Апёкся? — паспачуваў я.
А ну яе!.. Святошу з сябе выстаўляе, чалавечых жартаў не разумее!.. Дай закурыць, братка!
Справы дрэнь, калі ты ўжо нават забыўся, што я не куру!
«Аднак — баявая!» — першы раз звярнуў я ўвагу на характар дзяўчыны і адчуў да яе пашану.
3
Напад на Крупкі мы не прадумалі. Каб разграміць такі гарнізон, неабходны добрая сувязь, зладжанасць груп і гарматы. А гэтага ў 1942 годзе мы не мелі і за ўсё плацілі крывёй.
Ужо з гадзіну вялі мы рэдкі агонь па доце-бункеры, як яго ў нас называлі. Гэта быў высокі вал, за ім — жылы барак. Над валам віднеўся дах, а ў насыпе чарнелі амбразуры, з якіх пырскалі злосныя агеньчыкі. Ад куль вакол нас ажно разляталася зямля — мы ціснуліся ў мокрыя барозны.
Мая група павінна была адцягваць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці, хаваючыся за будынкамі, наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Адным словам, мы выконвалі ролю жывых мішэняў, загадзя ахвяраваных, абы толькі ўдалася аперацыя.
Ляжалі мы ў барознах сярод аслізлых колікаў, што засталіся ад агарожы, і леташніх бадылёў. Каб не даць праціўніку прыцэліцца, барозны мы часта мянялі. Не краталася са свайго месца толькі Зіна. Мо ранена?.. Мы з Казаком падпаўзлі бліжэй.
Чаго не пераходзіш у іншае месца?! — закрычаў я, убачыўшы, што дзяўчына заядла лупіць з вінтоўкі ў паліцаяў.
Лужыну нагрэла! — заўважыў Колька.
Ну і нагрэла, шкадую пакідаць! Не перашкаджайце!..
Паміж бункерам і намі стаяў мураваны дом. У ім заселі паліцаі з ручным кулямётам. Потым на такую службу немцы бралі і крывых і сляпых. У крупкінскі гарнізон яны паступілі па першаму набору. Усе мелі не ніжэй ста сямідзесяці шасці сантыметраў вышыні, былі дужыя, добра абучаныя — небяспечныя і смяротныя ворагі, з якімі справіцца было нялёгка.
Раптам з мураванкі перасталі страляць, відаць, скончыліся патроны. З бункера туды папаўзлі дзве жонкі паліцаяў. Яны валаклі торбы з дыскамі.
Куды прэце, сцервы! — раззлавалася дзяўчына і, пакуль мы агледзеліся, папаўзла наперад.
Зіна, пачакай! — закрычаў я.
Яна не паслухалася.
От баба дурная! — вылаяўся Колька і падаўся за ёю.
Ад бункера іх прыкрывалі сцены мураванкі, а паліцаі ўсё не стралялі. Колька з Зінай паўзлі па адкрытым месцы. Каб падтрымаць іх хоць як-небудзь, я не даваў магчымасці падняць галавы жонкам паліцаяў, выпускаючы раз-пораз кароткія чэргі.
Перад домам Колька прыпадняўся і адвёў назад руку, каб шпурнуць гранату ў пустое акно, але з глыбіні будынка раптам секанула чарга. Я выразна ўбачыў, як адначасова з гэтай чаргой на шырокіх плячах партызана выскачыў радочак з кавалачкаў кажуха: апошнімі патронамі паліцаі прашылі Казака навылет. Хлапец мякка асунуўся на мокры чарназём паміж леташніх пнёў капусты.
Коля! Казак! — ускрыкнула Зіна і пацягнула партызана за бот, але хлапец ужо не варушыўся.
Яна схапіла яго гранату, праверыла ўзрывальнік, кінула яе праз акно і стаілася за сцяной. Пасля выбуху адважна палезла на падаконнік.
Я паклікаў хлопцаў і таксама пабег да будынка. Там была добрая пазіцыя: моцныя сцены, а з даху можна было заглянуць за вал.
Калі мы забеглі ў будынак, Зіна праз задняе акно ўжо пастраляла паліцыянтавых жонак.
4
Аднак цешыцца «мясцовай перамогай» давялося нядоўга.
Партызаны, якія меліся перад атакай перарэзаць тэлефонную лінію з Крупак, не выканалі ў час задання. I гарнізон паведаміў суседзям пра небяспеку.
Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення.
Трэба было хутчэй дабрацца да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Мы зняліся з пазіцыі і пабеглі, хаваючыся за ўзгоркамі.
Але і гарнізон не драмаў. Пад прыкрыццём станкавых кулямётаў і дробнакалібернай гарматкі высыпалі з бункера немцы з паліцаямі. Браневікі пачалі разварочвацца на гасцінцы і заходзіць нам напе-рарэз.
I, як заўсёды ў такіх выпадках, бяда не прыходзіць адна.
У нас быў з сабой мінамёт з чатырма мінамі. Тры мы выпусцілі па гаршзоне ў час наступлення, чацвёртай нямецкая разрыўная куля трапіла ў стабілізатар.
Камандаваў намі капітан Фамін. У нашых лясах ён быў з першых дзён вайны: трапіў у акружэнне са сваім эскадронам. Гэты велізарнага росту адважны сібірак гаварыў нізкім густым басам такой сілы, што мы часта смяяліся:
З яго голасам толькі на плошчы стаяць замест радыёрупара!
Убачыўшы, як фашысты высыпалі з бункера, Фамін грымнуў:
Читать дальше