Пастаяў з хвіліну, прывыкаючы да святла, i пайшоў далей па цвёрда ўтаптанай i выезджанай веласіпедамі сцежачцы ўздоўж дарогі, пазіраючы ўперад на сухі, аж пабялелы, пясок i на зялёныя прысады — яны стаялі справа i злева. Была радасць, што ён цяпер ідзе дадому, пабудзе крышку адзін, пасмуткуе, а пасля, увечары, калі вернуцца з працы людзі, зноў сустрэнецца з ёй, мілай i дарагой яму жанчынай, што за нейкі месяц здзівіла, акрыліла, так усцешыла сваёй чысцінёй i пяшчотай — што для яго, здаецца, зусім па-іншаму паказаўся гэты свет.
Васіль — прараб тутэйшага саўгаса — вяртаўся з канторы. Доўга, з раніцы да полудня, амаль не разгінаючыся, ні на хвіліну не ўстаючы, сядзеў там — у сваім маленькім сонечным пакоі, — пісаў, падлічваў, колькі i што зрабілі рабочыя, будуючы ў Асаўку новы двухпавярховы шаснаццацікватэрны дом.
Калі перапісаў усё на чысты ліст паперы, хутчэй панёс да дырэктара, бо той даўно падганяў яго з гэтаю работаю. Дле дырэктара не было ў канторы. У суседнім пакоі, куды ён цікнуў на ўсякі выпадак, сядзела за сталом і, нізка нагнуўшыся, нешта пісала дырэктарава жонка — галоўны эканаміст саўгаса, ды паблізу яе ляскала на машынцы сакратарка Нэлачка.
Васіль зайшоў, прысеў на новенькай канапе. Да яго адразу ж, адклаўшы сваю работу, усміхнуўшыся, відаць, радая, што ёсць з кім нарэшце пагаварыць, падсела дырэктарава жонка, пажылаватая добрая жанчына, адзетая ў старамодную жоўтую сукенку, з мноствам кліноў i ўсякіх гафтачак.
—Чула, што маецеся пайсці ў адпачынак? — запыталася яна.— Дык дзе думаеце сёлета адпачываць: ці ў вёсцы, у сваіх бацькоў, ці паедзеце куды на поўдзень?
Ён усміхнуўся: адчуваў, што гэтая гутарка была толькі зачэпкаю, бо дырэктарыха i сёння, як i вельмі часта дасюль, хацела, мусіць, пагаварыць з ім пра другое — пра яго жаніцьбу.
—Яшчэ i не ведаю добра, — адказаў ён.— Відаць, паеду дадому. Буду памагаць касіць i грэбці сена.
—«Дадому, дадому!»— пажартавала яна.— Пара падумаць ужо, каб тут ваш дом быў. Ну, Васіль Антонавіч, — яна зноў усміхнулася, хітра прыжмурыла вузенькія вочы, аж, здаецца, памаладзела ад гэтай сваёй гарэзнасці, — чаму вы пяты год у нас працуеце, a ніяк нявесты не падберацё? Ці ганарлівы вы ды пераборлівы, што ні адна настаўніца вам не спадабалася, нi адна канторская дзяўчына, ці?.. Ну, чаму?
Ён, усё разумеючы, гэтаксама ўсміхнуўся, нічога не адказаў. У вёсцы напраўду былі незамужнія — фельдшарыца, загадчыца пошты i дзве маладзенькія настаўніцы, — але ўсе яны былі не надта вабныя дзяўчаты. У канторы ж незамужняй была толькі адна Нэлачка — дзяўчына яго гадоў, вельмі поўная, мусіць, хваравітая на сэрца, ад таго заўсёды нейкая санлівая, белая на твары, добрая работніца, добрая характарам, але зусім непрыгожая.
Нэлачка пры той размове гэтаксама была ў пакоі, сядзела i друкавала. Праўдзівей сказаць, яна сядзела ля машынкі, але не друкавала, брала чыстую паперу, клала на яе капірку, зноў клала наверх паперу, раўняла, угінала галаву, i здавалася, не слухала ix, але аж палымнела на шчоках ад хвалявання: яна, як ён ужо ведаў, употайкі кахала яго і, канечне, спадзявалася, што ён урэшце возьме замуж толькі яе.
I дырэктарыха чамусьці вельмі старалася «звесці» яго з Нэлачкай.
Васіль не сказаў, што няма ў вёсцы прыгожых дзяўчат: не хацеў псаваць настрой Нэлачцы. Яна заўсёды была вельмі рада, калі ён загаворыць з ёю, усміхнецца: сумавала, мучылася, калі ён не падыходзіў да яе ці гаварыў, што няма тут такіх дзяўчат, якія яму падабаліся б, — тады яна хмурнела, сцішвалася, саромелася сваёй паўнаты і, здаецца, яшчэ горш брыдчэла, была нявабная.
— Ажанюся некалі, чаго спяшацца, — толькі ўсміхнуўся ён на развітанне.— Вось пабудую новы дом, сабе кватэру ў ім адляплю — i ажанюся.
Сказаў так, што сам аж паверыў, што застанецца, прыжывецца тут, куды трапіў пасля размеркавання, будзе жыць са сваёй каханай — з ужо замужняй жанчынай. Хоць зусім не ведаў, як развяжацца той вузел, што ўжо завязаўся.
...Ішоў паціху, пыліў i чамусьці ўспомніў беленькую i тоненькую аднакурсніцу-красуню з рэдзенькімі пярэднімі зубамі, з прыгожымі светлымі валасамі. Яна была першай дзяўчынай, што ён пакахаў. Хадзіў з ёю ў кіно, у тэатры, адрываючы для гэтага на білеты i на марожанае грошы са стыпендыі, хадзілі разам у бібліятэку, перажывалі, хто як здае экзамены, — i паволі не толькі прывыклі адно да аднаго, але, здаецца, i пакахаліся. Вось ён аднойчы, ап'янелы ад шчасця, i завёў гутарку пра тое, каб ім пажаніцца.
«Ты што?— здзівілася яна i засмяялася. Ён ніколі дагэтуль не бачыў такой зняважлівай ды пагардлівай усмешкі.— Сам жа бачыш, хто i я, i ты... Абое студэнцікі, будучыя спецыялісты з сярэдняй адукацыяй... Прыедзем у якую вёску з чамаданамі: «Добры дзень вам. Мы Сцепановічы... А нам так адразу — кватэру, работу па спецыяльнасці»
Читать дальше