадзілася Анька.— Мы i жывём цяпер дзеля ix, пра сябе не думаем.
Нечакана загарэлася святло. Юлька i Анька на хвіліну ад яркасці заплюшчылі вочы, асвоіліся, пасля разгледзелі адна адну.
— Ты пастарэла, Юлька.
— Хутка трыццаць год, дакуль жа тая маладосць ды краса будуць.
Грукнуўшы ў сенцах дзвярыма, у хату ўбег Пецька; убачыўшы незнаемую, утаропіўся i засаромлена стаў у парозе.
— Ой, які ж Ты мурзаценькі! — здзівілася Аня, дастала з кішэні плітку шакаладу i працягнула Пецю. Той апусціў вочы долу, саромеўся падысці i ўзяць гасцінец.
— Вазьмі, Пецька, — сказала Юля.
— Ой, які стыдун. Прападзеш такі! — паківала галавою Анька, — Бяры, малец, i падыдзі сюды, гляну, у каго ты ўдаўся: у маці ці ў бацечку свайго.
Аня не дачакалася, сама падышла i дала ў руку малому шакаладку.
— Скажы дзякуй, — вучыла сына Юля.
Пецька маўчаў, не ўзнімаў ад падлогі вачэй, пасля прайшоў за грубку i схаваўся на печы.
— А мае хлопцы смелыя...— сказала Анька.
— Хадзі, сынок, памыемся нанач, а то чуў, як гарадская цётка пасміхалася з нас, — сказала Юля сыну, зняла яго амаль соннага з печы, калі Анька пахвалілася пра сябе, свайго мужа, лёгкае сваё жыццё, панавучаўшы, як Юлі лепей, крыху хітрэй жыць, i пайшла дахаты.
Юля наліла ў ночвы цёплай вады, раздзела i пасадзіла ў ix Пецьку, намыліла яму галаву, вушы, пацерла мачалкаю спіну.
— Каб ты, сынок, не капаўся ў пяску, заўсёды чысценькі быў, дык i маме менш работы было б, — гаварыла Юля, — а то ты ж зусім не слухаешся ні мяне, ні бабы, усё па-свойму робіш. Нялюдскі ты.
— А гэта цёця прыйдзе яшчэ? — спытаў сын.
— Прыйдзе, i калі ты будзеш чысценькі, харошы, то i зноў шакаладку прынясе.
— Я буду чысты, мама.
— Ну i добра, — сказала Юля, зняла з грубкі нагрэтую прасціну, загарнула, як маленькага, у яе Пецьку i панесла на ложак, выцерла, адзела новую майку, трусікі. Укрыла коўдрай, пацалавала сына ў лобік, хвіліну пастаяла, радуючыся, што такі вялікі, прыгожанькі яе сын, яе радасць, уцеха; як ёй бывае часам цяжка, нядобра, i сын яе суцешыць, супакоіць; ужо тое, што ён толькі жыве, як штодня гаворыць Юлі: не гаруй па сваім жыцці, каго ты страціла ці цябе страцілі— табе трэба жыць. Дзеля сына, дзеля яго жыцця. Юля цяпер разумела, што значыць маці жыць не для сябе, а для сваіх дзяцей.
Яна адышла ад сына, разгарнула ў стаяку жар, пабіла галавешкі, зліла ў вядро ваду з ночваў i вынесла яе на двор; хвіліну пачакала, пакуль прападзе ў грубцы сіні агонь, тады зачыніла юшку. Маці, відаць, засталася начаваць у сваякоў, паленавалася ноччу ісці дадому; Юля пачакала яе i зашчапіла дзверы.
— Мама, — прытуліўся да яе сын, — а дзе наш тата?
— Працуе, сынок.
— Ён прыедзе да нас?
— Прыедзе. I я ж чакаю яго, — сказала Юля.
— I мне веласіпед такі, як у Лёнькі, прывязе?— сын падняўся, з такой радасцю глянуў Юльцы ў вочы, што яна здзівілася, пасля зразумела ўсё i адчула, як кальнула ў сэрца, перавярнула нутро.
«Мой ты сынок, — падумала яна, — як жа табе хочацца бацькі!»
— Прывязе, Пецька, — сказала яму.
— I біцца тата не будзе, як дзядзька Сцяпан?
— Не будзе, сынок. Тата наш вельмі добры.
— А я веласіпеда Лёньку таксама не дам, — сказаў сын i лёг, — бо Лёнька б'ецца.
— Дасі, сынок, не трэба быць скупым i помслівым.
— Тады толькі адзін раз дам праехаць ад іхняй хаты да нашай, — сказаў сын.
— Ну, хоць раз, але трэба даць.
Сын хутка заснуў, усміхаўся. Яму, відаць, сніўся бацька, што нечакана прыехаў дадому i прывёз веласіпед.
7
...Калі цяплелі вясною ночы, густа пахла бэзам, травою, моладзь збіралася вечарамі ля ракі на тупкім лужку, дзе школьнікі зрабілі, вытапталі валейбольную пляцоўку. Вечарам тут былі танцы.
Тады, нават гадоў пятнаццаць ці дзесяць назад, у вёсцы было гусцей моладзі, праз кожную хату жылі падлеткі-хлопцы, незамужнія маладыя дзяўчаты, сталыя хлопцы-халасцякі; вёску пакідалі толькі тыя, хто ішоў у армію ці каго бралі замуж, i зусім мала было тых, хто з'язджаў кудысьці шукаць лепшай работы i пабагацець.
Музыканты былі свае, звычайна ігралі Сцяпан i Алесь; ix загадзя хлопцы частавалі, задобрывалі, i тады яны ігралі вальсы ды полькі напераменку цэлую ноч, да рання.
Читать дальше