Варта, згледзеўшы яго, наструнілася. Дык што рабіць? Павярнуць назад? Не. Адбіцца сілай? Паспрабуй адуж трох бугаёў! Даць драла? A ці ўцячэш, калі пабольвае ўсё яшчэ нага?
Па тым, як падаўся наперад афіцэр, Фрунзе зразумеў: хоча запыніць. Дык мільгнула думка: трэба збянтэжыць, збіць з тропу! Тут жа ён перайшоў на страявы крок i падрыхтаваў руку для казырання — афіцэр i яго падначаленыя выцягнуліся, казырнулі i, праводзячы яго позіркам, стаялі ў здранцвенні. Рашучасць, афіцэрская форма зрабілі сваё. Ён жа, ужо i не спрабуючы ні здалёку, ні зблізку азіраць губернатарскі дом, павярнуў на Праабражэнскую, падаўся на блізкую Юр'еўскую, да вядомага ў Мінску рэстарана «Акварыум», а таксама тэатра-вар'етэ — туды, дзе павінен быць збор той баявой дзесяткі, з якой ён меўся арыштаваць губернатара.
На месцы сустрэчы яшчэ нікога не было. Фрунзе пачаў праходжвацца каля пахкага смажанінай, булачкамі ды кавай рэстарана, часцей i глыбей, чым трэба, удыхаючы i выдыхваючы з сябе паветра — супакойваў сэрца, што затрапяталася звыш меры. Раз-пораз пазіраў на гадзіннік: хвілінная стрэлка рухалася, здаецца, вельмі ж марудна. Нібы баялася прыспешваць i ноч, i новыя падзеі.
Ды горад уцемніваўся i суцішваўся. Зліваліся ў адно суцэльнае дамы, дрэвы, ярчэлі ліхтары ў цэнтры горада, i падсвечвалася, жаўцела неба ад ix; усё радзей чуліся аўтамабільныя сірэны, тарахценні фурманак, гучна, праз увесь горад, нёсся посвіст паравоза ад вакзала. А пасля ўсё мігам замерла, нібы горад нехта магутны пакрыў велізарнаю коўдраю.
У нечаканай цішыні Фрунзе пачуў таропкія крокі — ад Ніжняга рынку. Неўзабаве ўбачыў, а пасля i пазнаў чалавека: Пятрусь Супраневіч — невысокі, але каржакаваты, смелы дружыннік.
Фрунзе падаў яму руку, запытаў:
— Без прыгод, зямляк, дайшоў?
Земляком называў яго таму, што летась кватараваў зусім паблізу Петрусёвых родных Янкавін — у Івянцы.
— Ага,— коратка адказаў той.
— Хвалюешся? — усміхнуўся Фрунзе i, не пачуўшы адказу, падбадзёрыў: — Не трэба. Няхай трасуцца іншыя, уладныя. Ім ёсць што траціць, а нам — няма чаго. Так?
— Ну,— буркнуў той.
Хутка падышлі i іншыя — старшы дзесяткі Клёнаў, Ёська, Гердт, Шломскі, яшчэ пяць малазнаёмых чалавек.
Здаецца, усе ўзбуджаныя. Хоць не ведалі, дзеля чаго ix цяпер прывялі сюды, але адчувалі, што чакае штосьці сур'ёзнае.
— Хлопцы,— сказаў Фрунзе, хочучы i расказаць ім пра ўсё, i заадно супакоіць.— Вось i настала хвіліна паказаць нашу баявую сілу, наш спрыт... Сёння апублікавана дэкларацыя Часовага ўрада. У ёй ёсць пункт i пра паліцыю. Яна ліквідоўваецца, а замест яе будзе народная міліцыя... Я толькі што са сходу служачых аддзелаў i пададдзелаў Франтавога камітэта Усерасійскага земства. Там мы пагаварылі i пра гэта — пра новую міліцыю. Некаторыя таварышы асцерагаюцца, што Часовы ўрад, верныя яму новыя нашы гарадскі i губеранскі органы могуць захаваць стары ахоўны апарат, толькі яго крыху, так сказаць, пераапрануць у новую вопратку. На сходзе мы рашылі: пакуль сёння сфармуецца тут новая мясцовая ўлада, мы сваёй сілаю раззброім, разгонім паліцыю, жандармерыю i ахранку, будзем самі ахоўваць лад у горадзе.
Усе маўчалі, прагна слухалі яго. Здаецца, ва ўсіх, надта ў маладзейшых, аж перахоплівалася дыханне ад таго, пра што ён гаварыў.
— Вашу дзесятку я сам павяду ў бой...— дадаў ён.— Мы павінны рабіць усё рашуча і... ціха! Hiякай мітусні, ні аднаго стрэлу! Ясна?
— Ясна, таварыш Міхайлаў,— адказаў за ўсіх Клёнаў.— Хлопцы гатовыя з вамі ісці i ў агонь, i ў ваду.
— Тады гайда раззбройваць гарадавых каля гасцініцы «Еўропа» i арыштоўваць губернатара,— прамовіў Фрунзе, тут жа дастаў з кішэні i падаў кожнаму па чырвонай павязцы, каб завязалі адзін аднаму на левую руку — дзеля знаку, хто ў горадзе таварыш па іхніх дружынах.
Бачачы, што ўсе пачынаюць супакойвацца, а той-сёй нават жартуе, Фрунзе махнуў рукой:
— За мной, байцы!
Рушылі да гасцініцы «Еўропа». Пачуўшы крокі, а пасля i ўгледзеўшы іхні гурт, зноў насцярожыліся гарадавыя, надта афіцэр. Ён асвяціў ліхтаром ix і, здаецца, аж еў вачыма іхнія чорныя паліто ды курткі, чырвоныя павязкі.
Афіцэр, пажылаваты, прысадзісты, вусаты, выйшаў наперад, падняў руку — маўляў, стой! Хто ідзе?
Фрунзе махнуў рукою — з-за спіны вымкнуліся Клёнаў, Пятрусь, схапілі афіцэравы рукі i заламалі ix за спіну.
Афіцэр, угнуўшыся, заенчыў ад болю, а пасля абурыўся:
— Адпусціце! Неадкладна! Я не пацярплю...
— Паны гарадавыя,— пазіраючы ўжо на двух маладых разгубленых гарадавых, сказаў Фрунзе,— мы ліквідоўваем паліцыю. Вас i вашых паслуг больш не трэба. Цяпер за ладам у горадзе будзем сачыць мы, земскія служачыя. Прашу здаць зброю.
Читать дальше